Мальдис Адам Иосифович
Шрифт:
Побач з Алесам Загорскім, які народжаны творчай фантазіяй аўтара (мы не ведаем, меў Алесь свайго прататыпа ці не, ды гэта не так і важна; важна, што час якраз нараджаў такіх, як ён), побач са старым вальнадумцам Вежай, Раўбічамі, Клейнай, Хаданскімі, Кагутамі, Корчакам у рамане дзейнічаюць і гістарычна рэальныя асобы — Тарас Шаўчэнка і Зыгмунт Серакоўскі, Адам Кіркор і Станіслаў Манюшка, Дунін-Марцінкевіч і Сыракомля. З дакументальнай дакладнасцю (можа, нават празмернай) апісаў аўтар літаратурны вечар пісьменнікаў, якія групаваліся вакол "Кур'ера Віленьскага", і нелегальныя сходкі рэвалюцыянераў у Пецярбургу. Як правіла, мастацкая характарыстыка рэальных асоб адпавядае той, якую дала ім гісторыя. А часам аўтар уступае і ў палеміку з гісторыкамі. Так у творчых абліччах Баршчэўскага і Дуніна-Марцінкевіча падкрэсліваюцца народныя, дэмакратычныя элементы, на якіх раней не акцэнтавалася ўвага. Мастацкая інтуіцыя падказала аўтару, што не мог Кіркор, як гэта сцвярджаюць гісторыкі, папракаць Дуніна-Марцінкевіча ў насаджэнні правінцыялізмаў — у рамане гэтыя словы ўкладзены ў вусны Ходзькі. І гэта слушна: Кіркор, які зрабіў столькі карыснага для беларускай літаратуры, не мог выступаць супраць аднаго з яе пачынальнікаў.
Сярод гістарычных асоб рамана на першы план вылучаецца фігура Кастуся Каліноўскага. Праўда, у першай кнізе ён яшчэ эпізадычны персанаж. Чытач знаёміцца з Каліноўскім пераважна па пісьмах, якія той адрасуе Загорскаму, пісьмах усхваляваных і шчырых, хаця часам і празмерна пафасных — наўрад ці выказваў бы Каліноўскі, умелы і асцярожны канспіратар, так адкрыта сваю варожасць да царызму ў пісьмах, якія маглі б трапіць у рукі пабочных асоб. І ўсё ж з асобных рысаў перад чытычом прадстае прывабны воблік прафесіянальнага рэвалюцыянера, патрыёта і грамадзяніна, валявога і адначасова чулага чалавека, які дзеліцца апошнім з галодным дзіцём. Каліноўскі разумее, што вайна — зло, што смерць — гэта страшна. І тым не менш ён без ваганняў заклікае пачаць паўстанне: "Я прапаную: народы вызваляць і сялянам даваць зямлю. Я прапаную: паноў, якія рабавалі, высяляць з краіны, пазбаўляючы майна, а цмокаў — расстрэльваць рукамі працоўных людзей". Пісьмы і прамовы Каліноўскага аказалі велізарны ўплыў на погляды і перакананні маладога Загорскага. З першай сустрэчы, з той бяскрыўднай бойкі на свіслацкім кірмашы яны сталі сябрамі на ўсё жыццё.
Раман "Каласы пад сярпом тваім", адзін з нямногіх у нас гістарычных раманаў, сведчыць аб творчай сталасці яго аўтара. Можна было б пісаць і аб уменні пісьменніка будаваць сюжэт, і аб вобразнасці і свежасці мовы рамана, крыху архаізаванай (прыгадаем хаця б гэта: "І яшчэ Аза мела ласку прывесці шчанюкоў") і адначасова вельмі сучаснай. У кожным дыялогу, у кожным параўнанні ("Сумная і пяшчотная, халодная і жывая, як падснежнік"; "Чорныя, з цяжкім, як галаўны боль, адценнем") адчуваецца свой пісьменніцкі почырк, свой індывідуальны стыль, свая інтанацыя, якую не зблытаеш з іншай. Часам гэтая вартасць, праўда, абарочваецца процілеглым бокам, і героі Караткевіча (Марка, Павал) пачынаюць гаварыць так, як гаварыў бы сам аўтар.
Паколькі гаворка ўжо зайшла пра недахопы рамана, хочацца папракнуць аўтара і ў тым, што часам ён выдае жаданае за сапраўднае. Я маю на ўвазе пашырэнне беларускай мовы сярод буйной шляхты ў сярэдзіне ХІХ ст. Вядома, нават магнаты добра ведалі "мужыцкую" гаворку — не па-французску ж яны звярталіся да сялян. Як бачна з мемуарных і архіўных крыніц, беларуская мова была пашырана сярод шляхты куды больш, чым прынята ў нас цяпер сцвярджаць. З'яўляліся і адзіночкі накшталт Загорскага, якія прынцыпова пачалі гаварыць па-беларуску. І ўсё ж, калі аўтар піша, што ў прыгонным тэатры старога Вежы ставілася беларуская вершаваная драма "Гарыслава і Людамір" і цытуюцца радкі з гэтай драмы, якія гучаць як сучасны верш, — я ў гэта не веру. Гісторыя не ведае беларускіх п'ес (прытым п'ес дасканалых!), якія ставіліся б прыгоннымі тэатрамі ў ХІХ ст.
Калі чытаеш "Каласы пад сярпом тваім", ловіш сябе на думцы, што часам аўтар гоніцца за вонкавай займальнасцю ("жахі" ў двары Раўбіча, драўляная змяя, якую кідае пастушкам Чорны Война), што яго героі часам становяцца ў меладраматычную позу. Штучнай, напрыклад, здаецца сцэна, калі Алесева маці, зламаная горам арыстакратка, страляе з пісталетаў у тушу мядзведзя, ад якога загінуў яе муж. Гэта — літаратуршчына, прыгожая, эфектная, але літаратуршчына. Налёт гэтай літаратуршчыны ёсць і ў сцэнах балю, начной паездкі на санках. Тут адчуваецца і нятворчае перайманне талстоўскай "Вайны і міру": Загорскі і Майка на нейкі час перастаюць быць самі сабой і ператвараюцца ў Андрэя Балконскага і Наташу Растову. Прынамсі, такое ўражанне склалася ў мяне.
Хаця ў рамане "Каласы пад сярпом тваім" гаворка ідзе пра падзеі стогадовай даўнасці, аўтар напісаў вельмі сучасны твор, дзе далёкае мінулае асэнсавана з пазіцый сённяшняга дня. Напісаў страсна і зацікаўлена, як гэта і патрабуе адна са слаўных старонак гісторыі нашага народа".
Раман "Каласы пад сярпом тваім", вяршыннае (побач з раманам "Хрыстос прызямліўся ў Гародні") дасягненне ў прозе Уладзіміра Караткевіча, этапны твор для развіцця беларускай літаратуры ўвогуле, быў з энтузіязмам успрыняты моладдзю, узняў папулярнасць аўтара ў самых розных асяроддзях — нават там, дзе па-беларуску не чыталі. Адны яго ўзносілі пад нябёсы, другія (такіх было меней, але ў іх засяроджвалася духоўная ўлада) з такой жа рашучасцю яго не прымалі — маўляў, ідэаліст, рамантык, адарваны ад жыцця містыфікатар… Нейтральных я не памятаю. Нейтральных людзей не было ўвогуле — яго або любілі, прымаючы з усімі недахопамі, або ненавідзелі.
Многа новых сяброў знайшоў Караткевіч на Далёкім Усходзе, куды ён нечакана трапіў на ваенныя зборы ў жніўні — верасні 1965 года (маю рэцэнзію на "Каласы…" пераслалі яму ўжо ва Уладзівасток). А было яно так. Неяк сабраліся вечарам у Караткевіча Рыгор Барадулін і Генадзь Кляўко і рашылі дзеля жарту пазваніць пісьменніку Мікалаю Аляксееву, які займаўся ваенна-шэфскімі справамі, і пачалі жаліцца, што ён іх забыў, што яны, прагнучы прыгод, хацелі б куды паехаць — хоць на Чукотку, хоць на Камчатку. Той, не дужа ўнікнуўшы ў сітуацыю, пахваліў іх за такое імкненне і абяцаў што-небудзь прыдумаць. А праз месяц, калі пра званок усе забылі, нечакна прыйшлі павесткі на зборы ў "Боевую вахту", штодзённую газету Ціхаакіянскага флоту. Барадулін і Кляўко, будучы людзьмі жанатымі, крыху прызадумаліся, пачалі шкадаваць, што патрывожылі Аляксеева. А Караткевіч, наадварот, узрадаваўся:
— Што вы, хлопцы! За казённы кошт паглядзець такі кавалак краіны! Туды палецімо самалётам, а назад ужо абавязкова будзем ехаць цягніком. Каб ведаць, што такое Сібір.
З Далёкага Усходу Валодзя прыслаў мне тры лісты. Першы з іх напісаны на рэдакцыйным бланку "Боевой вахты" і датаваны 18 жніўня:
"Дарагі Адам!
Даслалі мне твой артыкул. Прачытаў. Выдатна. Думаю, і надалей з тымі "Каласамі" ўсё абыдзецца. Хацелася б гэтага ад усёй душы.
Работу па рэдагаванні канчаю. Сёе-тое скараціў, сёе-тое дапісаў. Пасля сяду за трэці варыянт "Хрыста" і ўсё разам дашлю ў Мінск.
Вось ужо ідзе трэці тыдзень маёй службы. Акрамя сваіх спраў, нічога путнага не зрабіў. Для газеты я яшчэ, пакуль тое, тэра інкогніта. Хіба што здаў пераклад "Здратаваных магіл" у літаратурную старонку. Пераклаў адзін такі мясцовы паэта. Кепскавата пераклаў, ну ды ладна.
Пакуль што тут глухі туман і морась. Імжыць і імжыць. Варта кінуць на тры дні туфлі, як яны зацвітаюць. Прасціны прасыхаюць толькі да раніцы — клімат аж вельмі спрыяльны, асабліва для сухотных. Але днямі абяцаюць мора сонца: пачнецца залатая прыморская восень. Вось тады мы ўжо дамо раскрутку. Былі ў сакратара краёвага, Чарнышова (той раней быў у нас, на Беларусі), і ён паабяцаў нам даць на тыдзень машыну, каб паездзілі па краі, пазнаёміліся. Ну і на флоце, на караблях пабываем, паплаваем.
Шкада, але на Курылах і Камчатцы нам, відаць пабываць не давядзецца.
Ну добра. На пачатку кастрычніка будзем у Мінску, зноў работа, пасля Новага года паедзем, як дамаўляліся, у Вільню, пасядзім у архівах, ды трэба выпускаць з рук хаця трэцюю частку "Каласоў".
А як у цябе? Як пачалася праца, калі пачалася? Як здароўе Мальдзісовай, і Мальдзісяняткі, і мамы? Што новага бачыў? Перадавай прывітанне ўсім як адзін, акадэмшам і акадэмам. Ужо трохі скучыў па Мінску і па ўсіх вас, братове.
У Прымор'е, вядома, трэба ехаць не на дзяржаўны кошт, каб не сядзець па рэдакцыях, а швэндацца па краі. Прывітанне табе ад Рыгора і Генкі.
Твой сябар Уладзімір."