Вход/Регистрация
Мэфіста. Раман аб адной кар'еры
вернуться

Манн Клаус

Шрифт:

"Адкуль гэта ў яго? — думала Барбара. — І што ён цяпер адчувае? І ці адчувае што-небудзь наогул? Альбо проста дэманструе дзяўчатам, як трэба падкідаць ногі?"

Тут шалёныя практыкаванні Гендрыка былі спынены. Малады чалавек з канцылярыі асцярожна прайшоў па партэры і падняўся на сцэну. Ён мякка дакрануўся да пляча натхнёнага рэжысёра і шапнуў, што гер Гёфген павінен прабачыць за турботу, але дырэктар Шміц просіць гера Гёфгена паглядзець эскіз афішы да прэм'еры аперэты, яго трэба неадкладна адправіць у друкарню. Гендрык даў знак музыцы спыніцца, ён ужо стаяў у вольнай позе, уставіў у вока манокль: ніхто б веры не даў, што гэты гер, які крытычным вокам азіраў нейкую паперыну, дзве хвіліны таму назад тросся ў дыянісійскім трансе. Але раптам ён згамтаў паперу і крыкнуў незадаволеным, рыпучым голасам:

— Усё трэба перабраць нанава! Нечувана! Зноў імя перакруцілі! Няўжо нельга дабіцца, каб мяне называлі правільна? Я вам не Генрык!

І раз'юшана шпурнуў паперу на падлогу.

— Мяне завуць Гендрык, запомніце нарэшце: Гендрык Гёфген!

Малады чалавек з канцылярыі ўнурыў галаву і прамармытаў нешта наконт новага наборшчыка, праз неабазнанасць якога і атрымалася недаравальная памылка. Дзяўчаты нішчачкам захіхікалі, быццам пяшчотна зазвінелі званочкі. Гендрык выцягнуўся на ўвесь рост, і срабрысты перазвон адразу аціх пад яго грозным позіркам.

VІ

"Немагчыма апісаць..."

Гендрык Гёфген пакутаваў, чытаючы ў "Г. М.." берлінскія газеты; сэрца сціскалася і шчымела ад зайздрасці і рэўнасці. Трыумфальны поспех Марцін! Новая пастаноўка "Гамлета" ў Дзяржаўным тэатры, сенсацыйная літаратурная прэм'ера ў тэатры на Шыфбаўэрдам... А ён сядзіць у правінцыі! Сталіца абышлася без яго! Кінастудыям, буйным тэатрам ён не патрэбен. Яго не паклікалі. Ягонага імя ў Берліне не ведалі. А калі аднаго разу яго ўзгадаў гамбургскі карэспандэнт берлінскай газеты, дык і тое пераблытаўшы: "У ролі хітрага зладзея запомніўся нейкі Генрык Гопфген..." Нейкі Генрык Гопфген! Проста рукі апускаліся, галава нурылася. Прага славы — вялікай, сапраўднай славы, славы сталічнай — грызла яго, як фізічны боль. Гендрык трымаўся за шчаку, быццам у яго зуб балеў.

— Быць першым у Гамбургу — от жа вялікая мне штyка! — жаліўся ён фраў фон Гэрцфэльд, якая заклапочана распытвалася, чаго ён так блага выглядае, і спрабавала супакоіць яго разумнай ліслівасцю.

— Быць любімцам правінцыйнай публікі — вялікае вам дзякуй. Лепей ужо пачаць усё нанава, але ў Берліне, чым валтyзіцца тут у правінцыйнай мітусні.

Фраў фон Гэрцфэльд спалохалася.

— Не, вы не з'едзеце, Гендрык?

І яна дакорліва акрyгліла залаціста-карыя, мяккія вочы, і вялікі, пяшчотны, пушыста напудраны твар сцепнуўся.

— Яшчэ нічога не вырашана. — Гендрык строга паглядзеў міма фраў фон Гэрцфэльд і нерова перасмыкнуў плячмі. — Спачатку з'езджу на гастролі ў Вену.

Ён сказаў гэата нядбала, як бы мімаходзь, быццам пра факт, які даўным-даўно вядомы Гедзе. А між тым яна, як і Кроге, Ульрыхс ды і Барбара нават і не падазравалі, што Гендрык збіраецца на гастролі ў Вену.

— Мяне запрасіў Прафесар, — сказаў ён і пачаў праціраць манокль шаўковай хусцінкай. — Вельмі мілая роля. Калі шчыра, дык спачатку я хацеў адмовіцца, бо сезон дужа няўдалы выдаўся: ну, хто цяпер будзе ў Вене, у чэрвені месяцы? Але ўрэшце я такі згадзіўся. Бо і як тут скажаш наперад, да чаго прывядуць гастролі ў Прафесара... Дарэчы, партнёркай у мяне будзе Марцін, — дадаў ён яшчэ, устаўляючы ў вока манокль.

Прафесар быў рэжысёр і тэатральны кіраўнік, чалавек легендарнай славы, нечyванага сусветнага аўтарытэту, кіраўнік многіх тэатраў у Берліне і Вене. І насамрэч яго сакратарыят прапанаваў актору Гёфгену сярэднюю ролю ў старым аўстрыйскім фарсе, які Прафесар надумаў паставіць летам у адным сваім венскім тэатры з удзелам Доры Марцін. Але запрашэнне прыйшло не нянаджана-нечакана. Не, Гёфген знайшоў заступніка ў асобе драматурга Тэафіла Мардэра. Гэты, праўда, быў у страшэнным канфлікце з Прафесарам, як і з усім астатнім чалавецтвам. Але славуты рэжысёр захаваў да сатырыка, чые п'есы ён раней з такім поспехам ставіў, прыхільнасць і пашану, змешаную з іроніяй. Сталася так, што Мардэр раздражнёным і пагрозлівым тонам расхвальваў тэатральным дырэкцыям маладую даму, якой цікавіўся. Але амаль ніколі не здаралася, каб ён хадайнічаў за мужчыну. Таму пахвальныя словы, знойдзеныя ім для Гёфгена, не маглі не зрабіць уражання на Прафесара, мала што былі прыперчаныя знявагамі ў яго адрас. "У тэатры вы амаль гэтак жа мала петрыце, як і ў літаратуры, — пісаў Тэафіл усемагутнаму. — Прадказваю вам, што кончыце вы дырэктарам блышынага цырка дзе-небудзь у Аргентыне, папомніце маё слова, гер Доктар, калі гэта станецца. Але казачнае шчасце, якога я чакаю ад жыцця з маладой, адданай мне да мозгу касцей жонкай, схіляе мяне да паблажлівасці, і я гатовы мякка паставіцца нават да вас, хоць вы ўжо каторы год падрад ці тое з глупства ці з нікчэмных меркаванняў байкатуеце мае геніяльныя п'есы. Вы ведаеце, што ў наш жалю варты час толькі ў мяне аднаго захавалася беспамылковае адчуванне сапраўднай мастацкасці. Мая велікадушнасць сягае так далёка, што я гатовы ўзбагаціць мізэрны ансамблік вашага, як я і прадбачыў, стратнага балагана новай фігурай, якой нельга адмовіць у пэўных арыгінальных рысах. Артыст Гендрык Гёфген заслужыў прызнанне ў маёй класічнай камедыі "Кнорке". Несумненна, Гендрык Гёфген вартасны больш за ўсіх вашых іншых камедыянтаў — праўда, для гэтага многага і не трэба".

Прафесар аж качаўся ад рогатy. Але потым на некалькі хвілін задумаўся. Пацмокаў языком. Нарэшце патэлефанаваў сваёй сакратарцы і сказаў ёй звязацца з Гёфгенам.

— Што ж, можна паспрабаваць, — сказаў Прафесар рыпучым голасам, расцягваючы словы.

Нікому, нават Барбары, Гендрык не прызнаўся, што мілымі запросінамі Прафесара ён абавязаны Тэафілу; ніхто не ведаў, што ў яго засталіся сувязі з мужам Нікалеты. Гендрык рыхтаваўся да так хітра здабытых венскіх гастроляў з высакамернай нядбаласцю.

— Трэба пад'ехаць у Вену, на гастролі да Прафесара, — сказаў ён як бы між іншым.

Ён усміхнуўся сваёй сцярвознай усмешкай і заказаў у найлепшага краўца летні гарнітур. Напазычана было шмат — у консуліхі Мёкенбэрг, у таты Ганзэмана, у бакалеі і віннай лаўцы, — тамy чатырыста марак краўцу ўжо нічога не мянялі.

Раптоўны ад'езд Гендрыка пакінуў ашаламленне на тварах грамадзян добрага горада Гамбурга, дзе ягоны шарм заваяваў так шмат сэрцаў. Але магчыма, яшчэ больш, чым дамы Зіберт і Гэрцфэльд, азадачаны быў дырэктар Шміц, бо Гёфген з дапамогай мноства какетлівых выкрунтасаў адмовіўся прадоўжыць кантракт з Мастацкім тэатрам на наступны сезон. Ружовы твар Шміца пажаўцеў і выявіў раптам тоўстыя мяшкі пад вачыма, калі Гендрык жорстка, як толькі гэта дапускаецца пры какецтве, упарта паўтараў:

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: