Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
А калі сон не прыходзіў, Лявон ціха чытаў любімыя вершы:
У моры імчыць карабель-невідзімка, Згас за марамі Альдэбаран. З зорнага сяйва, расы і дымкі Шлях пралягае за акіян. Ванты спяваюць! Ванты спяваюць!Ціша панавала над морам, плыў блакітны, празрысты туман.
Асабліва баяўся цяпер Лявон сустрэчы з якім-небудзь земляком-інтэлігентам. І ўсё ж лёс не ўбярог яго ад такога шчасця.
Часам Касачэўскі заходзіў у бар выпіць шклянку моцнага мясцовага піва. Часцей за ўсё ён рабіў гэта тады, калі ў бары было мала народу. Ды і садзіўся ён у кутку, ля самага ўваходу, за вялікай філадэндрай, мясістае лісце якой добра хавала яго.
Такія меры былі дарэчы, таму што ў гарадку з'явілася некалькі Лявонавых суайчыннікаў. Жылі яны не тут, а ў невялічкай гавані, базе маторных ботаў, даволі далёка ад пасёлка, на поўнач ад яго, і з'яўляліся ў гарадку, а значыць і ў бары, толькі часамі. Лявон у твар ведаў некаторых з іх і не вельмі любіў.
Адзін з іх быў высокі, вельмі спешчаны мужчына з маладой сівізною - вядомы рэжысёр. Другі -маленькі, са смешным памятым тварам - яго сябра, крытык Моршч (а для ўсіх проста Вінцук). Астатнія былі, напэўна, артысты: падкрэсленая выразнасць жэстаў, што па-за сцэнай здаецца ненатуральнай, тэмбрыстыя галасы. Чаго яны тут, Лявон не ведаў. Ён чуў, праўда, што рэжысёр Грабоўскі заўзяты яхтсмен, таму і не здзіўляўся, што бачыў іх тут. Яго больш хвалявала тое, што хтосьці, напэўна, рэжысёр, заходзіў у адсутнасць Лявона да яго на кватэру. Гэта было непрыемна.
І трэба ж было так здарыцца, што ў той вечар Касачэўскі зайшоў у бар і не паспеў агледзецца, як пачуў размову гэтай вясёлай кампаніі амаль поруч з сабою, за вялікай філадэндрай.
Размаўлялі аб ім.
– Што, уласна кажучы, такое з гэтым Касачэўскім?
– спытаў адзін з артыстаў.
Рэжысер прыгожым жэстам (ён трымаў папяросу ў выцягнутых і паўсагнутых пальцах, агнём да далоні) збіў попел:
– Уласна кажучы, звычайная гісторыя. Прафан у адносінах да жанчын. Звычайная дзяўчына была, я нават ведаў яе. Прыгожая. Абрыдла ёй занадта вялікая сумленнасць жаніха, і яна вырашыла ў чаканні шлюбных радасцей зрабіць размінку.
Малады чалавек з занадта калматай "канадкай" рагатнуў.
Яшчэ адзін сабутэльнік, чалавек з пароды тых, якіх завуць "грыбазвонамі", усміхнуўся:
– Кіньце жартаваць, хлопчыкі. Гэта хоць і смешна, а чалавеку няшчасце... І ўсё ж, які шчанюк! "Ненавидя человечество, от него бежит спеша".
Крытык Моршч усміхнуўся аднымі вачыма.
– Самае дзіўнае, што з усяго Бальманта нашы крытыкі ведаюць адзін толькі гэты радок. І жывуць гэтым капіталам да сівых валасоў.
– Не пра гэта справа ідзе, любы, - з паблажлівай пагардай сказаў Грабоўскі.
– Можа, гэта і смешна, а я інстынктам не люблю гэтага чалавека. Ведаю - добры хлопец, ведаю - неблагі паэт, ведаю - не ханжа. А не люблю таму, што ён у адносінах, скажам, да мяне, - белая варона. Мне ён быў патрэбен - вы ведаеце па якой справе, - конча патрэбен. Песні мне патрэбны ў яго духу. Заходжу да яго - няма, пайшоў кудысьці. А на стале - я не цікавіўся, але адразу трапляе ў вочы - чагo толькі няма: "Сагі пра вікінгаў", "Гісторыя конунгаў Нарвегіі", раманы Канрада. І на самай сярэдзіне стала - "Легенды паўночных мораў". Я па запрашэнню гаспадыні чакаў хвілін дваццаць і цікнyў у гэту кнігу. Адкрыта на гісторыі Лятучага Галандца. Ну нашто гэта патрэбна, каму? Разумее ж ён гэта. А ў асабістым жыцці... ах, дамы і трубадуры, ах, Гаральд Вілабароды! Чалавек-рамантык, сцвярджаю гэта, у наш век тое самае, што жывы мамант.
Моршч рэзкім рухам адсунуў разам з сурвэткаю шклянку з віном. З грымасай гідлівасці ўзяў чужую папяросу.
– Глупства кажаш, стары. Чалавек - гэта ўсё. Гэта метад кесоннай адліўкі і язычаскія абрадавыя песні, сучасная філасофія і лятучы галандзец, атамная фізіка і вершы галіярдаў. Усё патрэбна на зямлі, усё -чалавек. А ты кажаш звычайную пошласць. Што ж, адабраць у дзяцей беларускія легенды, адабраць Пакацілу, вужыную каралеву, Яна Прыгожага. Хто з іх вырасце? Голыя практыкі без фантазіі. Я не ведаю, але я ўпэўнены, што Эйнштэйн чытаў казкі Андэрсена.
– Увага, - з сумам азваўся рэжысёр, - прысутнічаем пры нараджэнні серыі новых артыкулаў.
– Так, новых артыкулаў, - выбухнуў чырвоны Моршч.
– Чыгунныя мазгі ў вас, вось што. Я таксама лепей пайшоў бы на дзюны і слухаў там мора замест таго, каб слухаць твае жарты. Што ж, прымусьце чалавека пісаць тэхнічныя раманы ў духу "Рэльсаў" П'ера Ампа. Будзе ў літаратуры яшчэ адной нудотай больш.
– Пайшла, паехала, - махнуў рукою рэжысёр.
– Любчык, не перабівай ты чалавека, які аж на тыдзень старэйшы за цябе. Зразумей, няхай сабе ён піша, што хоча, але няхай жыве, як кожны чалавек. Глядзі ты, не спадабалася яму звычайная дзяўчына.
– Не звычайная дзяўчына, а... сказаў бы, але баюся цябе пакрыўдзіць, такія ў тваім гусце.
– Ну няхай, няхай, супакойся, мая дзетухна. Не трэба чакаць ад жанчын надзвычайнага: казачнай прынцэсы, бога з машыны, трасцы з хваробай. А сам звычайнага асабістага жыцця не здолеў наладзіць.
– І гэта не твая справа, - адрэзаў Моршч.
– Ведаеш, я малю бога, каб яму дасталася сапраўдная прынцэса. Так абрыдлі шлюбы толькі з-за таго, што мужчыне апрыкралі сталоўкі.
– Перабольшваеш, - сказаў "грыбазвон".
– Ну добра, падвяду базіс. Жанчыне жахліва, калі пустэча ў ёй самой, а мужчына баіцца пустэчы вакол сябе. Сумна, цяжка, хочацца, каб пашкадаваў нехта. Ну і з'яўляецца дзяўчына, добрая, простая. Каханне. Пажаніліся. Пасля каханне або ломіцца - тады развод, - або пераходзіць у прывычку.
Моршч паклаў далонь на вочы і скалануў галавой. Пасля сказаў нейкім незвычайным, цёплым голасам:
– Магчыма, яно і лепей, што чалавек адзін з нямногіх не жадае задавальняцца проста жонкаю, а чакае сапраўднага кахання, што як удар бліскавіцы. Прыходзіць яно - чалавек шчаслівейшы за ўсіх на зямлі, а калі няма, дык лепей ужо нічога не трэба.