Вход/Регистрация
У снягах драмае вясна
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Маркіч здзівіўся не на жарты. Зборы як падмянілі. Ён прывык, што апошнія год ці два яны маўчалі мёртвым маўчаннем, удавалася рабіць усё, што жадаў. I вось раптам. I ўсё гэты Янка.

Ён не разумеў, што яго дробязнае, прыдзірлівае, ханжацкае абыходжанне з сябрамі астабрыдла ім, што Янка зрабіў толькі першы ўдар ломам, а далей вада пайшла сама. I вада зрабіла тое, што не мог зрабіць Янка. Мікола Касмач, які быў, нягледзячы на дабрыню, вялікім дыпламатам, доўгі час прыслухоўваўся да крыкаў і пасля, відаць, зразумеў, што Маркіч сваёй прапановы не правядзе, спыніў іх і сказаў з дакорам:

– Цьху! Ну й загнуў ты, таварыш Маркіч. "Выключыць". Ты кажы, ды ведай меру.

I, відаць, прыпамятаў ранейшыя добрыя адносіны да Берасневіча, сказаў:

– Выключаць яго нельга. Калі такіх выключаць, дык хто ў камсамоле застанецца. I з універсітэта -таксама. Скончыць - працай у школе дакажа, хто ён. I я не думаю, каб ён працаваў горш за цябе.

– А павучыць трошкі варта. Я, напрыклад, прапаную даць Берасневічу строгую вымову... з папярэджаннем.

– За што?
– голасна спытаў Янка.
– За паклёп ілгуна?

– Перастрахоўшчык ты! А раптам усё ж у Берасневіча ў кішэнях гаўбіцы, а пад партаю полк узброеных нягоднікаў "Камплот вызвалення студэнтаў ад хлеба", - буркнуў Жэнька.

Але іх не падтрымалі. Зборы, давольныя тым, што Берасневіч застанецца ва універсітэце і ў камсамоле, на гэты раз не спрачаліся. За вымову прагаласавалі большасцю ў тры галасы.

– Такім у аспірантуры не месца!
– паспрабавала крыкнуць Марыя Капасевіч, але гэта была ўжо зусім бязглуздая, злосная выхадка, і яе папрасілі змоўкнуць, хоць многія сапраўды думалі, што аспірантуры Берасневічу цяпер не бачыць як сваіх вушэй.

– Можа, Берасневіч хоча што-небудзь сказаць?
– спытаў дэкан. Берасневіч устаў бледны, як крэйда, ад крыўды.

– Вы нядобра зрабілі, таварышы. Радуецеся, што мяне не выключылі? Лепей бы сапраўды выключылі, мне было б лягчэй. Гэта ж паклёп. I вы мне псуяце будучае і адносіны з людзьмі.

– Завёў панiхiду, заплакаў, - заўважыў Маркiч.

Сэрца ў Берасневіча сапраўды плакала, але сказаў ён апошняе слова цвёрда:

– Я не крыўджуся. Але вы пашкадуеце ў душы, што далi волю несумленнаму чалавеку...

Звон па графіне.

– ... які зрабіў мне такое з прычын, пра якія я не магу сказаць, але якія я зразумеў. Я ведаю і веру - такія людзі не вечныя ў маім камсамоле, маім, чуеце, маім, што б ні было. I калі гэтых кар'ерыстаў і ханжоў выкінуць з яго - узрадуецца сэрца ва ўсіх добрых камсамольцаў. Так будзе, бо нельга спекуляваць на такіх словах, як "камуна", "камсамол", а такіх, хто ўсё ж спекулюе, такіх не будуць проста выдзіраць з поля (як гэта істота сёння хацела зрабіць са мною), ім проста будуць адсякаць хвост па самую галаву. Я не забуду толькі аднаго: вы сёння маўчалі, некаторыя проста не спрачаліся, хоць ведалі - робіцца несправядлівасць. Вы дрэнна зрабілі, хлопцы, мне сорамна за вас.

Зборы скончыліся хутка і непрыкметна. Сапраўды, многім стала сорамна. Адчувалі, што зрабілі нешта несумленнае. Уладзіслаў паспрабаваў знайсці Алёнку, але яе не было, пайшла дадому. Янка загаварыў з ім - ён адказваў машынальна. Сяляўка падышоў да яго з прабачэннямі - Берасневіч паглядзеў на яго і сказаў:

– Нічога, нічога, хлопча. Ты добры сябра. Толькі рабіся цвёрдым. Сёння яны ледзь не зацягнулі цябе на ўчынак, якога ты мог бы саромецца ўсё жыццё.

I пайшоў у запаветную алею, думаючы, што, можа, Алёнка чакае яго. Але Алёнкі не было і там.

Першае жоўтае лісце каштанаў пачынала аблятаць на алею. 

XVII

 У першы дзень пасля збораў Алёнка яшчэ размаўляла з ім, хоць і была вельмі стрыманай, але пасля пачалося нешта дзіўнае і зусім не зразумелае. На месцы спатканняў яе ўжо не было разы тры, з лекцый яна знікала так нячутна, што нельга было ўгледзець.

Аднойчы ён усё-такі дагнаў яе, але яна была з сяброўкамі, якія ішлі з ёю да самага дома. Другі раз была адна, але сказала яму, што зараз невядома які час будзе адразу спяшацца дадому, бо захварэла маці. I пры гэтым глядзела на яго вялікімі, спужанымі вачыма, на дне якіх адбіваўся прытоены боль.

А потым цэлы тыдзень яе зусім не было на лекцыях, відаць, зразумела, што Берасневіч вырашыў якраз у гэтыя дні паразмаўляць з ёю шчыра і да канца, што б там ні было. На лісты яго не адказвала, да дзвярэй на званкі ніхто не падыходзіў: як быццам кватэра вымерла.

Знерваваны, замучаны, ён вонкава трымаўся малайцом, нават жартаваў з Янкам, але Галавень быў добрым сэрцаведам, і ад кожнага жарту Берасневіча ў Янкі аж сціскала нешта ў грудзях ад жалю.

Ніхто нічога не заўважаў, лічылі, што Берасневіч нават бяздушна, нячула ставіцца да таго, што адбылося на зборах.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: