Вход/Регистрация
Лятучы Галандзец
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Магчыма, гэта i прывяло да наступнага. Адчуваючы, што жарты завялі надта далёка, яна сказала:

– Там вы біліся за мяне на турніры.

– Які ў мяне тады, быў, аднак, дрэнны густ, - злосна сказаў Касачэўскі.

– Oгo! Гэта пачынае мяне цікавіць.
– Яна нахіліла набок галаву. I раптам дадала вельмі проста i шчыра:

– Ведаеце што, раз ужо так атрымалася, дык пасядзіце тут. Мне хочацца выявіць усё да канца. Я зараз

згатую чай.

Касачэўскі зняможана сеў на крэсла ля стала. Яна выйшла. Чортава асоба! Штохвілінна новы характар, новы чалавек. Глупства, вядома, сядзець тут і пасля такой прэлюдыі папіваць чаёк, але ж цікава ведаць, чым гэта скончыцца.

За чаем яна тым самым спакойным i даверлівым тонам спытала:

– Што ж гэта такое было? Раскажыце мне падрабязна.

Лявон нічога не ўтаіў.

– I вы адразу пайшлі сюды?
– Яна глянула на яго з цікавасцю, як быццам упершыню пабачыла.

– А вы што зрабілі б на маім месцы?

Яна задумалася, паціраючы пальцамі скроні:

– Таксама пайшла б. Адразу ж. Такое бывае раз у жыцці... Але напэўна ніхто больш не пайшоў бы. Гэта рэдкасць. Для гэтага трэба вельмі верыць у жыццё, у тое, што яно не падманіць.

Яна ўсё больш цікавіла Лявона.

– Хто ж вы такая?

– Я Марыя, - сказала яна, глянуўшы на яго глыбокімі вачыма.
– Я сапраўды Марыя. Шкода толькі, што не тая. Я артыстка Марыя Якубовіч. Вы рэдка бываеце ў тэатры?

– Дык вось дзе я мог вас бачыць! Я толькі ніяк не думаў, што вы тут.

– О, справа простая. Няўжо вы не чулі, што Чарада напісаў новую гістарычную п'есу?

– Баюся, што я апошні год быў надта заняты сваімі справамі. Чуў нешта такое. Назва, здаецца, "Краiна палае"?

– Так, з часоў пасля паўстання Вашчылы. Цудоўная рэч! Вы колькі тут ужо?

– Амаль тры месяцы.

– Ну дык вы тады i ведаць не можаце. Вырашылі круціць па п'есе фільм. А там палова сцэн тут, ля балтыйскіх берагоў, куды ўцякае герой. Ён вязе морам зброю.... Простыя людзі дапамагаюць яму. Пасля ён знікае на доўгі час. Нявесту яго прымушаюць выйсці за другога, і яна выпівае атруту. Вось гэтую сцэну вы і чулі выпадкова.

– Чакайце, няўжо сцэнарый у вершах?

– Што вы. П'есу пакуль што не ўзяліся ставіць. Але я маю звычай чытаць усё, што датычыцца героя. Дакументы, успаміны, іншыя творы пра яго. Ну i ролю гэтую цалкам вывучыла. Так мне лягчэй. Да таго ж, я думаю, што пасля таго як фільм выйдзе на экраны, п'есу будзе ставіць наш тэатр. Спахопіцца...

– Я думаю, што гэта будзе здорава, - шчыра сказаў Касачэўскі.
– Роля ў вашых магчымасцях. Добрая будзе штука.

І калі яна раптам глянула на яго падазрона, ён шчыра разрагатаўся.

– А я... а я, дурань, ледзь не паверыў немажліваму. Чорт яго ведае, думаю, калі лісты перадаюць з "Лятучага Галандца", калi захаваўся гэты дом ля старой вежы, - чаму, думаю, не жыць у ім ценю былога, які пражыў тры стагоддзі i якраз збіраецца атруціцца.

Яна глянула на яго сур'ёзна:

– Не трэба смяяцца з гэтага. Каб я не бачыла, што вы на хвіліну ўсур'ёз паверылі, я адразу выгнала б вас за дзверы. Можа, вы i не такі чалавек, але за гэтую хвіліну вам многае даруецца.

– Ваша праўда, - пасур'ёзнеў Лявон.
– Але ж гэты карабель...

– І гэта проста, вельмі проста. Калі ехалі сюды, многа гаварылі пра тое, што патрэбен карабель. Напэўна адшукалі недзе старую пасудзіну, адрамантавалі, падгрыміравалі пад старажытнасць - i вось яно ўсё i адбылося.

Лявон пасуравеў:

– Дык, значыцца, гэта ўсё нечы жарт. Дурны жарт, няварты сапраўднага чалавека. Я, вядома, не верыў, але ўсё ж...

– Але ўсё ж у глыбіні душы вашай жыла вера. І гэта добра.

– Гэта мне пакаранне, - сказаў Лявон.
– Я занадта замкнуўся. Дзюны, мора, захад сонца, кнігі. У бойцы з рэалізмам я адхіснуўся ад апошняга і атрымаў па галаве... Дрэнна мне, крыўдна...

Яна раззлавалася:

– Прабачце, але гэта лухта. Усё адбылося як трэба. На хвіліну мы паверылі, што казкі будуюцца не на пяску. Як вам не сорамна крыўдаваць на жыццё? Мне бывае больш цяжка: няма на свеце людзей больш празаічных, чым артысты. Яны рэалісты да самага нутра, бо палац прынцэсы для ix - проста палаценца з груба наляпанай фарбай. Яны добрыя людзі, і ўсё ж з імі вельмі цяжка, - даводзіцца хаваць душу і выглядаць дзікай коткай.

Лявону стала сорамна. Ён паказаў сябе слабейшым за гэтую дзяўчыну. Таму ён проста сказаў:

– Я начытаўся старых балад. Яны чароўныя. І раптам атрымалася ўсё, як у іх:

Карабель плыве ў чароўным сне. Трыста год не прыходзіць спакой. Хай нявеста больш не чакае мяне, Хай засушыць мірт, што чакае мяне, - Мы не вернемся болей дамоў.

Я iдy за гэтай жывой легендай i вось...

Марыя ўсміхнулася:

– I дзякуй богу, што так. Лёгкі налёт легенды - гэта добра. А ўся легенда ў нашыя дні - гэта смешна. Ну ўявіце сабе, што вы адшукалі б тут чатырохсотгадовую дзяўчыну, а я пабачыла б марака ў панцыры, пабітым іржою. У яго, вядома, была б нежыць, бо нельга трыста год правесці ў тумане на палубе i не захварэць абрыдлівай, хранічнай нежыццю. Напэўна, ён звярнуўся б да мяне так: "Адчыдзіце бде, гэта я, дяшчасды жадіх".

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: