Шрифт:
Не тое што няпраўда - усё так і магло быць, як паведамляў рэўкамавец. Але сам дух гэтай запіскі... Губмян прыплюшчваў блізарукія вочы - паўставала перад ім белае поле, падфарбаванае чырванню марознай раніцы... Сабакі носяцца адзін за адным каля падводы... Паводзіны Кецкі толькі дурню могуць не падацца падазронымі. Зрэшты, чорт з ім: такіх Кецкаў, якія толькі і мараць пусціць нам кулю ў спіну, палова ў савецкіх органах, а ў арміі яшчэ болей. Няма з каго дужа выбіраць. Вось калі скончыцца вайна, перамелецца ўсё, наладзіцца, тады і пачнём закасаўшы рукавы адбіраць, фільтраваць, раз'ясняць, «аць»... «яць»...
Прачытаўшы ўсё ўважліва, Губмян устаў і пацягнуўся - дрыжыкі прайшлі па спіне, ад холаду, здалося, нават далоні пакрыліся цыпкамі. Цяпер бы заваліцца ў цёплы ложак, пад пярыну... Пад пярыну! Аддыхнеш тут, зараз! Галоўнае, злавала, што вораг несур'ёзны, а на яго трэба траціць сілы, і нервы, і час. Адна справа ваяваць з белымі ці з палякамі і другая - з «беларускім нацыянальным рухам», ды самое гэтае словаспалучэнне абсурднае!.. Прыйшло на розум параўнанне чалавека, які дужаўся з быком, перамог яго, прысеў адпачыць, а тут круціцца пад нагамі шчанюк і не кусаецца, а назаляе...
Каб выглядаць на выступленні бадзёрым, камісар прымусіў сябе зрабіць зарадку, папрысядаў - рукі ў бакі, рукі ўперад. Дастаў з шафкі сухія халодныя парцянкі, прытанцоўваючы на ледзяной падлозе, пераматаў - сваімі, бруднымі і мокрымі, пачысціў збольшага боты... Крутнуўся на абцасіках на сто восемдзесят градусаў перад пабітым люстэркам, стараючыся ўбачыць сваю спіну, - барада варушылася ад паветранага струменя... Паправіў акуляры, узяў пад паху папкі з паперамі і цвёрдым крокам, не забыўшы прымкнуць на ключ дзверы, выйшаў на калідор. Па лесвіцы, прыступкі якой былі цямнейшыя па краях і светлыя пасярэдзіне - след ад дывановай дарожкі, - спусціўся на першы паверх.
У былой рэстарацыі, а цяпер проста сталоўцы, яго ўжо чакалі. Усе былі ў зборы, чалавек дваццаць, камісары, камандзіры і яшчэ нейкія людзі ў цывільным, невядомыя камісару. Таварышы, якія прысутнічалі на расстрэле вёскі, трымаліся разам: быў тут сярдзіты хлапчук у сваім галіфэ, былі Кецка з Лебедзевым.
Калі ляпнулі дзверы без пнеўматычнай спружыны і паказаўся таварыш Губмян, загрымелі, застукалі крэслы і табурэткі, заскрыпелі скураныя тужуркі і хромавыя боты. Усе падняліся. Губмян прабег да стала, знарок для яго падрыхтаванага, нават графін з вадою і шклянку не забылі і завостраны на іголку аловак з чыстым аркушыкам паперы - прыемная клапатлівасць!
У вялікім гулкім «рэстаране» халадрыга была яшчэ горшая, чым у «люксе»; зрэшты, як слова «люкс» у дачыненні да камісаравага цяперашняга нумара гучала іранічна, так і слова «рэстаран» у дачыненні да гэтай пустой і гулкай, абрабаванай залі. Толькі на вокнах тут нейкім цудам захаваліся рэшткі былое раскошы - цяжкія шторы з цёмна-ліловага, як высахлы атрамант, бархату, ды яшчэ пад самай столлю вісела мёртвая, без свечак і электрычных лямпачак, люстра-жырандоля, якая ацалела, па ўсім відаць, таму толькі, што не знайшлося такой высокай лесвіцы. Іншая справа - як дасюль нікому не прыйшло ў галаву проста расстраляць яе?..
– Прашу садзіцца, таварышы!
Ізноў, заскрыпеўшы і загрукаўшы, уселіся.
Губмян пераставіў месцамі графін і шклянку, кінуў на стол папкі. Хуткім паглядам акінуў зборышча... Стрымаў уздых - колькі ні даводзілася выступаць яму на падобных сходках, ніколі не мог пазбавіцца патаемнай, недзе ў падкорных глыбінях сваіх камісарскіх мазгоў заселай думкі: і як гэтае войска, з такіх людзей сабранае, існуе, трымаецца, ды яшчэ й перамагае?! Міжволі паверыш правадырам-аракулам, таму ж прыдуркавата-рамантычна-набожнаму Луначарскаму, што бальшавіцкая справа - святая, тое ж хрысціянства, сам Бог над ёй апякуецца...
– Так я вас поздравляю!
– сваім непамысным, да якога ніяк нельга было прывыкнуць, голасам выкрыкнуў Губмян.
– Віншую - пад носам у нас, на прыгранічнай тэрыторыі, пры патуранні з нашага боку поўным ходам фарміруецца рэгулярнае войска! А нам хоць бы хны, мы не дбаем! Вось тут, - гучна ляпнуў адной з папак аб край стала, - для ўсіх нас вялікі сюрпрыз! Вось тут вот для нас, таварышы, наступныя звесткі! Вы ведаеце, што французы - не палякі, а французы!
– сочаць за ўсімі гэтымі падзеямі? Вы ведаеце, што яны толькі таго і чакаюць, калі слуцкая банда, якую ніхто з вас не ўспрыняў і не ўспрымае ўсур'ёз, разрасцецца і ўмацуецца тут? Калі яна аформіцца ў армію? Калі яна створыць мясцовыя органы ўлады і тады афіцыйна зможа запрасіць ваеннай падмогі той жа Антанты? Вы ўсведамляеце, наколькі ўсё гэта сур'ёзна?
Памаўчаў. Змяіныя, тоўстымі лінзамі акуляраў павялічаныя, вочы пранізвалі ўнураных паплечнікаў.
– Да вас даходзіць, што на гэтым кавалачку зямлі [9] вырашаецца цяпер не толькі лёс савецкай улады ў Беларусі, але, магчыма, і лёс Усходняй Эўропы?
– Ды колькі можна: Эўропа, Эўропа!
– што мы ўсё зырымся на тую Эўропу?!
– не вытрымаў, ведаючы, што за маладосць яму даруецца, хлапчук-камандзір, які сядзеў за першым сталом побач з Лебедзевым.
Так і атрымалася. Камісар не зрабіў яму заўвагі, як бы і не было рэплікі, а працягваў далей:
9
«Сочувствуюшие нам французы определенно заявляли: "Если бы вы имели хоть клочок земли, где бы Вы были хозяевами, вопрос о международном признании БНР был бы разрешен положительно и Вам была бы дана помощь"».– А.Луцкевіч.