Вход/Регистрация
У снягах драмае вясна
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

– Казаў, - ні хвіліны не вагаючыся, надзвычайным для яго, жорсткім тонам сказаў Сяляўка.
– Усё казаў, і нават пераконваў некаторых. I той-сёй, у каго замест галавы качан, нават паверыў.

Берасневіч зноў звярнуўся да Маркіча:

– Дык ты кажаш, я контррэвалюцыянер, я, сын рабочага і сам былы рабочы. Табе мала маёй ганьбы - ты хочаш яшчэ адштурхнуць ад мяне сяброў, адштурхнуць тых, хто мне дарагі. Але не, я хаця іх, я хаця аднаго чалавека выратую ад цябе, смоўж.

Напэўна, выгляд яго быў такі жахлівы, што Маркіч зразумеў, змяніўся ў твары і падаўся назад, але далёка адысці не паспеў. З нясцерпнай асалодаю, з ясным усведамленнем таго, што робіць, Берасневіч адвёў руку, уклаў у яе ўсю сваю нянавісць і свой боль і паслаў яе наперад.

Пад скляпеннямі старой аўдыторыі гулка пралунала поўха. Пасля яшчэ адна.

Яшчэ.

Усе стаялі моўчкі. Ніхто не затрымаў яго рукі. Усе ведалі, гэта была не проста поўха, Гэта быў учынак чалавека, які разрываў кола. Гэта была мужнасць.

У цішыні прагучалі крокі да дзвярэй. Усе ведалі: чалавек уходзіць назаўсёды. Толькі калі ён быў у дзвярах, пачуўся за яго спіною прыдаўлены ўскрык:

– Ула-а...

I зноў стала цішыня.

Ён выйшаў з аўдыторыі, прайшоў па калідоры, спусціўся па сходах, і толькі на вуліцы яго моўчкі дагнаў Паўлюк і пайшоў поруч. Так моўчкі, не карыстаючыся трамваем, яны прайшлі горад, дайшлі да інтэрната, увайшлі ў пакой.

Паўлюк, не пытаючыся, дапамагаў Берасневічу ўкладваць яго чамадан, пасля ўзяў яго. Берасневіч паглядзеў на Паўлюка і раптам прыцягнуў к сабе.

– Дзякую, браце. Не сумуй, яшчэ пабачымся. Проста я не магу тут больш.

– Куды ж ты? Дадому?

– Не, я проста даведаўся, што ў вобласці, у вёсцы Вавуліцкі Млын, ёсць яшчэ да гэтага часу вакантнае месца настаўніка. Так будзе лягчэй... для яе. А экзамены здам пасля... каб толькі не бачыць. А можа, мяне яшчэ і выганяць.

– Не забывай нас, Уладзік, - журботна прамовіў Паўлюк.
– Мы цябе любілі.

– I я вас вельмі, вельмі любіў. На вось, трымай адрас.

...Было рана, але цягнік ужо стаяў на пуцях. Вечар быў шэры і змрочны, масляніста блішчэлі рэйкі. Берасневіч узяў ад Паўлюка чамадан.

– Не трэба далей. Я пасяджу сам у вагоне. Бывай, дружа.

...Паўлюк пайшоў, а Берасневіч зацягнуў у вагон чамадан, паставіў яго на месца і зноў выйшаў на пуці. Агні далёкага горада ззялі недзе на ўсходзе, мокры водар паркаў далятаў аж сюды, пачынаў імжыць дробны дождж.

А Паўлюк між тым выйшаў у горад, падумаў хвіліну і рашуча накіраваўся да тэлефона-аўтамата. Там ён набраў нумар Алёнкі і, злуючы на сябе, спытаў:

– Хто ля тэлефона? Алёнка?

– Не, гэта яе маці. А ў чым справа?

– Прабачце, ці не можаце мне сказаць, дзе яна? Я яе знаёмы і бываў у вас. Студэнт.

– Яшчэ не прыйшла з універсітэта.

– Добра. Калі яна прыйдзе, скажыце ёй, калі ласка, што вядомы ёй чалавек ад'язджае сёння ў 20. 40 з трэцяга пуці. Вагон нумар шэсць. Фарміруецца тут, так што яшчэ паўтары гадзіны.

– Добра, я скажу.

Паўлюк павесіў трубку, падумаў яшчэ трошкі, а пасля махнуў рукой і накіраваўся кудысьці, куды цягнулі яго ногі.

А Берасневіч усё яшчэ стаяў. Часам мозг забываўся на ўсё, і яму здавалася, што ён едзе на вакацыі, што яшчэ будзе лета, што зараз прыедзе праводзіць яго Алёнка. Патроху ён і сапраўды пачаў чакаць яе, і яму здавалася, што яна прыйдзе, што яна неадменна павінна прыйсці, таму што нельга не адазвацца на такое жаданне, на такі прызыў.

Жаданне вырастала, запаланіла яму ўсё сэрца, ён глядзеў на гадзіннік, на якім шалёна скакалі стрэлкі, крочыў па платформе, не заўважаючы халоднай імжакі.

– Грамадзяне пасажыры, цераз пяць хвілін адыходзіць цягнік...

Як, ужо? Гэтага не можа быць.

Ён глядзеў на пуці, сэрца яго замірала ад кожнай жаночай фігуркі, якая бегла да вагонаў... Здаецца, яна! Не, не яна... Тры хвіліны засталося... Вось, здаецца... Дзве хвіліны... Адна... Гудок цягніка. Гудок! Гудок!

Цягнік рушыў.

I ўсё ж ён стаяў у тамбуры і глядзеў у дзверы, пакуль не зніклі з вачэй перон, вакзал, вялікія будынкі горада, пакуль не пачалі скакаць абапал рэек сады прадмесцяў. Пасля паставіў каўнер паліто, усміхнуўся нявесела і сказаў сам сабе:

– Вар'ят. Усё ж было ясна.

Цягнік ішоў.

Знік горад. Змрок залёг за рэйкамі, пачалі пісаць нетры, яліны, цьмяная вада балотцаў.

Хто ж населіць гэту краіну казкі? Хто песнямі напоўніць маўклівыя лясы? Дзе ты, Алёнушка?!

Светлыя плямы ад вокан беглі па ялінах; гулка аддавалі рэхам пад коламі масты.

XIX

9 лістапада 1952 г.

Дарагі Уладзіслаў!

Вось ужо месяц, як ты паехаў, але лістоў ад цябе ўсё няма. Хачу напісаць табе, што дрэнна так забываць сяброў. Відаць, твой ліст у ЦК дапамог, таму што ніхто не збіраецца лаяць цябе за гісторыю з той поўхай. Напэўна, у гэтай справе разбіраліся. Карацей кажучы, я дамовіўся: ты не выключаны і можаш вучыцца завочна, узімку здаць экзамены, а вясной абараніць дыплом. Як хаця ты там?

Мы жывыя, здаровыя. Хлопцы вельмі шкадуюць цябе: не падтрымалі своечасова. Янка кажа, што не трэба было быць баранамі і чакаць разумных рашэнняў з ЦК, калі ёсць на плячах уласныя галовы.

Ты будзеш здаваць, гэта галоўнае. Над галавою Касмача, здаецца, была з-за цябе навальніца, але мінула.

У аспірантуру замест цябе мяркуюць Маркіча. Вось, здаецца, усе пакуль што навіны.

Ва унiверсiтэце нудна i брыдка. Я не магу глядзець на твары Холадава i Маркiча. Хочацца хутчэй скончыць i паехаць. Нават святыя гады студэнцтва, нашу Alma mater, запаганiў гэты мярзотнiк.

Але ўсё нічога. Пакуль што бывай.

Твой Паўлюк.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: