Вход/Регистрация
Лятучы Галандзец
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Памаўчала хвіліну:

– Не, голай легенды ў нашы дні не можа быць. Але каб мы не зачарсцвелі душой, каб не сталі людзьмі, у якіх толькі i ёсць за душою, што зарплата, яна павінна быць патроху ва ўсім: у кавалку хлеба, у таўстуне, які сядзіць, гледзячы на паплавок, у метале пад молатам, нават у тым, што чалавек часам бяжыць на бераг лясной пратокі i запальвае вогнішча, як тады, калі легенд было многа, а хлеба мала.

– І нават у тым чалавеку, які ўрываецца ў чужы пакой i пудзіць яго жыхароў, якія зусім не думаюць піць атруту.

– Нават у тым, - проста сказала яна.

– I гэта вельмі-вельмі добра, - зусім ужо суцешыўся Касачэўскі.

Абаім стала лёгка і весела, калі ўсё цяжкае засталося ў мінулым.

– Піце, чай, - сказала яна.
– Ахалоне. І ўсё ж гэта вельмі дрэнны жарт. Так можна і забіць у чалавеку добрае.

– Гэта не так лёгка зрабіць, - цвёрда сказаў Касачэўскі.

– Жарт задуманы грунтоўна, разважліва і... злосна. На гэта некаторыя нашы сябры вялікія мастакі. І за гэта я іх вельмі не люблю. Не люблю пшутаў і нахабнікаў. Вонкавы лоск, вытанчаная прыгажосць - фу!

– Пакіньце, Марыя Сяргеўна, - мірна сказаў Лявон.
– Я не крыўдую. Ну іх! Я нават рад. Горш было б, каб яны накіравалі мяне на вялікую кухню і я там аддаў ліст першай-лепшай Марыі, а пасля мяне адвезлі б у дом для вар'ятаў.

– Вы не разумееце, - сказала яна.
– Гэты жарт задуманы як палка на два канцы. Яны далі не першы - лепшы адрас, а менавіта мой, бо ведалі яго. Хацелі стукнуць не толькі па вас, а і па мне, бо я заўжды смяюся над сантыментамі, мяне лічаць за асобу рэзкую і жорсткую, якая не належыць да пароды коцікаў, якіх гладзяць, а яны зажмурваюць вочы ад асалоды.

– Праўдзівей кажучы, вы проста не жадаеце з імі быць такой, - зазначыў Касачэўскі.

Яна не стала прыкідвацца:

– Так, мне проста брыдка. Гэтыя рукі даб'юцца ўсяго самастойна.

– І гэтым рукам будзе вельмі цяжка, - дадаў Лявон.

– Затое сэрцу гэтаму будзе лёгка. А рукі, што ж? У мяне яны здаровыя, мужыцкія. Смешна мне было б прыжмурваць вочы. Вось чаму я і трымаю сябе так: някепская артыстка і вельмі непрыемная асоба. Рэжысёр Грабоўскі наогул лічыць мяне мужычкай і памялом у сукенцы... пасля аднаго выпадку.

І дадала з выразным націскам:

– Прывабны, пераканаўчы такі кавалер.

Касачэўскі чамусьці заўсёды абараняў нават несімпатычных яму людзей.

– Пакіньце. Ён не такі ўжо благі хлопец, як я чуў.

– І гэта праўда. Я яго не за тое не люблю, што ён дрэнны, а за тое, што ён прыкідваецца такім. Гэта кепска, калі чалавек бравіруе разбэшчанасцю, якой у яго няма. Значыцца, ён слабы ў душы і не хоча быць мужным насуперак асяроддзю.

– Адкуль вы родам?
– з усмешкаю спытаў Лявон.

– Мсціслаўская.

– О, мсціслаўцы - недасекі. Зразумела, адкуль у вас такі язычок. Гэта народ, што на сваёй лаве не памірае.

– А вы адкуль?

– З Магілёва.

– О, - у тон яму сказала Якубовіч, - тады зразумела, адкуль у вас такая даверлівасць. Гэта вы, здаецца, студні салілі?

– Я асабіста - не. Мне чамусьці здавалася, што капуста проста са студні будзе нясмачнай.

– А-а, тады гэта вы, напэўна, у Вільні сваю варону пазналі і кулагу на локці мералі. Вельмі прыемна.

– Пашкадуйце, - узмаліўся Касачэўскі.
– Не буду больш.

– То-та ж бо, - важна сказала яна.
– Ведайце, як мсціслаўцаў чапаць.

І зноў яны разрагаталіся.

– Між іншым, не такія ўжо мсціслаўцы злыя на язык, - сказала яна.
– Я нідзе не бачыла такіх добрых людзей, як у нас.

Раптам пасур'ёзнела:

– Часам вельмі хочацца туды. Абрыдне бойка, абрыдне быць больш злой, чым на самай справе. Хочацца цішыні, мяшчанскай бальзаміны на вокнах.

– Я ведаю, - проста адказаў Лявон.
– Толькі чаму такая назва "бальзаміна"? Яе ў нас лепей завуць: "Слёзы Алёнчыны". Яна плача перад дажджом, бо яе калісьці, калі была яна дзяўчынай, выганялі ў зрэб'і на асенні дождж пасвіць каровы. Бог злітаваўся над ёю, ператварыў яе ў кветку.

– Добрая літасць, - іранічна і смутна сказала яна.
– Хочацца туды. Напэўна ва мне ў глыбіне сядзіць звычайная вясковая баба, якой бы грады паліваць або сена варушыць. Гэта добра ці не?

– Гэта вельмі добра. Я часам думаю, што таму мы такі моцны, трывалы народ, што праз усё наноснае ва ўсіх нас сядзіць звычайны мужык альбо баба. І культура, здаецца, і вытанчанасць, і размова пра Сомерсета Моэма, а павеяла сенам - i хочацца бабе басанож на траву; павеяла небяспекай - i празмерна культурны мужык лаецца беларускімі праклёнамі. Гэта сапраўднае, гэта, як у ляльцы-матрунцы: самая сярэдняя - самая наша лялька. Так што не трэба непакоіцца.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: