Вход/Регистрация
Маці ўрагану
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Антох. Ты мяне да сябе прыпражным не бяры.

Вашчыла. Ну до, до... Значыць, так, людзі, заўтра выступаем. Нас чатыры тысячы ды ў Крычаве прыдатных да зброі знойдзецца столькі ж. Карпач, каравулы праверыў?

Карпач. Праверыў. I перад імі хаця б чый след.

Iлья. Які след? Завея мяце. I пройдзе нехта – міргні вокам і ўжо не відаць.

Поп. Хто ў такую завіруху куды палезе? Спяць на печках.

Вашчыла. Усё ж трэба яшчэ прайсці. I асабліва ля Воўчага Яра. Ідзі туды... ну хаця ты, Ілья.

Поп. I я з ім.

Антох. Я пайду.

Вашчыла. Вы там перасабачыцеся. Ты, Антох, ідзі лепей з Бачком і Ветрам на ўсходнюю лінію вазоў. Вы, Карпач з Яўхімам, на лінію Мікіты з Барсукоў. Ну, а я з Васкам ды Лаўрэнам праверым з боку Сажа. Рушылі.

Разыходзяцца ўсе, акрамя Надзеі, якая зараджае і раскладае на лаве пісталеты. Дзесятка паўтара.

Надзея. I пораху няшмат. У Крычаве порах. Куды ні кінь, адна дарога, Крычаў.

Вяртаецца поп з Бесавічаў.

Ты што так скора, айцец?

Поп. А Ілья адзін пайшоў. Мне сказаў вяртацца і не кідаць цябе адну. Каб бярог.

Надзея. Мяне страх беражэ. Лепей, чым што.

Поп. Ды што, урэшце, з табою і з Ветрам такое?

Надзея. А ты спытай, як скончыў войт з Ківаверцаў.

Поп. Страх з ім скончыў. А іншага, можа, нічога й няма.

Надзея. Паспрабуй.

Поп. Ну, не. На ўсякі выпадак не буду.

Надзея. I правільна зробіш.

Поп. I вораг памрэ, калі дакранецца?

Надзея. I ён.

Абтрасаючы бурку, заходзіць Агна Вецер.

Ты?

Агна. Дзе сын?

Надзея, На пасты пайшоў. Што такое?

Агна. Пястжэцкі яшчэ ўдзень рушыў з усімі сіламі на Царкавішчы. Папярэдзь Васіля і Вашчылу.

Поп. Я папярэджу (выходзіць).

Надзея. А вы ж як?

Агна. А мы пайшлі папярэдзіць вас ды збіліся. Блукалі. А пасля ўбачылі след, што вёў з вашага табара. Напаўзанесены. Па ім і прыйшлі.

Надзея. А як жа каравулы мінулі?

Агна. А не было ніякага каравула. Выбіліся па следу акурат на Воўчы Яр.

Надзея. Чакай. Там жа самы моцны каравул. Туды Ілья пайшоў. Папа назад адаслаў. Ой, нешта нядобрае. Ой, маці, нядобра!

I тут яны замерлі, бо спачатку наводдаль, а пасля бліжэй і бліжэй з усіх бакоў пачуўся крык, тупат ног, ярасны ляск сталі аб сталь, ломат мячоў, а пасля гул гармат. Вялікага мноства гармат, у акружэнні якіх зараз яны.

Агна. Спазніліся. Усё.

Грукат – адкінуў дзверы, і ў капліцу ўварвалася завіруха, забіўся, затрапятаў агонь. Пасля ў праём упаўзае з акрываўленай галавою Ілья Карпач.

Ілья. Ярам прайшлі. Табар штурмуюць. Мяне аглу... (Траціць прытомнасць.)

Агна (бярэ пісталет). Бяры і ты.

Чакаюць. Несамавіты, вар’яцкі, безупынны гул гармат. Нема крычыць сама зямля.

Надзея. Нібы пекла раскрылася.

Агна. Бегчы трэба. Адкуль прыйшлі – там іх зараз няма. Коні за прыбудовай. Бяжыце.

Надзея. Куды нам бегчы, асуджаным? Ад каго? Ад сябе?

Агна. Якія вы асуджаныя? Якія вы да д’ябла асуджаныя?! Хто асуджаны – ведаю. А вы – не!

Надзея. Не разумею.

Агна. Зразумееш. Шукай яго. Усё яшчэ наперадзе ў вас.

Адстрэльваючыся, збіраюцца ў капліцы ўсе, што спачатку былі тут.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: