Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
І ўсё ж ва ўсім нейкі лёгкі сум, што ніадкуль не праменіцца, а нібыта раўнамерна - і спрадвеку - рассцелены ў гэтай прыродзе, у гарбах, палях, срэбных стронгах, у небе, ва ўсім, што навокал.
Я не першы раз тут. І кожны раз, калі б я ні прыехаў, - гэтая лёгкая журба, разлітая ў паветры. Гэта заўсёды так, узімку ці ўлетку. Уся розніца, што ў адзін час лясы шызыя, а ў другі - фіялетавыя. А сум адзін. Я добра ведаю яго, я нават крыху шчаслівы ім, як ад сумнай музыкі. І ўсё ж гэта журба.
– Слухай, Альгерд, - я не ведаю, як растлумачыць свой настрой, - адкуль тут усё разлітае... Ну, разумееш, як бы сонца ні ззяла, як бы весела палі ні беглі... Адкуль тут такое...
– Адценне журботы?
– пытае ён.
- Ну так. Ну весела ж нам. Добра разам. Сябры вакол. Прыгажосць гэткая. Але чаму тады "Антона з казой" ці "Бабку Любку з дзедам" спяваць не хочацца? Чаму заўсёды на спявучае, доўгае, шчымлівае крыху цягне, скажы ты мне?
– Не ведаю. Сам не ведаю чаму... Зямля... Зямля нібыта не збыла штосьці. Вось беражэ ў сэрцы, нявыкупленае.
– Ну вось... Ты ж ведаеш, пару разоў я не адзін сюды прыязджаў... Адзін раз з ёю... Ты ж ведаеш, я... мне добра з ёю, як ні з кім. І ўсё адно сум адусюль.
Сябар крыху ніжэйшы, мажнаваты, разважліва думае:
– А табе не здаецца, што ты сённяшні свой настрой на той прыезд пераносіш? Што ты зараз тужыш, а табе здаецца, што тужыў тады?
– Не, вось гэта - не! Тады нават больш тужыў, чым зараз. Ты ведаеш, шмат мінула, прытупілася. Дый зараз яшчэ, мабыць, няпозна было б вярнуць...
– Харошая яна... А ты... Словам, брыдкая была гісторыя.
– Страшэнная гісторыя... Паршывая... Страшная... Сам, думаеш, не бачу, не вінюся... Але нават тады, калі шчаслівы быў, - ну цягне, ну цісне нешта па сэрцы. Як перад пажарам у хаце. Як нібыта злачынства нейкага продка, даўно забытага, падсвядома адчуваеш... Ну і вось. Як рассекла нешта, як адрэзала. І нічога няма. І, здаецца нават, не магло быць.
Збочваем з дарогіна неруш. Ружова бяжыць шалянец, мяккі, як лапкі кацяняці.
– Ведаеш, - кажа Альгерд сваім глухаватым, вельмі акцэнтаваным голасам, які не зблытаеш з ніводным, - я вось казаў, што зямля нібыта не збыла штосьці... беражэ ў сэрцы, нявыкупленае. І вось мне прыйшло да галавы, што ёсць мясціны, нешчаслівыя для некаторых. Не для ўсіх. Жывуць тут людзі, смяюцца, кахаюцца, і ўсё ў іх добра аж да апошняга крыжа. А іншым ну вось непамысна на душы, і ўсё. Таму, што не толькі зямля, а нібыта і сэрца чыёсьці тут чагосьці не збыло. І хто настроіцца, як яно, - для таго тут шчасця не бывае, Славамір.
"Славамір" - гэта я. І гэты Славамір дужа здзіўлены. Сябар мой - гэта чалавек, які хаця й дужа тонка адчувае ўсе нюансы прыгажосці, усе звівіны думкі, - да містыкі аніяк не здатны. Дакладны, адразу хапае сэнс любой праблемы, валодае выключнай інтуіцыяй, можа любую з'яву прасачыць да кораня, але, мабыць, усё ж устрымаецца перад самым прывабным яе вырашэннем, калі яно пашкодзіць крыху сухаватай ісціне... Гэта ўжо хутчэй я... Кепска ж я яго ведаў... А можа, хоча суцешыць мяне за ўсё тое, што здарылася? Ды не, гэты не з тых.
І аднак, чым больш я думаў над яго словамі, тым больш я адчуваў, няхай сабе і крыху ўпрыгожаную, верагоднасць, нават праўдзівасць гэтай думкі.
– Ведаеш, можа, і рацыя. Спынішся вось у нейкім месцы, і так табе беспрычынна радасна, нібы цябе ласкочуць. А пасля выявіцца, што ўся вёска там святкуе, што столькі хлопцаў з дзеўкамі на той бераг прыходзіла. А часам - ну так летуценна, так журботна, што ніякай дзяўчыны табе там не трэба. Вось сядзеў бы, маліўся чортведама каму, думаў бы... Не заўсёды. Часам ты вясёлы, а сябры - нікуды, часам і наадварот. Гэта ўжо якая душа. Ад настрою.
Памаўчаў.
– Нібы сама зямля ведае, што тут адбывалася. Нібы яна нечым дыхае. Памятаю, ніколі такой тугі не адчуваў, як аднойчы пад Любчай... Табе не абрыдла?
– Абрыдне - скажу.
– Паехалі з дзядзькам у лес прывезці бярвенні. Хаця нейкая карысць з мяне. І вось... ну, зарэз. Урочышча Калюгі. Думаў, можа, бярвенні цягаць не ж-жадаю так. А пасля дзядзька паказвае: "шведскія курганы". А "Калюгі", бо калоліся. Багнэтамі. Пасля вычытаў: загінулі дзве шведскія кавалерыйскія сотні. Маладыя гады, гожыя. Ясна, пра што думалі перад гэтай касталомкай. Дзядзьку нічога. А мне - ну вось нібы дагэтуль яно ўсё вісіць у паветры.