Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
– Што ж ты мне прыкажаш, патураць вам, ці што? Схіліцца вось тут зараз і "чаго вашай ласцы"?
– Нашай ласцы зараз патрэбна, - канчаткова раззлаваўся Берасневіч, - каб ты пайшоў і не засланяў нам сонца.
На іх пачалі аглядацца. Маркіч заўважыў незадаволены выраз на тварах некаторых з гледачоў і рэтыраваўся.
Магчыма, Берасневіч, калі б ён пабачыў выраз на твары Маркіча, калі той ішоў алеяю прэч, паставіўся б да справы больш сур'ёзна. Маркіч амаль бег, сціскаў кулакі і лаяўся:
– Д-добра. Н-ну добра. Зараз ваганням канец. Бестыя, паскудная бестыя! I такі яшчэ мае нахабства думаць пра аспірантуру, пра такую дзяўчыну, зводзіць яе з дарогі! Ну пачакай, ты атрымаеш такі ўдар, што наўрад ці застанешся жыць.
Ён шчыра думаў, што ў яго грамадская нянавісць, а зусім не асабістая, і не ўглядаўся ў глыбіны свайго сэрца.
XVI
Зборы пачаліся даволі позна, у восем гадзін вечара. Аўдыторыя пасля лекцый была душная, ды яшчэ ў гэту вялікую залу ўціснуліся зараз камсамольцы цэлага аддзела. У дадатак да ўсяго згасла святло і давялося запаліць некалькі свечак. Іх няпэўнае святло асвятляла толькі стол, за якім сядзелі некаторыя выкладчыкі, ды некалькі першых радоў. Па столі скакалі, рухаліся вялізныя цені, куткі залы губляліся ў цемры.
Берасневіч сеў з усёй "вялікай камарыльяй" ля правай сцяны. Была Алёнка (на яе твар лёг рэмбрантаўскі цень), сядзеў поруч з ёй Жэнька, калмацячы чуб. Янка, вясёлы і з'едлівы, як заўсёды, жартаваў з Валяй, малюючы на яе карыкатуру. Прымасціўся поруч і Паўлюк. А вось непадалёку і Сяляўка, які чамусьці ўвесь чырвоны; хвалюецца, ці што?
Далей галовы, як качаны на гародзе. Усялякія галовы: рыжыя, чорныя, бялявыя. Яшчэ далей, ля стала, Маркіч на калене перабірае нейкія аркушыкі, гатуецца. Яшчэ далей сядзіць Грушэвіч, з ім Холадаў і Пірагоўскі, выкладчыца замежнай мовы Лунінецкая, прыгожая сумная жанчына.
Ля Маркіча сядзяць парторг курса Паўлоўскі і Марыя Капасевіч. Словам, зборы як зборы, нічога асаблівага. I пачаліся яны млява, і ішлі млява, хоць тэма была: "Паводзіны сапраўднага камсамольца". Выступаў Мікола, расказваў пра справы камсамольцаў аддзела за мінулы год, расказваў і пра будаўніцтва стадыёна. Берасневіч знайшоў, што прамовы ён кажа горш, ніж дзейнічае кіркай. I наогул было нудна. Янка, напрыклад, даўно не слухаў, а пісаў сваю частку калектыўнай "дэкадэнцкай" паэмы, у якую кожны дабаўляў пасільна некалькі радкоў. Паэму вырашылі назваць "Крывапупныя бравэркі". У Янкі радкі атрымліваліся абсалютна ідэальна бязглуздымі і ў той жа час смешнымі. Зацікаўлены Берасневіч глядзеў Янку пад руку.
Духмянiўся завоблачны татэм, Ныралi нiмфы ў сонечнай клаацы, I з нечыстот рабіўся смачны крэм.– Уладзік, а якую рыфму падабраць да слова "сабакі"?
Берасневіч замысліўся, і ў гэты час яму здалося, што нехта голасна паклікаў яго. Ён падняў вочы - на кафедры стаяў Маркіч, энергічна сціскаючы ў руцэ скамечаныя аркушыкі. Выглядаў ён, як літоўскі Пяркун, пасля таго як гэты бог удала разбіў бліскавіцаю янтарны палац: выпрастаўся, твар строгі, жэсты абдуманыя, высакародныя.
– Дык вось я і кажу, што калі мы маем сапраўдных камсамольцаў, дык маем мы і тых, якія пэцкаюць ганаровае званне камсамольца. Сапраўдныя будуюць, вучацца, набываюць веды...
Голас яго дрыжэў ад "хвалявання". I ўсё гэта былі правільныя словы, і Берасневіч сто разоў падпісаўся б пад кожным. I ўсё ж гэтыя правільныя, добрыя словы гублялі нейкую жывую афарбоўку ў вуснах Маркіча. Так бывае, калі п'еш добрую ваду з сальнай шклянкі.
– Хрысціцца занадта размашыста, - сказаў Янка.
– Што?
– не зразумеў Берасневіч.
– Я кажу, што ў царкве злодзея лёгка шукаць. Хто вельмі ўжо размашыста хрысціцца - той і ёсць найвялікшы злодзей.
– Чакай ты...
– Гэтае адроддзе псуе нам усю справу!
– грымеў Маркіч з дэмасфенаўскімі жэстамі.
– Іх не павінна быць у нашых шэрагах! На шчасце, менавіта такіх на нашым курсе няма, але ёсць так званыя "людзі", якія прыбліжаюцца да гэтага свайго ідэалу. Аднаго з такіх я ўжо назваў. Гэта студэнт Берасневіч. Табе, дарагі Уладзік (Берасневіча перасмыкнула ад агіды), трэба вельмі і вельмі падумаць пра свае паводзіны, калі ты хочаш застацца нашым другам, другам сапраўдных савецкіх маладых людзей.
– Чакайце, хлопцы! Што ж гэта ён кажа?
– ускрыкнула Алёнка.
– Прашу не перабіваць, - здзекліва сказаў Маркіч.
– Гэта трошкі ранавата. I да таго ж вы, здаецца, яму не сваячка?
– Дазвольце мне, - падняў руку ціхі, заўсёды маўклівы студэнт трэцяга курса Аркадзь Чудзікаў.
– Можа, я перабіваю, але я... я ведаю таварыша Берасневіча як аднаго з лепшых студэнтаў, як аднаго з лепшых камсамольцаў. Вучыцца ён толькі на "выдатна", быў вельмі добрым камсоргам, які не дазваляў такой агіднасці, якую мы бачым зараз, працаваў сам і іншых прымушаў працаваць і не рабіў ніколі такіх нудных збораў, якія пайшлі пры табе. Ён удзельнічае ў навуковых гуртках. Да універсітэта быў і рабочым. Працуе заўсёды добра. Стадыён пабудаваць - яго ідэя.