Вход/Регистрация
Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча
вернуться

Мальдис Адам Иосифович

Шрифт:

Аднак, як гэта часта бывае ў спрэчках, ісціна была недзе пасярэдзіне. Факты сведчаць, што ў 1863 годзе беларускае сялянства так і не змагло ўзняцца на рашучае выступленне супраць самаўладства і прыгонніцтва. Больш таго, уведзеныя у зман дэмагагічнай прапагандай сяляне часам самі выдавалі паўстанцаў у рукі ўлад. Адзінае, на што была здольная непісьменная і неарганізаваная беларуская вёска з яе верай у "добрага царка", — гэта стыхійнае выступленне. Гэтая абмежаванасць сялянскага руху добра паказана ў рамане "Каласы пад сярпом тваім". Адзін з герояў рамана, стыхійны бунтар Корчак, сам разумее, што яму "не ўзняць грамаду" на вялікую справу, і тым не менш ён вядзе людзей у Гарыпяцічы, каб здабыць схаваную нібы ў царкве "сапраўдную царскую волю". З іроніяй і нават з нянавісцю пагляядае Корчак на князя Алеся Загорскага, не разумеючы, што той шчыра жадае дабра грамадзе і збіраецца павесці яе ў бой.

Паўстанне 1863 года ў Беларусі і Літве было вельмі складанае і супярэчлівае. Гэта пацвярджаюць і апошнія працы гісторыкаў А. Смірнова, М. Міско, Г. Кісялёва, А. Касцюшкі, В. Кардовіча, С. Кяневіча, П. Ясеніцы і інш. Яно мела адначасова і сацыяльны, і нацыянальна-вызваленчы характар. Яно разгортвалася ў цеснай сувязі (і ў гэтым — яго сіла, а не слабасць, як сцвярджалася раней) з польскім шляхецкім рухам, які, па вызначэнні У. І. Леніна, меў гіганцкае значэнне "з пункту гледжання дэмакратыі не толькі ўсерасійскай, не толькі ўсеславянскай, але і ўсееўрапейскай". На беларуска-літоўскіх землях паўстанне вызначалася большай паслядоўнасцю і бескапраміснасцю, чым на польскіх. Шляхецкі вызваленчы рух дапаўняўся тут сялянскімі выступленнямі. Абодва рэвалюцыйныя патокі тут перакрыжоўваліся, але рэдка калі спалучаліся, — асобна рыхтуе шляхецкую "змову" адзін з герояў рамана Яраслаў Раўбіч і асобна збіраюцца "лясныя людзі" вакол сялянскага заступніка Корчака. І толькі такім дальнабачным кіраўнікам паўстання, як К. Каліноўскі, удавалася аб'ядноўваць дзеля агульнай мэты абедзве рэвалюцыйныя сілы. Будзем спадзявацца, што ў другой кнізе рамана гэта ўдасца зрабіць і Алесю Загорскаму, які, па выбару нелегальнага цэнтра, павінен стаць камісарам атрадаў у ніжнім Падняпроўі.

Князь Алесь Загорскі выбіраецца адным з кіраўнікой будучага паўстання ў Беларусі далёка невыпадкова. Гэта — адзін з прадстаўнікоў той "масы дваранства", звязанай з польскім вызваленчым рухам, пра якую У. І. Ленін пісаў, што ў сярэдзіне мінулага стагоддзя яна з'яўлялася рэвалюцыйнай. Алесь выйшаў якраз з той мясцовай шляхты, беларускай або апалячанай, якая была незадаволена і сабой, і ўмовамі жыцця ў "турме народаў". Гэтая шляхта разумела ўсю бязглуздасць прыгонніцтва і, наперакор афіцыйным уладам, дабівалася вызвалення сялян. Прыгадаем, з якой палымянасцю выступаюць у пэўны час за адмену прыгонніцтва прадстаўнікі ўсіх трох пакаленняў Загорскіх — стары Вежа, пан Юры і Алесь. Не чакаючы царскага маніфеста, Алесь самастойна вызваляе сваіх сялян на выгадных для іх умовах. І мы ведаем гэтаму гістарычныя паралелі: у першай палавіне XIX стагоддзя адпускалі сялян на волю ў многіх беларускіх маёнтках — напрыклад, Храптовічы ў Шчорсах, Манюшкі ў Смілавічах. Як сведчаць дакументы, у 1850 годзе большасць віцебскага дваранства на сваім сходзе катэгарычна выказалася за адмену прыгонніцтва. За такую ж адмену галасуе большасць удзельнікаў "зборні" магілёўскага дваранства, якая каларытна апісана ў рамане Караткевіча. Намаганні перадавой і адукаванай часткі шляхты заўсёды сустракаліся ў штыкі не толькі царскімі ўладамі, але і кансерватыўна настроенымі прыгоннікамі, якія, як Кроер у рамане, лічылі, што мужык яшчэ не дарос да волі.

Аўтар досыць пераканаўча паказвае, што ў тагачасным грамадстве і, у прыватнасці, у "шляхецкім стане" не было і не магло быць адзінства. Загорскім, Раткевічам у рамане супрацьпастаўлены Кроер, які самавольна парушае звычаёвае права і павялічвае прыгон, супрацьпастаўлены графы Хаданскія, якія здзекуюцца з сялян. І прорва, якая аддзяляе Загорскіх і Раткевічаў ад Кроераў і Хаданскіх, бесперапынна пашыраецца: першыя, пераадольваючы свае каставыя забабоны, перамагаючы ў сабе, як гэта робіць Алесь, "панскі дух", усё больш набліжаюцца да народа, да яго патрэб, другія ж распраўляюцца з кожным праяўленнем свабодалюбства пры дапамозе штыкоў.

Алесь Загорскі належыць да той мясцовай шляхты, якая ў сярэдзіне мінулага стагоддзя пачынала ўсведамляць сваю сапраўдную нацыянальную прыналежнасць. У дзяцінстве ён выхоўваўся, у адпаведнасці са старадаўнім прыдняпроўскім звычаем, у сялянскай сям'і Кагутоў, там навучыўся "мужыцкай" гаворцы, а потым, вярнуўшыся ў палац, пасля спрэчак са старым Вежай, сустрэч з Кастусём Каліноўскім усвядоміў, што гэтая говарка з'яўляецца мовай цэлага народа, у якога нават ёсць імя — Белая Русь. З таго часу Алесь становіцца свядомым змагаром за сваю Бацькаўшчыну, абарона якой была ў свой час абаронай дэмакратыі, усяго прагрэсіўнага. Ён пачынае даследаваць мінулае свайго народа, яго мову, пісаць на ёй вершы. Адначасова ў хаце Кагутоў, у часе дзядзькавання, Загорскі вучыўся разумець народнае жыццё, глядзець на свет вачыма сялян. Усё гэта ўплывала на фарміраванне рэвалюцыйнай свядомасці ў Алеся, які ў канцы першай кнігі горда заяўляе: "Я мужык. Я князь, але я і мужык. Магчыма, мяне тым дзядзькаваннем няшчасным зрабілі. Але я таго няшчасця нікому не аддам. У ім маё шчасце. Яно мяне вярнула да народа. Да гнанага, да аббрэханага кожным сабакам. І я цяпер з ім, што б ні здарылася".

Менавіта нарадалюбства зблізіла Загорскага з Кастусём Каліноўскім, прывяло ў нелегальную пецярбургскую арганізацыю "Агул", якая рыхтавала паўстанне ў Польшчы, Літве і Беларусі, была цесна звязана з рускімі рэвалюцыйнымі дэмакратамі. Той Алесь Загорскі, які паўстае перад чытачом у канцы першай кнігі рамана, — гэта свядомы барацьбіт супраць прыгонніцтва і рускага самаўладства. Аднак ён ніколі не атаясамліваў, як некаторыя яго сучаснікі, рускае самаўладства з рускім народам. Знаёмства з рускай класічнай літаратурай, з "Современником" і "Колоколом", з пецярбургскай і маскоўскай грамадскасцю прывяло яго да вываду, што ёсць Расія тых, каго вешаюць, і Расія тых, хто вешае. Расія сваяка дзекабрыста Ісленьева і Расія жандарскага паручніка Мусатава. Рускія, кажа Алесь у палеміцы з польскім шавіністам Ямантам, "гэта адны з самых добрых людзей на свеце. Урад толькі ў іх дрэнны, вось што. Зменім — усё будзе хораша".

Вобраз Алеся Загорскага, вачыма якога ўспрымаецца большасць падзей у рамане, з'яўляецца творчай удачай аўтара. Гэта — надзвычай цэльная і бескампрамісная натура, здольная на гераізм і самаахвяраванне ў імя агульнай справы. Сімпатыі Алеся заўсёды на баку абяздоленых. Прыгадаем хаця б, як ён, уступаючыся за скатаванага Корчака, уляпіў дзяржалам Кроеру ў "перакошаны твар". Прыгадаем, з якой высакароднасцю ён паводзіць сябе, ратуючы Чорнага Войну або старога Раўбіча, абараняючы ад Мусатава гарыпяціцкіх сялян. Гэтая высакароднасць праяўляецца і ў яго адносінах да жанчын. Пачуцці Алеся да Майкі Раўбіч, да былой прыгоннай актрысы Гелены вызначаюцца незвычайнай цнатлівасцю, душэўнай шчодрасцю і пяшчотнасцю. І ўсё ж, гаворачы аб тым, як у рамане паказана інтымнае жыццё героя, нельга не папракнуць аўтара за некаторыя мастацкія хібы. У Алесева каханне да Гелены чытач верыць, бо яна — рэальная, зямная істота, акрэсленая індывідуальнасць. На жаль, гэтага нельга сказаць пра Майку Раўбіч. Яна хутчэй прывід, увасабленне жаночага ідэала ўвогуле, яе адметнасць, "другасць" у параўнанні з Геленай толькі дэкларуюцца (магчыма, у гэтым вінаваты зробленыя рэдакцыяй часопіса скарачэнні).

Алесь Загорскі — гэта дзіця свайго часу, свайго веку. Ён адначасова строгі рэаліст і ўзнёслы рамантык. Ён становіцца вучоным-энцыклапедыстам і адначасова застаецца летуценнікам. Ён можа да драбніц аналізаваць кожны свой учынак, кожную сваю думку і адначасова паддавацца настраёвым, падсвядомым імкненням. У душы Алеся змагаюцца рацыянальны і эмацыянальны пачаткі: ён можа марыць і сніць пра белых, як снег, коней з доўгімі грывамі (любасць да коней — у крыві Загорскіх) і адначасова цвяроза разлічваць, якую выгаду прынясе яму новая цукраварня. І гэты "гаспадарскі розум" героя не павінен нас здзіўляць і шакіраваць. Па сваёй накіраванасці паўстанне 1863 года было буржуазна-дэмакратычным, і Алесь Загорскі, яго ўдзельнік, змагаецца з прыгонніцтвам не толькі таму, што яно супярэчыць яго перакананням, але і таму, што яно стрымлівае развіццё краю па капіталістычным шляху, што яно стала таксама эканамічна нявыгадным. У Загорскім увасоблены як моцныя, так і слабыя бакі тагачасных шляхецкіх рэвалюцыянераў. Моцнае — падкрэсліваецца, аўтар любуецца ім, укладвае ў героя часцінку сябе. Але гэты герой не ідэалізуецца, не ставіцца на ўяўныя катурны. У ім многа такога, што было данінай часу, што складала трагедыю шляхты.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: