Вход/Регистрация
Нічые
вернуться

Федоренко Андрей Михайлович

Шрифт:

Канечне ж, Лебедзеў усё зразумеў і мігам скарыстаўся.

– Калі б вы, - падхапіў ён, усё ходзячы і ходзячы з закладзенымі назад рукамі, - сапраўды не хацелі нічога, вы не хацелі б і нікога. Вы выступалі б за незалежнасць ад усіх. Але ж нас, расейцаў - няхай чырвоных, няхай бальшавікоў, - вы ненавідзіце, на дух не пераносіце, а пад крылца Польшчы лезеце пішчом... Дык так і скажыце, шчыра: мы хочам незалежнасці ад адной Расеі, а там хай нас глытае хто хоча, там хоць трава не расці! Вось толькі палякі няньчацца з вамі да пары да часу... Гэтаксама, як мы няньчыліся з Махном, мірыліся з яго «жовто-блакітностю», ён нам, дарэчы, добра памог: Перакоп без яго тачанак нам бы ніколі не ўзяць; але як толькі адпала ў ім патрэба - дзе цяпер Махно? Тое ж зробяць з вамі і палякі, і вы выдатна гэта ведаеце...

– Ведаем, - прамовіў, гледзячы ў стол перад сабою, Чайка, і Лебедзеў не паверыў сваім вушам. Ад такой удачы страшэнна хацелася курыць.

– Адно кепска - не мы выбіраем, а нас. Мы проста змушаны хіліцца да тых, хто прызнае нас як самастойны рух, прызнае, урэшце, нашае права на існаванне, як робіць пакуль што Польшча... Па-другое, наконт нібыта нянавісці да расейцаў... ёсць Расея, і ёсць Расея. Калі тры гады назад ваш Ленін трапаўся пра «дзве вайны - справядлівую і несправядлівую», пра «два нацыяналізмы ў кожным народзе - негатыўны і пазітыўны», калі ён прызнаў права за кожным народам, і за намі, беларусамі, на самавызначэнне, і даказаў гэта на прыкладзе Фінляндыі, тады і мы гатовы былі прызнаць і вашую Расею, і вашага Леніна, і вашую ўладу. Але ж вы адной рукой пішаце дэкрэт аб міры, а другой - аб'яўляеце афіцыйны тэрор, залілі крывёю да краёў гэтую самую любімую вамі «матухну»-Расею; адной рукой пішаце дэкрэт аб зямлі, другой - выграбаеце да апошняга ўсё, што на гэтай зямлі вырасла!.. Адной рукой падпісваеце права народаў на самавызначэнне, другой - пастанову аб разгоне Ўсебеларускага з'езда... вось як вас за гэта любіць, прызнаваць, як вас за гэта не ненавідзець?
– І зусім нечакана закончыў: - Каб вы хоць трошкі менш крыві пускалі, каб неяк інакш рабілі ўсё гэта...

– А іншага спосабу не прыдумана, на жаль! А белыя як робяць? А палякі? А вы, калі, дапусцім, пераможаце, не так будзеце рабіць?

Лебедзеў ужо зусім пачуваўся тут гаспадаром. Раптам ён хутка, так, што Чайка ўздрыгнуў, падступіўся блізка і паклаў яму руку на калена, зазірнуў у вочы, зашаптаў пранікнёна:

– Павел Пятровіч, паверце! Калі вы ўжо сабраліся ваяваць з чырвонымі, дык рабіць гэта можна і трэба інакш! Бунт ваш смешны... пераходзьце да нас - а нас, такіх, як я, цяпер, дзякаваць Богу, нямала, - і мы зробім для знішчэння бальшавізму больш, чым усе бунты, разам узятыя!.. І калі скончыцца гэтая куламесь, а яна скончыцца ж рана ці позна, тады мы і адродзім Расею... Ды з вашым талентам, з вашым аўтарытэтам (амаль слова ў слова паўтараючы Кутылоўскага)... Каму вы тут трэба, хто вас тут ацэніць?.. Прападзеце вы тут, Павел Пятровіч, мне проста шкада вас!..
– у прыцемках страшна свяцілася здаровае вока.

– На вашым месцы я пашкадаваў бы, - адказаў Чайка. Скінуў руку з калена. Падняўся, пазяхнуў.
– Скончана дыскусія! Хадзем.

Падышоў да дзвярэй, адчыніў іх і крыкнуў у калідор:

– Даніла, сядлай жарабца!
– і пачаў апранаць шынель.

Лебедзеў таксама зашморгнуў гаплікі шыняля, насунуў на галаву сваю «будзёнаўку».

– Куды?
– спытаў з пакорлівай усмешкаю.
– Назад, у каталажку?

Чайка змоўчаў.

Яны выйшлі з хаты. На іх дыхнула свежым марозікам. На двары - ад белага снегу і зорнага неба - было відней, чым у хаце. Чакаючы, пакуль Даніла асядлае і выведзе каня, Чайка стаяў спакойна, а Лебедзеў прытупваў і хукаў на рукі.

«Вось дык фокус!
– думаў ён.
– Няўжо гэты бязвольны ахламон, якога так лёгка было разгадаць, ачмурыць, няўжо ён сабраўся адпускаць мяне? Перайграў?»

Цяпер, пасля такой шпіёнскай лёгкай і хуткай удачы, Лебедзеву хацелася ўжо большага. Застацца б у Семежаве, пакруціцца тут, разнюхаць... Але ж задні ход не дасі! Не скажаш пасля ўсяго, аб чым распінаўся ў «маналогу», - пакіньце мяне тут! Зрэшты, і так усё добра. Што яшчэ трэба? Заданне выканана. Ведае ён многа. Вернецца (калі, канечне, сапраўды яго адпусцяць) жывы і адносна цэлы, сінякоў не лічачы... І ўсё ж Лебедзеў сплюнуў з прыкрасці.

Даніла вывеў жарабца, падтрымаў стрэмя, пакуль камандзір, нязвыклы да чужога каня, на яго ўзбіраўся. «Но!»

Снег храбусцеў пад капытамі каня і пад ботамі Лебедзева, які ішоў збоку. А вуліца жыла. Мутнымі агнямі свяціліся вокны, каля варотаў і веснічак стаялі людзі, чулася гамана, дзявочыя піск і смех, гукі баяна. У тым баку, дзе плошча, паўнеба было асветлена зарывам вогнішчаў. Чайка з Лебедзевым моўчкі прамінулі доўгую вуліцу і апынуліся на шырокай убітай дарозе, што вяла да Вызны.

Наткнуліся на дазор, Чайка назваў пароль (Лебедзеў ледзь стрымаўся, каб не зарагатаць), і яны рушылі далей. Лебедзеў хутка ішоў побач.

Калі пачаліся з аднаго боку дарогі цёмныя дрэвы, - бадай, адзіны лес на гэтыя балацяністыя ваколіцы, Лебедзеў спыніўся.

– Далей не пайду!
– сказаў цвёрда. Хоць і брыдка яму было разыгрываць гэтую апошнюю ўжо мізансцэну, але трэба было для большай праўдападобнасці...

Ён адступіў на крок. Смела ўскінуў галаву. Скрыжаваў на грудзях рукі («Страляй, сволач, - так паміраюць лепшыя сыны Расеі!..»).

– Гэта прамы шлях на Вызну, - сказаў Чайка.
– Усё адно лесам трымайцеся... Праз паўвярсты будзе яшчэ дазор, злева, на пагорку.
– Ён павярнуў каня ўпоперак дарогі, збіраючыся ўжо ехаць назад, потым дадаў: - І нашая разведка павінна сюдою вяртацца, не наляціце, - крануў вуздэчку.

– Чайка!
– пачулася ўслед.

– Што?
– спытаў ён.

Лебедзеў працягваў яму руку.

– Ведаеце, Чайка, у мяне адчуванне, што мы яшчэ ўбачымся...

Завярнуўся і пайшоў адкрыта, сярэдзінай дарогі (пра сябе смеючыся з бязвольнага ахламона), пакуль не прапаў з вачэй.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: