Мальдис Адам Иосифович
Шрифт:
О, будзе там табе цемра непрасвяцімая, вогнь нязгасны, скрогат зубоўны! Будзеш ты вісець там за ўсе тыя члены, што грашыў ты імі ў жыцці. За язык і за вочы, за пальцы і за іншае многае. Будзеш круціцца давеку на гаку, як вяндліна, што на сонцы яе варочаюць. Адным ты не грашыў толькі, галавою. То за галаву не павесяць цябе, абяцаю.
За тое ж, што ў замак мой Менскі шалбераў нейкіх з чарамі і гуслямі пусціў і не шкодзіў ім улезці туды і кашталяна майго вернага з невянчанай малжонкай ягонай стуль выперці, біць, мардаваць, ад якога морду сам не ведае, яка жывы будзе, за тое, што "Каласы" на "Калоссе" змяняў, — кару атрымаеш. На суллях распну, агурком салоным зарэжу!
Руку прыклаў, па проразях у дошчачцы абвёўшы, князь Рагачоўскі".
І ніжэй — лацінкай, друкаванымі літарамі: "Влодсімер".
Часам анекдатычныя сітуацыі стварала само жыццё. Караткевіч іх дапаўняў уласнай выдумкай, і ў асобных выпадках цяпер цяжка аддзяліць тое, што было ў сапраўднасці, ад таго, што народжана містыфікацыяй. Для доказу спашлюся хаця б на такі прыклад.
Сёння шырока вядома апавяданне Уладзіміра Караткевіча "Былі ў мяне мядзведзі" (яно нават дало назву польскай анталогіі беларускай прозы). Асновай для аднаго з яго эпізодаў паслужыў рэальны факт: калі на "Беларусьфільме" здымалася беларуска-чэшская стужка "Пушчык едзе ў Прагу", яго галоўнага "героя", маладога мядзведзя Пушчыка, кінаработнікі неяк прывялі да Караткевіча, выкупалі ў ванне, а потым паклалі спаць на тахце і селі абедаць. Тады ж быў зроблены і фотаздымак: Караткевіч гуляе з мядзведзем. Гэты здымак трапіў у газету "Ніва", што выдаецца ў Польшчы, у Беластоку, на беларускай мове. І там яго ў 1965 годзе апублікавалі з прыкладна такім подпісам: "Вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч вельмі любіць жывёл; на гэтым здымку вы бачыце яго з уласным мядзведзем, з якім ён любіць прагульвацца…" Пасля той публікацыі не было адбою ад званкоў: а калі можна прыйсці, каб яго паглядзець, а дзе ты яго трымаеш, а чым корміш?
І вось у 1977 годзе Караткевіч быў у Польшчы. У Варшаве яго запрасілі на творчую сустрэчу, дзе той жа мядзведзь усплыў у нечаканым ракурсе. У справаздачы з сустрэчы, надрукаванай у "Ніве", сказана наступнае: "Маючы заўсёды "жартаў поўныя кішэні", як сцвярджаецца ў адным з яго вершаў, Караткевіч пачаў расказваць анекдоты, гумарыстычныя гісторыі, ствараючы вясёлы настрой сярод сваіх слухачоў. Адказваючы на пытанне аб мядзведзі, які жыў на яго кватэры, прыпомніў камічнае здарэнне. Выкупаў я яго — кажа Караткевіч — у ванне, мядзведзь выйшаў у пярэднюю, дзе ў вялікім люстры ўгледзеў свой адбітак. Мядзведзь прыглядаўся сабе хвіліну, потым грымнуў з усяе сілы лапай, і люстра рассыпалася на кавалачкі. Адгэтуль было ў мяне толькі маленечкае люстэрачка да брыцця, каб не гнявіць чатырохногага кватаранта".
…Але ж я добра памятаю, што тое люстэрка ў перадпакоі было разбіта не мядзведзем!
Або прыпамінаецца яшчэ выпадак. Калі Караткевічу ўстанавілі тэлефон, то далі яму нумар, які раней належаў намесніку дырэктара па гаспадарчай частцы Інстытута механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі. Таму ў першыя дні бесперапынна раздаваліся тэлефонныя званкі:
— Фама Фаміч, аплачвайце заказ…
— Фама Фаміч, чакаем машыну…
Спачатку Караткевіч цярпліва тлумачыў, што адбылася памылка, што нумар перададзены іншаму абаненту. Не памагала! За нейкім сотым званком новы ўладальнік пачаў кіпець.
Урэшце аднойчы, позняй ноччу, зноў патрывожылі:
— Фама Фаміч, прыйшлі вагоны. Разгружаць?
— Так! — узравеў Караткевіч, нібы той мядзведзь. — Абавязкова разгружаць!
З таго выпадку, казаў Валодзя, нібы рукой зняло. Ніхто больш не пытаў Фаму Фаміча.
Але затое Рыгор Барадулін стаў велічаць Караткевіча не іначай як Фамой Фамічом. Потым Фама Фаміч трансфармаваўся ў Хаму Хаміча і проста ў Хаму. Але Валодзю гэта не раздражняла. У адказ ён называў сябра на латышскі лад Рыгарсам Барадулінсам. Дробныя шпількі і шпілечкі не перашкаджалі іх сапраўднай мужчынскай дружбе. Былі ва ўзаемаадносінах і суперніцтва, і зайздрасць, і спрэчкі, і дні адчужэння, і нават, казалі, ледзь не бойка. Але не прыпомню ніводнага выпадку, каб яны дайшлі да непавагі, узаемных абраз. У мяне склалася ўражанне, што яны адзін без аднаго проста не маглі існаваць. Вельмі розныя па характары і мастацкім бачанні свету (Валодзя больш рацыяналістычны, "зададзены", Рыгор больш эмацыянальны, непасрэдны), яны цудоўна сябе ўзаемна дапаўнялі. Адказваючы на вечарах на пытанні, Караткевіч нязменна высока ацэньваў творчасць "ушацкага хлапца" ("Кулінінага сына"):
— У нас цяпер толькі два паэты, якія пішуць натуральна і арганічна, — Вазнясенскі і Барадулін. Яны нібы спецыяльна створаны для гэтага прыродай. Спяваюць, як птушкі на голлі!
Барадулін адплачваў тым жа. Не раз памагаў ён Караткевічу і добрым словам, і слушнай парадай, і грашыма, асабліва калі Валодзю нейкі час не друкавалі.
Такая ж сардэчная дружба, нягледзячы на розніцу ў гадах, звязвала Уладзіміра Караткевіча з Янкам Брылём. У ёй, вядома, былі свае ўзлёты (калі абодва пісьменнікі жылі на адной лесвічнай пляцоўцы) і спады. Да свайго старэйшага сабрата Валодзя адносіўся часам крыху задзірліва ("як малады певень"). Але Янка Брыль нязменна адказваў паблажлівасцю. Памятаецца, 27 лютага 1967 года ў Саюзе пісьменнікаў БССР быў вечар новага верша. Цікава выступалі Ю. Голуб, А. Разанаў. Валодзя ж чытаў нешта са зборніка "Дзень паэзіі". Пасля вечара разам са Сцяпанам Міско і геолагам Віктарам Лапуцем ("бацькам беларускай нафты") пайшлі ў кафэ, што адчынілася ў Доме мастацтваў (з лёгкай рукі Барадуліна яго ахрысцілі "мутным вокам"). Зусім блізка сядзелі Брыль з Карамазавым і нейкім госцем з Сібіры. Міско гучна, каб чувалася за суседнім столікам, правакаваў Караткевіча:
— Хто вышэйшы, ты ці Брыль?
— Вядома, ён.
— А хто таленавіцейшы?
— Вядома, я. Каму ж пахваліць, як не самому сябе?!
На гэта Брыль:
— Самае смешнае, што і я так лічу!
У часы, калі пасля разноснай крытыкі ў Караткевіча апускаліся рукі, Брыль настойліва ўгаворваў яго не паддавацца чорнаму настрою і — пісаць, пісаць, пісаць! На гэта Валодзя агрызаўся:
— Па вашай скуры пісаць бы! Бо хто ж друкаваць будзе?!
У адказ Брыль прывёў словы Хемінгуэя:
— Пішы сумленна, а некалі цябе прызнаюць, хоць пасля смерці, што ўжо сумней.
Калі ў студзені 1980 года ў бібліятэцы АН БССР была сустрэча з Янкам Брылём, ці не найбольш пытанняў было пра яго адносіны да творчасці Караткевіча. Аўтар "Птушак і гнёздаў" адказаў, што цэніць яго вельмі высока, што гэта "самы чытабельны" беларускі аўтар ("нават у Туніс з сабой бяруць"):
— Падумаць толькі: быў час, калі выдаўцам даводзілася даказваць, што "Каласы…" трэба выдаць асобнай кніжкай. І дзякуй Мележу, які тады заступіўся за раман на абмеркаванні, па сутнасці арганізаваў яго.