Вход/Регистрация
Маці ўрагану
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Пайшоў. Стук капытоў. Стрыманая песня:

Ой, едзь, сынку, мой Васільку, ды не аглядайся, За год, за два, за тры, за чатыры назад варачайся. О бог знае, бог ведае, калі я вярнуся, На двары, двары шырокім мой конь спатыкнуўся.

Сціхла песня. Агна і Магда адны.

Агна. Бывай, сынок.

Магда. Ды што вы гэта, нібы ў палонцы седзіцё?

Агна. Веры ў добры канец няма. Няма веры, Магда. I я нават не магу яму сказаць, што праклён з яго зняты, што праклятая – гэта я. Хай ён і надалей страшыць ворагаў і хлуслівых сяброў. Без гэтага ён можа часам злітавацца з сябе, а ён павінен быць не Ветрам, ён павінен быць сынам урагану. (Паўза.) I ўсё ж я праклінаю тое, што зрабіла. Такое глупства – Крычаў, добрае імя, памяць мёртвых. Дзеля гэтага забіць хоць у адным чалавеку радасць?.. Я ўсяго слабая жанчына, Магда... I нельга нават, каб ты мяне пашкадавала... Пракляты будзь той дзень.

Магда. Ты мацуйся. Я не ведаю, што з табою, які гэта праклён, але я веру табе. Мацуйся, маці ўрагану.

Дзея трэцяя

Карціна сёмая

Ноч на 26 студзеня 1744 года. Поле пад Царкавішчамі. Сям-там гараць на ім вогнішчы. Справа – памяшканне напаўразбітай капліцы з вузкімі байніцамі акон. Тут, на каменных плітах падлогі, таксама гарыць вогнішча. Да вонкавага мура капліцы прыткнулася нейкая пабудова: капліца не дзейнічае так даўно, што нехта палічыў за магчымае прыбудаваць да яе летні крыты загон для быдла. Паўсюль безнадзейнае запусценне, на якое глядзіць з адзінага, што збераглося ў капліцы, – з распяцця, – Хрыстос. У капліцы сядзяць ля вогнішча Вашчыла, Васіль і Васка Ветры, Надзея, дудар Яўхім Хмыз, Іван і Ілья Карпачы, Антох, Лаўрэн і Бачко.

Яўхім (спявае).

Завея над хатамі свішча, Вакол на ўзгорках ваўкі. На полі пад Царкавішчамі Мужыцкія сталі палкі. I кліча груган груганятаў На палеткі заўтрашніх сеч. У магнатаў гарматы і латы, У нас – толькі ісціны меч. Але вера наша і гордасць, Славы божай іскра адна Спапяліць вашы п’яныя морды. Чуеш, Князь-Сатана? Так жарэ яго сэрца нянавісць бяссілля, Што пажэр бы цябе ён, мужыцкі кароль, Як пажэр ужо край свой, і продкаў магілы, I народа свайго сіроцтва і боль.

Вашчыла. Які я кароль? Нашто мне гэта?

Iлья. Праўду кажа. Сілы ў нас, як у караля. Нашага караля. У Варшаве.

Вашчыла. Гэта праўда. Чатыры тысячы слаба ўзброеных людзей. Сапраўды, кароль.

У прыбудове-загоне поп з Бесавічаў ціха нешта гаворыць Цялецкаму, захутанаму ў плашч.

Поп. ...Вось так. Які ён кароль? Чатыры тысячы людзей.

Цялецкі. Многа. У Пястжэцкага каля дзевяцісот чалавек.

Поп. Узброеных да зубоў. Дзвесце пяхоты, сто пяцьдзесят конных казакоў і пяцьсот з гакам гусараў. Ды твае людзі. Ды яшчэ чатыры твае гарматы і гарматы з крычаўскіх муроў.

Цялецкі. Усё адно мала.

Поп. Заўтра яны выступяць. Перадай палкоўніку, ёсць план аблогі горада. Калі закрыецеся там – возьмуць зморам. Адзіная ваша надзея – апярэдзіць. Зараз. Знянацку. Неспадзеўкі. Ноччу. Вы ж на падыходзе. Унь там галоўныя сілы мужыцкага табара. Як снег на галаву. I яны ж без гармат. Здыміце каравул ля Воўчага Яра і – ярам у самы цэнтр табара.

Цялецкі. Не папом бы табе, а палкоўнікам. Аднаго не разумею – ты чаго пнешся? Табе якая карысць?

Поп. Вашчыла хоча, каб князі ў зрэб’і хадзілі. Усе. А каб усе папы былі – як Антох. А роўнасць – дзе ты яе бачыў? Святыя на іконах – у парчы.

Цялецкі. А Хрыстос на крыжы – голы.

Поп. А хто нармальны хоча на крыж?

Цялецкі. Ну так, папом быць лепей... нават у Бесавічах... Іду.

Пайшоў. Поп заходзіць у капліцу.

Антох. Ты дзе цягаўся?

Васка. Адвяжыся ад яго, смала.

Антох. Святы стаў. Анёл!

Васка. Калі ж чортам быць абрыдла.

Антох. Калі табе дазарэзу прахвост патрэбен – ты ведаеш, як яго шукаць?

Лаўрэн. Ну.

Антох. Ідзі ў касцёл або царкву і глядзі, хто там шырэй за ўсіх хрысціцца. Бяры. Не памылішся.

Поп. Гэта наш абавязак хрысціцца... (Крыва.) Нас з табою і возьмуць.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: