Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
Мякка струменілася ўзгоркамі зямля. Залаты лубін аж шалеў між счарна-сініх лясных грыў.
– Ты пад Мілавідамі быў?
– пытаю я.
– Не. Гэта там, дзе ў маі шэсцьдзесят трэцяга?
– Ну так. паўстанцкае войска ўрадаваму наклала. Правільна зрабіла. Але вось... Падабралі забітых. Адных - па адзін бок дарогі, другіх - па другі. Шаша пралягла. Стаяць твар у твар два крыжы. Машыны шыкоўныя едуць. Хлопцы ў іх, дзяўчаты даўгалыгія. Транзістары лупяць. І ведаю я, што - якая ім справа? Іхняя справа - жыццё! Але ж і мая гэта справа! Я да сярэдзіны веку чалавечага не дайшоў. А як падумаю, як гэты... Дым цераз дарогу... Адзін у аднаго. Як крычалі, як рыкалі ў запале, як маму клікалі. А мясцовыя ж, пэўна, і з другога боку былі, сярод карнікаў.
Адхон спускаецца да рачулкі. Стаяць над ёй ненатуральна высокія, цяністыя і зялёныя дрэвы. Але і над імі - нібыта цень таго крыжа, што непадалёк адсюль, думае над старым шляхам.
Альгерд, як заўсёды, куды разумнейшы і танчэйшы за мяне. Ён сядае на густую, такую сакавітую, што аж страшна мяць, траву, ляпае далонню побач.
– Кінь, Мірак. Не нудзьгай, не тужы. Не журыся. Тут зубы трэба сціскаць, што столькі яшчэ крыжоў на зямлі. Ад праўды - яно нічога, яно - трэба, каб памяць стаяла. Ад няпраўды - вось што поскудзь...
Мір і спакой. Пад адхонам, у засені дрэў, весела бяжыць маленькая Расалоўка, каб упасці - зусім блізка адсюль - у абдымкі Лошы.
Птушкі спяваюць так, нібы заўтра ім забароняць гэта на вякі вечныя. І стане цішыня...
Спяшаецца, спявае Расалоўка. Раздзіраецца нябачны жаўрук у блакітна-шэрых і ўсё ж яскравых вышынях. Роў ці, можа, глыбокая канава перасякае дарогу, бяжыць налева і направа, за далягляд.
– Во, браце, былая мяжа мужыцкіх і панскіх земляў, - кажа Альгерд.
– Што за спіною - усё чыста сялянскае, што наперадзе - панам належала. А гэта - крэс.
Крэс зелянее больш вільготна, калі можна зелянець больш вільготна за гэтыя палі. Рэдкі россып кураслепу тлуста жаўцее на ім. А мо не зелянейшы, а проста трава тут гусцейшая: каровы не любяць травы, у якой расце кураслеп.
Вырастала наперадзе і крыху ўлева сцяна лесу - за палявой дарогай, што вяла на чорны шлях, у куце, што ўтварала Расалоўка, зліваючыся са светлай Лошай.
– Бачыш, там, дзе Расалоўка прасёлак перасякае, на тым беразе два камяні?
– Ну. Там, дзе яшчэ здаровы куст татарніку.
– Там яшчэ на памяці людзей карчма стаяла, - кажа Альгерд.
– Невялікая. Тая яшчэ й зараз стаіць. На скрыжаванні гэтай дарогі з Чорным шляхам. Гэтая куды меншая была. Так, стайня стойлаў на пяць, агульны пакой, два малых ды карчмарова бакоўка. Кажуць, ужо тады дуж-жа старая была, аж зялёная ад часу.
– То якая ж карчмару выгода. Тут жа да вялікай мо менш чым вярста. А там жа і зручней і на людзях святлей.
– А чорт таго карчмара ведае. Ну, можа, не трапіць нехта ў вялікую, то сюды заедзе. Крошкі падбіраў. Ды потым, кажуць, гэтага карчмара астравецкія яўрэі звалі "крадла". Лясы вакол. Унь проста цераз прасёлак лес. Руднік называецца. Між Расалоўкай і Лошай. А унь за нашымі спінамі, наводдаль, яшчэ адзін цямнее. Козы вадзіліся. Ну й назва лесу Козы. Самае разбойніцкае месца. То, можа, яму якраз выгода была ў гэтым глухім кутку. Перахаваць, рабаванае скупіць. Ну й потым цёмным людзям таксама выпіць хочацца. Не на шлях жа ім ісці...
А ўсё ж аж гэтай пусткі, хто б тут ні жыў, добры чалавек ці дрэнны, павявае сумам закінутага. Як ад сліў, здзічэлых на котлішчы хутара. Як ад вёскі, што так і не ўстала. Вялікае ці малое, гора - яно адно.
Успомнілася мне адно такое гора, далёка адсюль, ля маіх родных мясцін. Але было такое і тут. Магло быць і па ўсёй беларускай зямлі.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
А было гэта вельмі проста. У вайну. Падчас блакады на Віцебшчыне, калі немцы вялікімі, аж да мінамётаў і артылерыі, сіламі абклалі ў Зафейскіх лясах некалькі нашых атрадаў.
Кальцо змыкалася. У кальцы заставаліся людзі ўзброеныя, якія шукалі выйсця, і людзі бяззбройныя: некалькі вёсак.
Ужо некалькі дзён дым сеяўся, цягнуўся праз лясны частакол. На даляглядзе з усіх бакоў абрыдліва вухала, і неадступна, як падлаеды над ахвярай, віселі ў замглёным небе "рамы".
Сонца праз дым было цьмянае і зеленаватае.
Самая глухая з вёсак, што трапілі ў гэтае кола, звалася Таўшчэзны Бор, семдзесят хат, сціснутых з усіх бакоў пушчай. Пушча была перастойная: з-за бездарожжа адсюль амаль немагчыма было вывозіць лес. Па той самай прычыне і свежыя людзі траплялі ў вёску рэдка, а і характар у тутэйшых людзей быў лясны, змрачнаваты, схільны да прымхлівасці, цяжкаватых філасофскіх разважанняў і той удумлівасці, якая спалучае самыя неспалучальныя пад гэтым сонцам з'явы.
І, аднак, гэта быў народ светлы, бездакорна сумленны, самазабыццёва схільны да гасціннасці.
Не замыкалі хат - і цвёрда верылі ў сілу жалвіцы, чарапашай травы: абпляці чарапашанятка плотам, дык матка прынясе тую траву і вызваліць дзіця, а тады, з той травою, хоць праз астрожны мур ідзі.
Клалі на шулы сухар (а раптам нейкі няшчасны ад паноў пабяжыць) - і клалі на пень кавалак хлеба для лясной бабы.
Ману, нават у дробязі, называлі: "душой богу рыгнуў".
І, аднак, губернскія епархіяльныя ведамасці яшчэ ў 1895 годзе скардзіліся, што сяляне вёскі Таўшчэзны Бор патаемна хаваюць нейкага ідала... А можа, гэта быў не ідал, а "Смуткуючы" - "Ведамасцям" было ўсё адно.