Манн Клаус
Шрифт:
— Ах, ты толькі і ўмееш, што балбатаць і хлусіць, — па-мацярынску ўсміхнулася яна. — Але ж і гаўно ты, даражэнькі, што і не бачыла такога.
Каб прымусіць яго замоўкнуць, яна паклала абедзве рукі яму на твар. Шырокія бранзалеты звінелі ў яго каля падбародка. На яго шчоках пакоіліся яе светлыя далонькі. Нарэшце ён змоўк, ямчэй уладзіўся на падушцы, нібы хацеў заснуць. І зноў, як бы шукаючы ратунку, абняў рукамі чорную дзяўчыну.
Яна ціха ляжала ў ягоных абдымках, пакінуўшы рукі на яго твары, быццам дзеля таго, каб прыхаваць ад яго сваю далікатна-пагардлівую ўсмешку.
ІІІ
"Кнорке"
Сезон быў у поўным разгары, неблагі сезон для Гамбургскага мастацкага тэатра. Оскар Х. Кроге не меў ні каліва рацыі, кажучы, што тысяча марак у месяц Гёфгену — пераплата. Без гэтага актора і рэжысёра тэатр аніяк не мог бы абысціся; ён цягнуў на сабе няма ладy колькі ўсяго, быў нястомны і вынаходлівы. Ён іграў усё: ролі маладых і старых; не толькі Міклас меў прычыны зайздросціць яму, але і Петэрсэн, і нават Ота Ульрыхс; але гэты быў заняты больш важнымі рэчамі і не дужа сур'ёзна прымаў тэатральную буднасць. Гёфген заваяваў дзіцячыя сэрцы як дасціпны і прыгожы прынц на паказах каляднай казкі; дамы лічылі яго забойным у французскіх лёгка-гутарковых п'есах і камедыях Оскара Уайльда; літаратурная гамбургская публіка дыспутавала пра яго поспех у "Вясновым абуджэнні", пра ролю адваката ў стрынбергаўскіх "Мроях", ролю Леанса ў бюхнераўскім "Леанс і Лена". Ён умеў быць элегантным, але і трагічным. У яго была сцярвозная ўсмешка, але ж і пакутніцкая складка над скронямі. Ён зачароўваў іскрыстай дасціпнасцю, ён імпанаваў уладарна паднятым падбародкам, рэзкім камандным тонам і ганарыста-нервовым жэстам; ён кранаў сваім пакорлівым, бездапаможна блукаючым позіркам, пяшчотнай, незямной разгубленасцю. Ён быў дабрадушны і подлы, пыхлівы і пяшчотны, агрэсіўны і прыгнечаны — рыхтык, як таго вымагаў рэпертуар. У шылераўскім "Падступстве і каханні" ён іграў папераменна то маёра Фердынанда, то сакратара Вурма — экзальтаванага палюбоўніка і гнюснага інтрыгана, — пры тым, яму не было ніякай патрэбы так какетліва падкрэсліваць сваю здольнасць да пераўвасаблення, у ёй і без таго ніхто не сумняваўся. Раніцай да абедy рэпетыравалі "Гамлета", а папалудні фарс "Міцэ ўмее ўсё". Прэм'ера фарса адбылася пад Каляды і мела вялікі поспех; Шміц мог радавацца; а з прычыны "Гамлета" разбушаваўся Кроге, які ўжо на генеральнай рэпетыцыі хацеў забараніць прэм'еру.
— Я не пацярплю ў сваім доме такога свінства! — абураўся стары паборца інтэлектуальнага тэатра. — "Гамлета" не ставяць так між іншым, як дзяжурны спектаклік! Гэта — "Гамлет"!
Але Гёфген даў рады і Гамлетy. Ён вельмі ўражваў чорным, зашпіленым на ўсе гузікі касцюмам, загадкавай касавурасцю і бледным, пакутніцкім тварам, і раніцай гамбургская прэса ў адзін голас пісала, што гэтая роля — вельмі цікавае дасягненне, хай, можа, і не дасканала адшліфаваная, хай крыху недапрацаваная, хай многае ў ёй трымаецца на імправізацыі, затое колькі ў ёй душаўгрызлівых момантаў. Ангеліцы Зіберт далі Афелію, і на кожнай рэпетыцыі яна ўся літаральна прамакала ад слёз; ад гэтых слёз на прэм'еры яна ледзьве на нагах стаяла. Зрэшты, некаторыя знаўцы лічылі, што ў гэтым сумніўным спектаклі яна была самая лепшая.
Гёфген працаваў па шаснаццаць гадзін у суткі, і кожны тыдзень у яго быў сама мала адзін нервовы зрыў. Крызісы кожнага разу былі вельмі моцныя і прымалі самыя розныя формы. Аднаго разу Гёфген упаў на падлогу і моўчкі калаціўся ў прыпадку. Другога разу ён заставаўся на нагах, але крычаў дзікім голасам хвілін пяць бесперастанку. А яшчэ аднаго разу на рэпетыцыі раптам, на страх усім, прамармытаў, што не можа расціснуць сківіцы, што ў яго курчы, што можа толькі мармытаць. Перад вечаровым паказам спектакля, у грымёрнай, ён прымусіў Бёка, які ўсё яшчэ не атрымаў сваіх сямі з палавінаю марак, масірваць яму ніжнюю палавіну твару, стагнаў і нешта трызніў са сціснутымі зубамі. А праз чвэрць гадзіны ўжо быў на сцэне, артыкуляцыя была бездакорна свабодная, як ніколі, ён быў спрытны, прамяніўся і меў поспех.
Таго дня, як яго выхлястала прынцэса Тэбаб, ён плакаў, крычаў і тузаўся адначасова — гэта быў жахлівы прыстyп. Усе акторы спалохана абступілі яго, чаго толькі ўжо не пабачылі яны ў жыцці — нарэшце фраў фон Гэрцфэльд абліла шаляніцу вадой. Джульета, шчыра кажучы, рэдка калі давала свайму сябру повад на такую роспач, звычайна яна з'яўлялася ў ягонай кватэры ў дакладна вызначаны час і рабіла менавіта тое, чаго ён ад яе чакаў. Паздаравелы, пасвяжэлы, яшчэ больш вынаходлівы, яшчэ больш уладарны, вынослівы, цягавіты, ён расставаўся са сваёй каханай. Ён казаў Джульеце, што кахае яе, што сэнс яго жыцця ў ёй. Часам і сам верыў у тое, што казаў. Ці ж не развітваўся ён ля ног сваёй Чорнай Венеры са сваёй ганарыстасцю, хіба не таптаў перд ёю сваю фанабэрыю? Ці ж гэта не каханне? Бывала, ён ноччу задумваўся над гэтым, вяртаючыся з "Г. М.". Тады казаў сабе: так, так, я кахаю яе, гэта ясна. І чуў у сабе глыбінны голас: навошта ты сам сябе ашукваеш? Але яму ўдавалася заглушыць гэты голас. А самы глыбокі голас маўчаў. І Гендрык верыў, што ён здольны на каханне.
Маленькая Ангеліка пакутавала, Гёфгену гэта мала абыходзіла. Фраў фон Гэрцфэльд пакутавала, а ён карміў яе інтэлектуальнымі размовамі. Рольф Банэці пакутаваў па маленькай Ангеліцы, недаступнай яму, нягледзячы на яго самыя палкія залёты, і малады, прыгожы залётнік мусіў суцяшацца Рахэлью Морэнвіц, што ён рабіў супроць сваёй волі, з агідай, і маска грэблівасці не сыходзіла з яго твару. Ганс Міклас ненавідзеў, ён галадаў, калі Эфой не карміла яго бутэрбродамі, разам са сваімі палітычнымі аднадумцамі лаяў марксістаў, бэсціў яўрэяў і яўрэйскіх падсёрбачаў; упарта трэніраваўся, іграў другарадныя ролі, а пад скулякамі залеглі яшчэ больш чорныя цені.
Са сваімі палітычнымі аднадумцамі ці мала часу бавіў і Ота Ульрыхс. Менавіта перад імі яму было непрыемна, што адкрыццё рэвалюцыйнага тэатра ўвесь час адкладвалася. Штотыдня Гёфген прыдумваў новую адчэпку. Часта пасля рэпетыцыі Ульрыхс адводзіў сябра ўбок і літаральна ўмольваў:
— Гендрык! Калі ж мы пачнём?
У адказ Гендрык палка і натхнёна гаварыў пра заняпад капіталізму, пра тэатр як прыладу палітыкі, пра неабходнасць моцнага, вострага мастацка-палітычнага ўздзеяння тэатра на масы і пад канец абяцаў адразу ж пасля прэм'еры "Міцэ ўмее ўсё" пачаць рэпетыцыі для рэвалюцыйнага тэатра.
Але вось прайшла дужа настраёвая калядная прэм'ера, прайшлі іншыя прэм'еры, сезон ўжо блізіўся да канца, амаль ужо канчаўся, а рэвалюцыйны тэатр існаваў толькі на шыкарнай паперы, на якой Гёфген вёў перапіску, урачыстую і вельмі шырокую, са славутымі аўтарамі сацыялістычнага толку. І вось аднаго разу, калі Ота Ульрыхс зноў учапіўся ў яго са сваімі ўгаворамі, Гендрык адказаў яму, што ў гэтым сезоне, на яго вялікі жаль, з прычын проста фатальных ужо нічога не выйдзе: на жаль, давядзецца патрываць да восені. Твар Ульрыхса адразу азмрочыўся. Але Гендрык паклаў руку на плячо сябра і аднадумца і загаварыў тым неадольным для супраціву голасам, які спярша спяваў, трымцеў, а потым мацнеў і звінеў меддзю, бо Гёфген бічаваў маральны распад буржуазіі і славіў міжнародную салідарнасць пралетарыяту. Ульрыхс здаўся.