Манн Клаус
Шрифт:
— Вы сабатуеце, — крычаў ён на яе. — Думаеце, я не ведаю чаму? Магчыма, партыйныя сябры гера Мікласа далі вам такое заданне! Але мы пакладзём гэтаму канец, знойдзем на вас управу, дамо рады і вамі, і вашаму спадару Мікласу, і вашаму чыстаплюю геру Кнуру і ўсёй вашай выклятай хэўры, гэта ўжо паверце мне на слова!
І Эфой не дапамаглі ні горкія слёзы, ні божбы, што ні ў чым такім яна не вінаватая.
Пасля гэтай рэпетыцыі, якая пакінула ва ўсіх самыя непрыемныя ўспаміны, Гёфгена паклалі ў пасцель з жаўтухай. Два тыдні ён не паяўляўся ў тэатры. Ульрыхс, Банэці і Ганс Міклас падзялілі паміж сабою ягоныя ролі. Пасля выздараўлення ён паявіўся, слабы, змораны, і яго брыліянтавыя вочы пацьмянелі і пажаўцелі. Адкрыццё рэвалюцыйнага тэатра адклалі на няпэўны час: урач катэгарычна забараніў Гендрыку Гёфгену браць на сябе якую б там ні было нагрузку, акрамя бягучай і неадкладнай.
Прынамсі, для аднаго члена трупы Мастацкага тэатра такое развіццё падзей было ў радасць: Ганс Міклас ззяў, трыумфаваў. Ён жа з самага пачатку ведаў, што ўся гэтая гісторыя з так званым рэвалюцыйным тэатрам была чыстая хімера — пра гэта ён заявіў уголас у "Г. М.", і дакорлівыя позіркі фраў фон Гэрцфэльд не маглі ўтрымаць яго ад шматразовага паўтору гэтых слоў. Яго ўпарцісты твар, здавалася, прасвятліўся ад той прыемнасці, якую ён атрымаў ад фіяска рэвалюцыйнага тэатра. Цэлы дзень ён быў у гуморы, насвістваў і спяваў, чорныя ўпадзіны на шчоках прапалі, ён перастаў кашляць і нават частаваў Эфой гарэлкай. Такога яшчэ ні разу не здаралася, і добрая жанчына сказала:
— Хлопча, хлопча, сёння ты зусім спанталычыўся.
Вядома, прыемны інцыдэнт мог палепшыць настрой юнаму Мікласу толькі мімалётна, ненадоўга. Ужо на другі дзень твар яго зноў зрабіўся злосным і замкнёным, зноў пазначыліся ўпадзіны на шчоках, кашаль зноў выклікаў трывогу.
"Як ён усіх нас ненавідзіць, — думала Барбара, назіраючы за ім. Яе не пакідала абыякавай змрочная абаяльнасць нявыхаванага юнака. Густая, непаслухмяная чупрына над светлым лобам, цёмныя кругі вакол задзірыстых вачэй і ўпарты, хваравіта-яркі рот былі ёй мілейшыя за стомленую мітусню на твары ў прыгожага Банэці. У вузкай, статнай постаці маладога Мікласа — у гэтым натрэніраваным, гнуткім і славалюбнм целе — было нешта такое, што кранала Барбару. Таму яна часам спрабавала ўцягнуць яго ў размову. Спачатку ён адказваў жонцы ненавіснага яму начальніка азлобленым недаверам. Але спакваля Барбары ўдалося заваяваць яго прыхільнасць. Часам яна запрашала яго на куфаль піва і бутэрброд у "Г. М." — такія праявы ўвагі Ганс Міклас умеў цаніць. І калі Барбара злавалася на Гендрыка, ёй было асабліва прыемна забаўляць гутаркай гэтага злоснага хлапчука.
— А ці не хацелася б вам правесці са мною вечар з'едлівасці? — прапаноўвала яна тады.
І ён адразу згаджаўся. Ён заўсёды згаджаўся на "вечары з'едлівасці", асабліва калі яго частавалі півам і мясам.
З цікаўнасцю, да якое дамешвалася немалая доля жаху, слухала Барбара Мікласа, які расказваў, як ён любіў і ненавідзеў. Ніколі яна не сядзела за адным сталом з чалавекам, які трымаўся б такіх думак і поглядаў, якія гэты хлопчык адстойваў з такім фанатызмам. Ёй было ясна, што ён пагарджаў усім тым, ненавідзеў усё тое, што ёй самой, яе бацьку і яе сябрам было дарагое, без чаго яны не маглі жыць. Што ён меў на ўвазе, калі з такім шалам нападаў на "пракляты лібералізм" альбо высмейваў "пэўныя жыдоўскія і зжыдзелыя колы", якія, на яго думку, разбурылі нямецкую культуру? "Так, ён мае на ўвазе ўсё тое, што я заўсёды любіла, у што заўсёды верыла, — думала Барбара. — Ён мае на ўвазе свабоду, калі гаворыць пра "жыдоўскую свалату"". І яна спалохалася да глыбіні душы. Тым не меней цікаўнасць прымусіла яе не спыняць размовы, якая, на яе думку, насіла проста неверагоны характар. Ёй здавалася, што з цывілізаванага свету, у якім яна прывыкла жыць, яна пераносіцца ў зусім іншы, чужы і дзікі. Чым натхнялася такая загадкавая істота, як Ганс Міклас? Якія ідэі і ідэалы распальвалі яго разбуральны пал? Ён марыў пра "свабодную ад яўрэяў" нямецкую культуру, і Барбара здзіўлена ківала галавой. Калі ж яе дзіўны субяседнік пачаў тлумачыць ёй, што "ганебны Версальскі дагавор павінен быць разарваны", а германская нацыя павінна зноў стаць "абароназдольнай", вочы ў яго блішчалі, і лоб яго, здавалася, таксама прамяніўся.
— Наш фюрэр верне народу гонар! — усклікаў ён. І голас яго гучаў сіпла. Ён пераможна ўстрасаў чупрынай. — Мы не можам далей цярпець ганьбу рэспублікі, якою пагарджае ўвесь свет. Мы хочам вярнуць наш гонар — гэтага патрабуе кожны сумленны немец, а сумленныя немцы ёсць усюды, нават тут, нават у гэтым бальшавіцкім тэатры. Вы паслухалі б, як гаворыць гер Кнур, калі можа не баяцца, што яго падслухоўваюць. Ён трох сыноў страціў на вайне, але ён кажа, што гэта не так страшна, куды страшней, што Германія страціла свой гонар, — і яго верне нам наш фюрэр — толькі фюрэр!
Барбара думала: чаму яго так хвалюе нямецкі гонар? І што ён разумее пад гэтым туманным паняццем? Няўжо яму сапраўды так трэба, каб Германія зноў мела танкі і падводныя лодкі? Лепей паклапаціўся б, як яму пазбыцца гэтага страшнага кашлю, як заваяваць поспех у прыстойнай ролі і зарабляць больш, каб кожны дзень наядацца ўнасыць? Яўна ён недаядае і занадта многа трэніруецца, ён зусім змардаваны. Яна спыталася ў яго, ці не хоча ён яшчэ хлеба з шынкай. А ён захоплена вёў сваё:
— Прыйдзе дзень! І наш рух пераможа!
Такую натхнёную ўпэўненасць Барбара зусім нядаўна чула з вyснаў другога — з вуcнаў Ота Ульрыхса. Пярэчыць яму яна не адважвалася — яе моцна ўразіла яго палкая вера ў чалавечы розум. Але Гансу Мікласу яна сказала:
— Калі Германія на самай справе калі-небудзь стане такою, пра якую марыце вы і вашыя сябры, мне такая Германія не патрэбна. Я пакіну яе,— заявіла Барбара і ўсміхнулася Мікласу задуменна, але не варожа.
Ён засвяціўся:
— Я ў гэта веру! Вельмі многія з'едуць, калі толькі мы іх выпусцім, а не засадзім у турмы! Тады мы будзем гаспадарамі! Тады нарэшце ў Германіі зноў возьмуць слова немцы!
Ускyдлачанымі валасамі і разгарачанымі вачыма ён быў падобны на радаснага шаснаццацігадовага хлопчыка — Барбара не магла не прызнацца сабе, што ён ёй падабаецца, хоць кожнае сказанае ім слова было ёй чужое і варожае. Красамоўна, блытаючыся, але з неаслабным напорам ён паўтараў ёй, што ідэал, за які ён змагаецца, у самым глыбокім сэнсе слова рэвалюцыйны ідэал.
— Калі настане дзень і наш фюрэр возьме ўладу ў свае рукі, тады настане канец капіталізму і панаванню бюракратаў, з ліхвярствам будзе пакончана, лопнуць банкі і біржы, якія смокчуць кроў з народа, — і ніхто па іх плакаць не будзе!