Вход/Регистрация
У снягах драмае вясна
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

– Ты, вядома, не кахаеш мяне. Тваё добрае сэрца памёрла для мяне - і я чужы. Я ведаю, я не варты гэтага...

Алёнка раптам упала вачыма ў далонь. Голас яе трапятаў, быў перарывісты і гучэў роспаччу:

– Уладзік! Уладзік! Мы гордыя, мы трымаемся, мы нават можам разысціся, не сказаць галоўнага, самага важлівага... Я маўчу... Але пашкадуй і ты мяне, пашкадуй хоць трошкі. Не прымушай зрабіць апошні крок. Вядома, я заснула навекі, але ж і такіх можа абудзіць нехта!

Ужо бачныя былі пад гарою ласкавыя агеньчыкі станцыі, чакаць далей было нельга, расступаліся і радзелі дрэвы пушчы. Яшчэ якіх-небудзь тры кіламетры да гэтых начных, здалёк бачных агеньчыкаў, і ўсё будзе скончана.

Берасневіч спыніў коні, павярнуўся да яе, прыўзняўся ў санках. На фоне зорак вялізным здаваўся яго заінелы сілуэт.

– Можа, я здолею зрабіць гэта? Я зманіў табе. Я ніколі не быў шчаслівы з тых дзён і без цябе - не буду. Я хлусіў, каб ты была спакойнай. Боль у сэрцы не прайшоў. Ён жыве і стаў яшчэ мацнейшым.

Яна маўчала.

– Можа, і для нас яшчэ ёсць шчасце?
– зноў спытаў Берасневіч, прыбліжаючы свае вочы да яе вачэй. Спытаў уладна, як быццам сцвярджаў гэта.

Зноў маўчанне. Ён бачыў толькі, як хілілася яе галава.

– Ну?

I, не атрымаўшы адказу, ён узяў яе за рукі, прыцягнуў да сябе і пацалаваў у лоб.

З кароткім уздыхам, амаль стогнам, яна схілілася да яго на грудзі:

– Я не магу больш. Я столькі трымалася. Няхай я дрэнная, няхай гэта несумленна, але я не магу страціць цябе, забіць цябе... I сябе таксама.

– Я так знудзіўся па табе, - шчасліва сказаў Берасневіч, схаваўшы ў яе валасах свой твар.

Яна маўчала. Цяклі хвіліны, схіляліся да гарьь зонту горы. Лес, бураломныя хвоі, снег.

Далёкі гудок цягніка абудзіў іх. Берасневіч сілком адарваўся ад яе, павярнуў да сябе і ўзяў у далоні яе твар:

– Слухай, Алёнка, далёкая мая, блізкая. Я не хачу карыстацца гэтымі надзвычаннымі хвілінамі. Я ведаю, гэта ўспаміны, гэта даўні боль, гэта водгулле далёкіх дзён. Я амаль веру табе, але мы прайшлі столькі пакут, што для мяне было б смерцю памыліцца яшчэ раз. А ты не можаш верыць мне. Праўда?

– Не ведаю... магчыма, і так.

– Дык слухай. Заўтра прыйдзе роздум і мяне не будзе поруч. Ты паедзеш і добра падумаеш, верыш ты мне ці не. Падумаю і я. Праз два тыдні я буду ў горадзе. Адносна мяне ўсё ясна, я не змянюся. Я прыйду да цябе і дам сваю руку. Ад цябе будзе залежаць, возьмеш ты яе альбо не возьмеш. Паразмаўляй з маці... А я буду абавязкова.

Коні рвануліся, узялі з месца і памчалі да далёкіх агнёў. Закурыўся снегавы пыл, срэбра таяла на конскіх спінах. Лейцы вольна ляжалі ў адной руцэ Берасневіча, а другой руцэ было цёпла ад тонкага нават праз кажух Алёнчынага пляча.

Як мужна б'е ў твар вецер, якія прыгожыя вясёлкавыя слёзы навярнуліся, дзякуючы яму, на вачах. Якая бязмежная, сіняя, якая шчаслівая далячынь.

Старэнькі вакзал, перад дзвярыма натрусілі ля конавязі сена. У зале цеплыня, коней глядзіць стары дзед, які чакае ранішняе пошты. I, галоўнае, ёсць час пасядзець, адпачыць ад неверагоднага, спозненага і горкага шчасця: цягнік пайшоў хвілін сорак таму, а наступны будзе толькі праз гадзіну.

Ёсць і білеты. Якім цёплым паветрам патыхае з дзвярэй буфета, які ён бедны і мілы! I можна разбудзіць буфетчыка, які драмае ля стойкі, і папрасіць чаю.

На доўгі час, на ўсё жыццё запамятаецца гэты смешны, аблезлы буфет, азызлы добры твар буфетчыка, халодныя рукі Алёнкі, якія трэба расціраць і якімі яна так смешна сціскае шклянку з чаем. Надоўга! I шчаслівы той, у каго ёсць такі ўспамін. У далёкія-далёкія будучыя гады пранясе ён яго, і калісьці, на схіле дзён, варта будзе толькі сказаць: "А памятаеш?" - і зноў памяць узрушыць усю істоту чалавека, пакажа гэты буфет, у якім яны адны, станцыю, загубленую ў снягах, штучную пальму ля акна, ноч над лясамі.

– Ого, глядзі, Алёнка, крымскі мускат, масандра. А ў гарадах ламаюць шыі, каб дастаць. Што б вы думалі наконт бутэлечкі?

– Уладзік, ты стаў сапраўдным мужчынам, цябе цягне на выпіўку. Вядома, я згодная, калі ты хочаш.

Буфетчык глядзіць на іх і ўсміхаецца. Вядома, і ў яго ёсць жонка, напэўна, ужо ў гадах. Яна зараз спіць. Магчыма, яны і лаюцца часам - у іх не можа быць такога, як у Берасневіча з Алёнкай. Але ён здалёк глядзіць на іх з такой зайздроснай і добрай усмешкаю, так яму цёпла каля іх маленькага агню, што ён будзе некалькі дзён асабліва добры з жонкаю, магчыма, нават пяшчотна, як раней, пацалуе яе, вярнуўшыся з дзяжурства.

Віно налілі ў звычайныя шклянкі (келіхаў тут не водзіцца). Слава тым, хто збярог для іх, для гэтай ночы сярод снягоў, сонечныя цеплыню і святло!

Берасневічу здаецца на хвіліну, што гэта ў іх вяселле, і чырвань залівае яго шчокі. Яна глядзіць на яго і таксама чырванее. У зале цёпла. Вакол, за вокнамі, ляжаць снягі. Рука Алёнкі, тонкая і цёплая, ляжыць на стале.

Якое шчасце, што былі гэтыя гады выпрабаванняў. Без іх не было б гэтай самотнай ночы, гэтага старэнькага вакзала, гэтых снягоў. Як хутка бяжыць час! Вось ужо хутка трэба ісці. Але, можа, не было б так добра, калі б не ляжала наперадзе гэтая кароткая разлука. О, гэты асаблівы сум, непадзельны ад радасці!

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: