Вход/Регистрация
Мэфіста. Раман аб адной кар'еры
вернуться

Манн Клаус

Шрифт:

За столікам не рухаліся; здавалася, яны глядзяць праз Гендрыка Гёфгена, як праз паветра. Яны сядзелі застылыя, быццам ад невыноснага болю, пакуль Гендрык спяшаўся прэч дробнымі цвёрдымі крокамі, як чалавек, які ўцякае ад небяспекі і стараецца схаваць свой страх.

Пасля першай рэпетыцыі Лота Ліндэнталь сказала Гёфгену:

— Проста бяда, што генерал цяпер шалёна заняты. Калі б ён толькі змог, ён напэўна прыйшоў бы на рэпетыцыю паглядзець, як мы працуем. Вы сабе нават уявіць не можаце, якія бліскучыя парады ён часам дае нам, акторам. Мне здаецца, што ў пытаннях тэатра ён разбіраецца не горш, чым у сваіх самалётах, — а гэта нешта-такі значыць!

Гендрык мог сабе гэта ўявіць, і ён пачціва кіўнуў. Пасля спытўся ў фройляйн Ліндэнталь, ці дазволіць яна яму адвезці яе дамоў у яго машыне. Яна гэта яму дазволіла з мілай усмешкай. Падаючы ёй руку, ён ціха сказаў:

— Для мяне вялікая, вялікая радасць іграць разам з вамі. Апошнімі гадамі давялося шмат намучыцца з манернасцю партнёрак. Дора Марцін сапсавала нямецкіх актрыс дрэнным прыкладам свайго сутаргавага стылю, — гэта ўжо не ігра, а істэрычнае крыўлянне. І вось зноў я чую ваш ясны, просты і душэўны голас.

Яна ўдзячна паглядзела на яго пукатымі, фіялкавымі, дурнымі вачыма.

— Я так рада гэта чуць, — прашаптала яна і мацней сціснула яго руку. — Я ж ведаю, вы мне не ліслівіце. Чалавек, які так свята ставіцца да свайго паклікання, не ліслівіць у пытаннях мастацтва.

Гендрык проста жахнуўся ад думкі, што ягоныя словы маглі былі быць прынятыя за ліслівасць.

— О, прашу вас! — Ён прыклаў руку да сэрца. — Я — і ліслівіць! Мае сябры звычайна папракаюць мяне за самую горкую праўду!

Ліндэнталь радая было пачуць гэта.

— Вельмі люблю шчырых людзей, — адказала яна сціпла.

— Шкада, што мы ўжо прыехалі, — сказаў Гендрык, спыняючы машыну перад ціхім элегантным домам на Тыргартэнштрасэ. Тут жыла Лота Ліндэнталь. Ён нагнуўся да яе рукі, трошачкі ссунуў шэрую лайкавую пальчатку і дакрануўся губамі да малочна-белай скуры.

Здавалася, яна не заўважыла маленькай дзёрзкасці, у кожным разе не асудзіла яго за гэта, усмешка па-ранейшаму ззяла на яе твары.

— Тысяча падзяк за тое, што дазволілі вас правесці, — сказаў ён у сваёй схіленай позе.

Пакуль яна ішла да дзвярэй ён думаў: "Калі абернецца, усё добра. А калі яшчэ памахае мне рукою, — гэта трыумф, і я пайду далёка". Яна, трымаючыся проста, перасекла вуліцу. Падышоўшы да дзвярэй, яна павярнула галаву, паказала распраменены твар і — якое шчасце! — памахала рукой. Гендрык адчуў трапятанне, калі Лота Ліндэнталь хітравата крыкнула:

— Та-та!

Гэта было больш, чым ён мог спадзявацца. З глыбокім уздыхам палёгкі ён адкінуўся на скураным сядзенні свайго "мэрсэдэса".

Гендрык ведаў яшчэ раней, чым вярнуўся ў Берлін, што без пратэкцыі Ліндэнталь ён прапаў бы. Маленькая Ангеліка, якая сустрэла яго на вакзале, магла і не намякаць на гэта — сітуацыя была яму ясная і без намёкаў. У яго былі страшныя ворагі, сярод іх такія ўплывовыя, як пісьменнік Цэзар фон Мук — міністр прапаганды паставіў яго дырэктарам Дзяржаўнага тэатра. Драматург зрабіў Гёфгену, які заўсёды бракаваў яго п'есы, ледзяны прыём. На яго твары са сталёвымі вачыма і з'едліва сціснутымі вуснамі застыў выраз непрыступнай строгасці і годнасці. Ён сказаў:

— Не ведаю, ці зможаце вы ўжыцца з намі, гер Гёфген. Тут жа цяпер пануе зусім іншы дух, не той, да якога вы прывыклі. З бальшавіцкімі парадкамі пакончана. — Аўтар драмы "Танэнбэрг" пагрозліва выцягнуўся. — Вы ўжо не зможаце выступаць у п'есах вашага сябра Мардэра альбо ў так цанёных вамі французскіх фарсах. Цяпер наша мастацтва будзе не семіцкае і не гальскае, а нямецкае. І вам, гер Гёфген, прыйдзецца даказаць, ці здольныя вы садзейнічаць нам у такой высакагоднаснай працы. Шчыра скажу, я не бачыў асаблівых падставаў выклікаць вас з Парыжа. — Пры слове "Парыж" у Цэзара фон Мука грозна бліснулі вочы. — Але фройляйн Ліндэнталь хоча, каб вы былі яе партнёрам у маленькай камедыі, выбранай для яе дэбюту. — Мук сказаў гэта крыху грэбліва. — Я не хацеў бы праяўляць няласкі ў адносінах да дамы, — працягваў ён з фальшывай зычлівасцю і высакамерна закончыў: — Зрэшты, я перакананы, што роля элегантнага сябра дома і спакушальніка вам не здасца цяжкай. — І па-ваеннаму скупымм жэстам рукі дырэктар даў зразумець, што гутарка закончана.

Не вельмі прыемны пачатак1 Тым болей калі ўзгадаць, што за помслівым выскачкай стаіць уласнай пярсонай міністр прапаганды. А ён якраз усемагутны ў пытаннях культуры. Ён быў бы і абсалютна ўсемагутны, калі б генерал авіяцыі, узведзены ў прускія прэм'ер-міністры, не ўбіў сабе ў галаву, што яму трэба ўмешвацца ў справы дзяржаўных тэатраў. А ў гэтых справах, хоць бы з-за Лоты, таўстун моцна зацікаўлены. Так пайшла крывасць і ўзнікла нязгодзіца і звада, барацьба за ўладу паміж магутнымі валадарамі — галавой прапаганды і галавой авіяцыі. Гендрык ніводнага з паўбагоў пакуль што на вочы не бачыў, але ведаў, што варожасць аднаго ён зможа вытрымаць, толькі заручыўшыся падтрымкай другога. Дарога да прэм'ер-міністра вядзе праз актрысу. Гендрыку трэба заваяваць Лоту Ліндэнталь.

У першыя тыдні свайго новага берлінскага жыцця Гендрык жыў толькі адным помыслам: Лота Ліндэнталь павінна яго палюбіць. Бліскучым вачам і сцярвознай усмешцы яшчэ ніхто не здолеў супроцьстаяць, а ўрэшце яна таксама толькі чалавек, не больш таго. Цяпер на карту пастаўлена ўсё, трэба пусціць у ход усё сваё майстэрства — Лоту трэба заваяваць, як крэпасць. Хай сабе ў яе занадта пухлыя грудзі і вочы, як у каровы, хай яна правінцыйная, празаічная, пляваць на яе двайное падбароддзе і хімічную андyляцыю: для яго яна жаданая больш за любую багіню.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • 60
  • 61
  • 62
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: