Вход/Регистрация
У снягах драмае вясна
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

– Дараваць? За што? I на каго абразіцца? На вас?
– шчыра спытаў Берасневіч.
– Хіба вы вінны ў тым, што вас падманулі, пераканалі ў тым, што я лгун? Або ў тым, што... Ну добра, пра гэта не буду. Я не належу да пароды тых людзей, што як кахаюць дзяўчыну, дык кажуць, гатовы яе ў рай пасадзіць, а калі яна пакахае каго іншага, дык кажуць, што й пекла для яе замала. Яна, бачыце, перавагу перад ім, такім добрым, іншаму аддала...

Алёнка задумалася, прыкладаючы да губ ягоны шарф.

– Я не аддавала перавагі іншаму.

– Э, што казаць. Вы лепей скажыце мне, дзеці ёсць?

– Выслухайце ж і вы мяне. Я скажу вам шчырую праўду, хоць гэта мне і цяжка, хоць я, можа, і не павінна казаць яе. Бачыце, мы простыя, звычайныя людзі. I мы трапілі ў віруючы кацёл, не ведаючы нічога, нічога не разумеючы. I сваю слепату мы зрабілі зрокам і лічылі, што мы не памыляемся. Здарылася так, што знайшоўся мярзотнік, які выкарыстаў нашу слепату. I мне, і... табе, чуеш, табе гэта каштавала многіх бяссонных начэй і многіх пакут. Я вельмі, вельмі кахала цябе, бачыла ў табе вышэйшую істоту, верыла да апошняга слова. I менавіта таму, а не таму, што цябе зрынулі, адышла ад цябе, вырвала з сэрца з крывёю, амаль з жыццём, калі мне здалося, што ты здрадзіў праўдзе. Як магла я, простая дзяўчына, ведаць, што праўда, калі яна з нячыстага рота, калі яе прыстасаваў да кішэні нягоднік, гэта не зусім сапраўдная, папсаваная праўда, што ў такіх выпадках праўду трэба ратаваць. I вось такое пакаранне. Божа... божа... божа...

Заплакала. Берасневіч даткнуўся да яе пляча. Шкода было яе больш, чым сябе. Толькі і сказаў:

– Не плач, не плач.

Так кажуць маленькай дзяўчынцы.

Але вось яна ўжо справілася, зноў ганарыстым і прыгожым стаў навекі любы твар.

– I вось змянілася ўсё. Іншыя надышлі часы, я ведаю. I я яшчэ больш ганаруся табою, калі бачу, што ты інстынктам, сумленным сэрцам прадбачыў гэта наперад. Але што мне з гэтага? Застаецца толькі вінаваціць сябе. А цяпер якое мне можа быць апраўданне. Не паверыла табе, кінула аднаго ў самы жахлівы, самы цяжкі момант. Даруй жа мне... I маўчы, маўчы. Ты думаеш, што мне лёгка прызнавацца ў гэтым? Мне было сорамна, таму я і жадала саскочыць. Я стала дарослай, я добра зараз бачу цябе. Я стала відушчай, але пасля таго, як згубіла цябе. Нашто мне зараз гэты здабыты зрок? I горш за ўсё, што я нават звыкла да гэтага. Колькі гора было! Я мёртвай хадзіла два гады. Маці бачыла гэта - думаеш, яна не пашкадавала тысячу разоў, што зрабіла так, што не падтрымала цябе ў той час. Яна не ведала, што гэта было так сур'ёзна, што ў нашы дні таксама ўмеюць кахаць. А татка не пашкадаваў нас. Адзін толькі раз, але сказаў адверта, што мы нарабілі і што ён прадчуваў гэта сваім прасцецкім сэрцам... А мне толькі хацелася памерці.

Берасневіч быў шчырым і простым хлопцам. Таму ён проста сеў поруч з Алёнкаю на задняе сядзенне і ўзяў яе за руку, зняўшы пальчатку:

– Не трэба, Алёнка, не трэба. Ты заўтра ж зненавідзіш сябе за гэту хвіліну слабасці... Так здарылася. Ты не вінаватая, я вінаваты значна больш... Зразумей, ты для мяне і зараз засталася лепшай на зямлі.

I ён прыпаў вуснамі, усім тварам да яе далоні:

– Гэтым болем ты дачыняла мне такую радасць, і такім шчасцем было кахаць цябе, што я толькі гэта і памятаю зараз, толькі гэта. Забыліся пакуты, а сэрца тваё засталося, і гэта - лепшае. Над усім на свеце яно. I за гэта дзякуй табе.

Ён адчуваў, што яе рука дрыжыць, адчуваў, што яна зноў можа заплакаць. Ён думаў, што яна шкадуе яго, мучыцца тым, што яна знайшла сваё шчасце, а ён застаўся адзін, што ёй балюча за яго, што яна саромеецца зараз сябе, што трэба выратаваць яе хаця ад гэтага, а таму вырашыў зманіць, сказаць тое, чаго не адчувала яго сэрца, чаго не было:

– Не пакутуй сумленнем за мяне, Алёнка. Не думай, я шчаслівы, я вельмі шчаслівы. Прайшоў боль, у сэрцы засталося толькі добрае...

Ён неймаверным намаганнем прымушаў сябе казаць далей гэтыя словы, у якіх была самая бессаромная хлусня, якую калі б там ні было вымаўлялі яго вусны.

– Тваё каханне прайшло, мінула і маё таксама. Магчыма, і я хутка адшукаю сваё шчасце, як адшукала яго ты. Не пакутвай за мяне, я шчаслівы. I шчасця жадаю і табе таксама, як самаму лепшаму, што было ў маім жыцці.

I сапраўды, гэта, здаецца, дапамагло. Алёнка адабрала руку, уздыхнула і сказала:

– Ну вось, зараз і я магу табе сказаць тое, чаго б ты не пачуў, каб не гэтыя словы твае. Ты шчаслівы, значыцца, можаш выслухаць гэта, і мне не будзе сорамна.

– Што гэта такое?
– Берасневіч паглядзеў на твар Алёнкі, блакітны пад месячным сяйвам. На твары была глыбокая, сумная ўсмешка.

– Справа ў тым, што ты недачуў... Я не замужам.. I, напэўна, ніколі не буду.

– А-а, як гэта муж... не раўнуе?

– Муж не раўнуе толькі таму, што яго няма... Вось мы і дамовіліся, і зараз у нас абаіх лёгка на сэрцы. Не вінаватая я, не вінаваты і ты. Дарогі ляжаць перад намі ў розныя бакі - будзем шчаслівымі.

Каб пярун ударыў зараз з зімняга зорнага неба - Берасневіч не быў бы такі прыгаломшаны. Вочы яго сталі такімі вялікімі, непаразумелымі і дурнымі, што здзівілася б і трохмесячнае немаўля.

– То-бок, як гэта?

– Вельмі проста, - строга сказала Алёнка.

Абое сціхлі. Зорная чыстая ноч плыла над снягамі. Коні як быццам зразумелі іх і цягнуліся павольна-павольна. I ў пушчы рабіўся цуд, такія блакітныя, такія сінія пад ценем, казачныя вежы і гарады ўставалі з занесеных снегам вялікіх дрэў. Зрэдку ўставаў у гэтых вежах жоўты агеньчык лясной вартоўні, ветліва і прыязна мігаў ім і знікаў далёка ззаду.

Берасневіч першы не вытрымаў маўчання. Ён выпрастаўся, сціснуў лейцы ў задубелай руцэ:

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: