Манн Клаус
Шрифт:
— Якое тyт дзіва, яму ж трэба цэлая гадзіна, каб пераапануцца, — хіхікала выканаўца ролі Грэтхен, настолькі светлавалосая, што магла сабе дазволіць некаторыя вольнасці. Зрэшты, паяўленне высокай пары было абстаўлена з падкрэсленай сціпласцю. Прэм'ер-міністр трымаўся ў глыбіні ложы, пакуль у зале было святло. Толькі ў першых радах партэра яго заўважылі і багавейна глядзелі на прыгожую уніформу з пурпуровым каўняром і шырокімі срэбранымі манжэтамі і на блішчастую брыльянтвую дыядэму ў валасах высакагрудай, светлавалосай, як сноп пшаніцы, дамы. Толькі калі паднялся заслона, прэм'ер-міністр сеў, прычым пачулася крактанне, бо такую тлустую масу цяжка як след умясціць на адносна вузкім крэсле.
Падчас "Пралогу на небе" прасветлы па абавязку рабіў усхваляваны твар. Наступныя сцэны трагедыі і ўвесь яе працяг да таго месца, дзе Мефістофель пудлікам залез у кабінет Фаўста, здаліся яму крыху нуднаватымі. Падчас першага вялікага маналогу Фаўста ён некалькі разоў пазяхнуў, і нават сцэна велікоднага шпацыру яго не пацешыла. Ён шапнуў на вуха Ліндэнталь нешта, відаць, не дужа ўхвальнае.
Затое як ажывіўся ўсемагутны, калі на сцэне паказаўся Гёфген—Мефістофель. Калі доктар Фаўст усклікнуў:
Дык вось дзе сутнасць пса! Шкаляр Вандроўны! Казус смеху варты! —Тут засмяяўся і магутны ўладыка, ды так гучна і ад душы, што ўсе гэта пачулі. Смеючыся, таўстун пасунуўся наперад, абаперся рукамі на чырвоны аксаміт ложы і з гэтага моманту пачаў з вясёлай увагай сачыць за развіццём дзеі, дакладней — за танцавальна-спрытнай, хітра-грацыёзнай ігрой Гендрыка Гёфгена.
Лота Ліндэнталь, якая ведала свайго мужа, адразу зразумела: "Вось яна, любоў з першага вока. Гёфген закруціў галаву майму таўстунку — о, я яго разумею, нават занадта разумею. Бо той, на сцэне, сапраўды чарадзей, і ў гэтым чорным шаўковым уборы, у д'ябальскай масцы П'еро ён яшчэ больш прывабны, чым заўсёды. І забаўны, і значны, і як ён падскоквае, і якія ў яго часам грозныя вочы, якія глыбокія, палымяныя, вось хоць бы калі ён вымаўляе:
А што для вас — грахі ліхія, Знішчэнне, страта, проста зло — Ёсць родная мая стыхія.тут прэм'ер-міністр шматзначна кіўнуў. Потым, у сцэне з Вучнем, — у якой Ганс Міклас, дарэчы, вызначыўся скаванасцю і няўпэўненасцю, — вялікі муж весяліўся, быццам гэта быў самы смешны фарс. Яго добры настрой яшчэ больш падняўся пры бурлескнай сцэне "Скляпок Аўэрбаха ў Лейпцыгу", калі Гёфген са злым задорам выканаў песню пра блыху і ўрэшце выбіў са стала струмяні салодкага такайскага і пеністага шампанскага п'яным асталопам. І ўжо зусім заліваецца таўстун, калі з цемры ведзьмінай кухні чуецца рэзкі, звонкі голас князя цемры:
Ну што, старое пудзіла, пазнала Свайго вялікага гаспадара? Паб'ю, патрушчу, каб прапала Хлам'ё тваё і ўся нара! Забыла мой убор, крывая морда? На капялюш з пяром зірнула б хоць! Гляджу, задрала нос завельмі горда, Што без візіткі ўжо і не заходзь!Гэта тычылася ведзьмы, старое хрычоўкі. І тая ў жаху сцепнулася. Генерал авіяцыі ад радасці пляскаў сябе па сцёгнах: бліскучая пыха сатаны, які задаецца сваім мярзотным чынам, яго ўжо й зусім развесяліла. Тлустаму, рохкатліваму рогату падпяваў срабрысты смех Лоты Ліндэнталь. Пасля сцэны "Кухня ведзьмы" быў антракт. Прэм'ер-міністр загадаў прывесці Гёфгена да яго ў ложу.
Гендрык увесь збялеў і некалькі секундаў стаяў, заплюшчыўшы вочы, калі маленькі Бёк перадаў яму гэта прыемнае запрашэнне. Вось яно, вялікае імгненне! Ён будзе стаяць твар да твару з паўбогам... Ангеліка, якая круцілася ў яго грымёрнай, прынесла яму шклянку вады. Ён выпіў яе ўсю і ўжо вярнуў сабе здольнасць сцярвозна ўсміхацца. І нават здолеў вымавіць: "Значыцца, ўсё ідзе як след, па праграме!", быццам смяяўся з гэтай вырашальнай падзеі; а ў самога губы белыя.
Калі Гендрык увайшоў у ложу да ўсемагутнага, таўстун сядзеў наперадзе каля бар'ера і барабаніў мясістымі пальцамі па чырвоным аксаміце. Гендрык застаўся стаяць каля дзвярэй.
"Смешна, што ў мяне так бухае сэрца!" — падумаў ён і некалькі імгненняў маўчаў. Тут яго заўважыла Лота Ліндэнталь. Яна соладка прамовіла:
— Мілы, ты дазволіш прадставіць табе майго таленавітага таварыша па працы Гендрыка Гёфгена?
Вялікі павярнуўся. Гендрык пачуў даволі высокі, тлусты і рэзкі голас:
— А-а-а, наш Мефістофель...
Далей быў смех.
Яшчэ ні разу ў жыцці Гендрык так не бянтэжыўся, ён сам засаромеўся сваёй разгубленасці і таму яшчэ больш сумеўся. Яго памутнёным вачам Ліндэнталь таксама бачылася ў фантастычным святле. Можа, вінаватае было яе бліскучае калье, якое надавала ёй застрашліва велікасвецкі выгляд, альбо тая акалічнасць, што яна так проста ў такой давернай блізкасці са сваім каласальным заступнікам і патронам, але ўся яна была цяпер па-манаршы грозная. На Гендрыка яна зрабіла ўражанне феі, праўда, пышнацелай і ласкавай, але зусім не бяспечнай. Яе ўсмешка, якая раней здавалася яму дабрадушлівай і дурнаватай, аказваецца, была поўная загадкавай хітрыны.
Што да тлушчэры ў яркай форме, што да раскошнага паўбога, дык Гендрык ад страху і напружання яго амаль і не бачыў. Велізарную постаць усемагутнага быццам прыкрываў вуаль — містычнае мроіва, якое спакон веку замгляе моцных упраўцаў лёсy, багоў, ад нясмелага позірку смяротных. Толькі ордэнская зорка блішчала праз туман ды праступаў застрашлівы абрыс бычынага каркy, але вось зноў пачуўся камандны голас, рэзкі і тлусты:
— Падыдзіце ж бліжэй, гер Гёфген.
Людзі, якія соўгаліся па партэры, утаропіліся на ложу прэм'ер-міністра. Шапталіся, выварочвалі шыі. Ніводзін рух магутнага ўладара не ўнікаў ад увагі раззяваў, якія тлуміліся паміж радоў. Перадавалі, што твар генерала авіяцыі ўсё больш цяплеў, весялеў. О, ён смяецца, іста канстатавалі ў зале. Вялікі чалавек рагатаў, сардэчна, шырока раззяўляючы рот. І Лота Ліндэнталь выдала жамчужна-каларатурны смяшок, а артыст Гёфген, у вышэйшай меры дэкаратыўна драпіруючыся ў чорную накідку, паказаў пераможную ўсмешку, якая на масцы Мефістофеля здавалася хваравітай вышчаркай.