Вход/Регистрация
Нічые
вернуться

Федоренко Андрей Михайлович

Шрифт:

– Колькі цярпець можна?

– Ім плююць у вочы, а яны кажуць - дождж...

– Дзе Чайка?

– Дзе Жаўрыд?

– Ды дзе хоць хто-небудзь?!

А і не было нікога. Ніводнага камандзіра-бээнэраўца нідзе не было відаць: ні на плошчы, ні ў штабе. Толькі Мірановіч стаяў, прысланіўшыся да папярэчыны конавязі, спакойна пакурваў (а разам з тым вушамі стрыг, вачыма бегаў, усё заўважаючы, усё запамінаючы!), але ён і заўсёды быў невядома чыйго поля ягада, ды і баяліся яго: бунт бунтам, а мала што... Зачапіць яго ніхто не адважыўся. Ды яшчэ ўзнік быў аднекуль спалоханы Пракулевіч, паспрабаваў гаварыць, але пад свіст і ўлюлюканне як з'явіўся, так і знік. І правільна зрабіў, бо ўжо неслася з усіх куткоў пагрозліва-правакатарскае:

– Арыштаваць нацыналістых!

– Павыганяць з брыгады!..

Ужо вызываліся ахвотныя прабегчыся з вобыскам па дварах, па хатах - пашукаць, дзе хто хаваецца з радаўцаў. Па інерцыі не хацелі ўжо слухаць, абсвіствалі і балахоўцаў...

Атмасфера накалялася. Гнеў патрабаваў выйсця, а ачоліць мяцежнікаў, падказаць ім, што трэба рабіць (дарма што «марсэльеза» ад зубоў адлятала), павесці ўрэшце за сабою не было каму. Нехта раптам прамовіў кароткае слова «Чуб». Другі пераняў, паўтарыў гучней, за ім - трэці, і вось ужо ўся плошча заразілася:

– Правільна!

– Чуба ў камандзіры!

– Дзе Чуб?!

І той, не ламаючыся, не прымушаючы доўга сябе ўпрошваць - за адно гэта быў малайчына!
– узбег на ганак. Тупнуў пудовым ботам, ледзь дошку пад сабою не праламаў.

– Ёсць тут яшчэ беларусы?!
– гаркнуў на ўсё горла.

– Ёсць!!!

– Вядзі нас, Чуб!

– Хто на конях - за мной!

– Па конях!!!
– падхапілі - і хто меў тыя коні, і хто не меў.

Неўзабаве эскадрон колькасцю больш за паўсотню вылецеў з мястэчка. Сярод іншых быў і Валодзька Піліпчук, які з ночы круціўся на плошчы, абы да Чуба бліжэй; пачуўшы яго «па конях», ён самы першы кінуўся да хаты... Вось яно, чаканае, нарэшце! Нейкі час яму нават удавалася скакаць у авангардзе, побач з любімым Чубам і з Мірончыкам. Затым ён прыадстаў і толькі раз за разам азіраўся, ці не апошні. Былі і ззаду. Да таго ж вельмі хутка выявіліся нязручнасці гэтай стыхійнай конніцы. Ужо за ваколіцай ход яе парушыўся, частка вырвалася ўперад, большасць была збітая ўсярэдзіне, і многія яшчэ, рассыпаныя па адным, адставалі. Ніхто, канечне ж, у спешцы добра не падрыхтаваўся да такога паходу. Не былі як след падцягнуты папругі, збіваліся сёдлы, тупат капытоў дапаўнялі нейкае бразганне, звяканне, а таксама раздражнёная лаянка тых, хто вымушаны быў спешвацца і тут, узбоч дарогі, прапускаючы ўсіх уперад, прыводзіць у парадак конскую альбо сваю амуніцыю. Валодзька - у таго замест сядла была ватоўка, з якой ён увесь час спаўзаў і добра-такі намуляў паміж ног, пакуль не здагадаўся перасесці «па-бабску», ногі на бок.

Мала-памалу ўсё наладзілася. Эскадрон пастрайнеў, і па вуліцах злашчаснага сяла, якое ніяк нельга было абмінуць на шляху да Вызны, пранесліся імклівай лавінаю - амаль як чырвоныя «рубакі»!

Падсвістваючы, гікаючы, коннікі крычалі сялянам, што выбягалі з хат:

– Мы адпомсцім!

– Будзе жыць Беларусь!

А ім услед - праўда, ціха, так, каб нават у суседнім двары не было чутно, - пасылалі:

– Чэрці...

– Якой вы халеры панадзіліся сюды...

Можна было людзей зразумець. Прыгожае, не багатае і не беднае, ціхамірнае іхняе сяльцо ператварылася за гэтыя дні проста ў нейкі палігон, на якім усялякая «помста» была ім жа даражэй. «Вы адпомсціце і назад у Семежава, а нам зноў пад бальшавіцкія кулі!» - «Паслаў дык паслаў Бог кару - гэта нам за тое, што людзей тут пабілі!..» - «Дык і яны ж нашых пабілі».
– «А мы ж упярод - каб не мы, дык мо б і не яны...» Хутка знайшліся і вінаватыя, гэты «чорт гарбаты» Карпа з сынамі. Каб не ў яго двары... Сам Карпа, як і нявестка яго, не паказваўся гэтыя дні на вуліцы. Каля яго хаты Чуб прыпыніўся і перакінуў у двор вяроўку.

Савецкая Вызна не бачыла такога і пры паляках.

Уварваліся ў мястэчка на поўным хаду. З двух дазорных на ўездзе - шчупленькіх матросікаў-украінцаў Дняпроўскай ваеннай флатыліі, у чорных бушлаціках - аднаго засеклі адразу, і не пікнуў, другому, гаду, перш чым і яму раскроіла сталь чэрап, удалося выстраліць. Але гэта ўжо не мела ніякага значэння. Самі, гарцуючы на конях, смалілі ўгару з вінтовак, абрэзаў і пісталетаў.

– Патроны, чэрці вы, не расходуйце!
– крычаў злосна малады Мірончык; асадзіў каня, і той, як на карціне, прысеў на заднія ногі, паспеўшы ў паветры перабраць пярэднімі.

Гучалі стрэлы і каля рэўкама. Адсталыя толькі пад'язджалі на плошчу, дзе знаходзіўся рэўкамаўскі будынак, а там ужо кароткія разборкі былі скончаны. Каля калодзежа ляжалі, адзін на аднаго зваленыя, штук пяць трупаў, у чырвонаармейскай форме і ў цывільным...

– Чуб, цяпер не будзеш ужо з сабой забіраць?!
– гарлапаніў, душачыся істэрычным смехам, хтосьці.

Звінела, сыпалася шкло, трашчалі рамы, праз расчыненыя насцеж і павыбіватыя вокны ляцела рэўкамаўскае дабро: паперы, зламанае крэсла, пішучая машынка, якую тыя, хто быў на вуліцы, зараз жа патрушчылі нагамі. Звярнулі ўвагу, што на вільчыку вісіць чырвоны сцяг. Нехта спрытнейшы ўжо валок «пазычаную» ў бліжняй хаце доўгую драбіну. Прыставіў, ахвотныя падтрымалі знізу, той уміг, што малпа, ускараскаўся на дах. Падпоўз па вільчыку, даў раз-другі нагою - сцяг, кружачыся, упаў уніз, дзе пад рогат і радаснае ўлюлюканне быў абліты самагонкай і запалены. Але як бы не так! Самагон гарэў сабе сінім полымем, а палатну хоць бы што.

– Канчай прадукт пераводзіць!

– Газы трэба!

– Валодзька! Дзе наш «канакрад»? Збегай газы ў каго раздабудзь!..

Наверсе тым часам спрытняка выцягнуў з кішэні бел-чырвона-белую латку, сяк-так прыляпіў да абламанага дрэўка.

– Гура!

– Тут яму вісець навекі!

Спусціцца, аднак, аказалася цяжэй, чым ускараскацца. Калі вайсковец нязграбна, задам-задам, падбіраўся па слізкай дранцы да драбіны, знайшоў-такі адзін вытыркнуты цвік; пачаў злазіць, нагамі перабіраючы, - толькі белая скура замільгала праз раздзёртае галіфэ!.. І смех і грэх...

Валодзька Піліпчук нават брывом не павёў на просьбу збегаць газы раздабыць. Ён стаяў у натоўпе, трымаючы за повад каня, разам з усімі смяяўся з голай задніцы, пазіраў, як сцяг гарэць не хоча... А конь тым часам вёў сябе неяк вельмі неспакойна. Справа ў тым, што ён нарэшце быў у сябе дома. Побач, праз плошчу, усяго за якіх сто крокаў ён бачыў доўгую адрыну з маленькімі сляпымі акенцамі - родную канюшню. Натуральна, што пасля столькіх прыгод яму хацелася «дахаты», у звыклы загон, да сяброў і да свайго конюха, хацелася цёплага пойла, прыпраўленага лагодным расейскім матам...

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: