Мальдис Адам Иосифович
Шрифт:
Унізе почыркам Валянціны Браніславаўны дапісана: "Учора ў Самаркандскім абкоме аспіда прынялі за ўзбека — ён ходзіць у цюбецейцы і стаў зусім азіятам".
Пасля Сярэдняй Азіі Караткевічы адправіліся адпачываць у Піцунду. Але на Каўказе Валодзю зноў стала блага, з дапамогай Алеся Савіцкага яго паклалі ў бальніцу. Вярнуўшыся, стаў вельмі трывожыцца, што не паспее нічога зрабіць. Калі я зайшоў наведаць яго з Вацлавам Жыдліцкім і Адамчыкамі, ён знаходзіўся ў стане глыбокай дэпрэсіі. Каб ажывіць яго, я расказаў, што супрацоўнікі Інстытута літаратуры ў час экскурсіі ў Суздаль і Уладзімір спецыяльна заязджалі да цэркаўкі, якую ён уславіў у вершы "Дзіва на Нерлі", а Іван Чыгрын прачытаў там гэты верш. Затым перадаў яму значок з цэркаўкай на Нерлі. Але Валодзя застаўся абыякавы. Ажыўляўся крыху, калі перадавалі "мульцікі". Шкадаваў толькі, што сам не напісаў якога сцэнарыя да мультыплікатараў.
Спадзеючыся, што Караткевічу стане лепей, мінская гарадская бібліятэка імя Янкі Купалы прызначыла на 20 снежня яго творчы вечар. Але пасля прыступа Валодзю зноў адвезлі ў лечкамісію, і на вечар мне давялося пайсці аднаму. Прысутныя былі вельмі расчараваны. Тады я прапанаваў, каб яны, калі хто захоча, напісалі Караткевічу свае пажаданні і пытанні, а я аднясу яму ў бальніцу і на наступнай сустрэчы зачытаю адказы. Або ён сам выступіць, калі акрыяе. Да канца вечара на стале сабраўся добры стус запісак. Некаторыя з іх аказаліся вельмі сімптаматычныя і вартыя таго, каб іх працытаваць цалкам.
"Паважаны Уладзімір Сямёнавіч!
Пасля Вашых твораў адчуваеш сапраўдны гонар, што ты — беларус, што "зямля пад белымі крыламі" — не проста частка СССР, а самабытная краіна са сваёй цікавай гісторыяй, нават каралямі. Шкада толькі, што гэтай самабытнасці застаецца ўсё менш і менш. Беражыце сябе для нас, чытачоў!
Студэнт журфака БДУ імя У. І. Леніна".
"Вельмі балюча, што мы, беларусы, саромеемся размаўляць на роднай мове, да таго ж і не ведаем яе добра. Што ж то будзе з намі, беларусамі?
Студэнт БДУ".
"Вельмі падабаюцца Вашы гістарычныя апавяданні і раманы. Здаецца, што пачынаеш бачыць Беларусь новымі вачыма. Пад нагамі з'яўляецца зямля, адчуваеш сваё месца на ёй. Жадаем поспехаў і крэпкага здароўя.
Таццяна і Іосіф Трубачы. НДІ ЭВМ".
Было сярод запісак і цэлае пасланне:
"Глыбокапаважаны Уладзімір Сямёнавіч!
Мне вельмі хацелася асабіста перадаць Вам прывітанне ад старажытнай Полацкай зямлі. На жаль, лёс рассудзіў інакш…
Я люблю свой народ, люблю яго мову і культуру. Той уклад, які Вы ўнеслі ў нашу сучасную родную літаратуру, лічу часткай яе залатога фонду.
У Наваполацку створана аб'яднанне творчай моладзі "Маладзік". На пасяджэннях аб'яднання даволі часта гучыць Ваша імя, а кнігі Вашы, якія ёсць у нашых уласных бібліятэках, ніколі не стаяць на сваіх месцах (на кніжных полках), яны заўсёды на руках — у знаёмых людзей.
Хачу перадаць Вам ад Вашых землякоў-беларусаў вялікае дзякуй за Вашы кнігі, за Вашу любоў да зямлі нашых бацькоў.
Мая маці (у мінулым выкладчыца роднай літаратуры ў школе) год 15 назад вяла перапіску з беларускімі пісьменнікамі. Сярод кніг, якія беларускія пісьменнікі даслалі нам у школу, быў зборнік Вашых вершаў "Матчына душа". Я, здаецца, адзіны з членаў нашага аб'яднання, у каго ёсць гэты зборнік, але верш, прысвечаны Паўлюку Багрыму, змешчаны ў гэтым зборніку, ведаюць усе мае сябры.
Многае яшчэ хацелася б Вам сказаць, але, ведаючы аб дрэнным стане Вашага здароўя, я вельмі баюся стаміць Вас.
Чытач кахае Вас! Чакае новых Вашых кніг!
Сяргей Сокалаў, студэнт падрыхтоўчага аддзялення БДУ".
Былі яшчэ пытанні. Ці праўда, што кватэра Караткевіча нагадвае музей беларускага народнага мастацтва? Чаму яго кнігі выдаюцца тыражом 10 — 15 тысяч экземпляраў, калі трэба 50 — 100 тысяч? Чаму спыніўся цыкл тэлеперадач "Спадчына" з яго удзелам? Калі будзе яго Збор твораў? Характэрна, што апошняе пытанне задалі рабочыя з Мінскага прыборабудаўнічага завода.
Што ж датычыцца самога вечара, то ён прайшоў даволі сумна (падумалася: а можа, і добра, што не чуе Караткевіч). Інжынеры і настаўнікі выступалі па напісаным тэксце, на рускай мове, з банальнымі ісцінамі. Запомніліся толькі словы тых, хто ў папярэднім спісе прамоўцаў не значыўся. Рабочы Уладзіміраў і па-беларуску, і небанальна сказаў, што творы Караткевіча прымусілі яго па-новаму глянуць на свет, на сваю родную зямлю. Вучаніца Хоміч вельмі эмацыянальна перадала свае ўражанні ад "Чазеніі". Студэнтка Рудабелец задала пытанні, чаму мы ўсе забываем, што мы беларусы, чаму гэта людзі неяк драбнеюць у сваіх учынках і словах. У самым канцы ўзняў руку Сяргей Сокалаў і прасіў мяне перадаць Караткевічу падзяку за высокія патрыятычныя пачуцці, выказаныя ў яго рамане "Хрыстос прызямліўся ў Гародні". Прызнаўся, што спачатку, хоць вельмі доўга пражыў у вёсцы, не зразумеў мовы гэтага рамана:
— У мяне ўзнікла дылема: хто не ведае беларускай мовы — я ці Караткевіч. Потым зразумеў, што я…
Назаўтра ўсе запіскі і пытанні я аднёс, разам з кветкамі ад удзельнікаў вечара, у лечкамісію. Але Караткевіч быў па-ранейшаму прыгнечаны:
— Пазнавата ўсё гэта. Каб крышачку раней.
У дні, калі Караткевіч ляжаў у бальніцы, некалькі разоў пра яго здароўе пытаў у мяне па тэлефоне архіепіскап Мінскі і Беларускі Антоній (А. С. Мельнікаў). Хоць і ўраджэнец Масквы, ён прачытаў раман "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" ў арыгінале, цікавіўся беларускай культурай.
Іх асабістае знаёмства адбылося такім чынам. Шукаючы жыровіцкія арацыі 18 стагоддзя, я звярнуўся з некалькімі пытаннямі да архіепіскапа Антонія. Ён даў мне каштоўныя парады, указаў на некаторыя ленінградскія фонды. Потым я ўсю гісторыю падрабязна апісаў у "Літаратуры і мастацтве". У публікацыі не было звычных тады наскокаў на прадстаўнікоў духавенства. Гэтым я тлумачу званок, які, прызнацца, у першыя хвіліны прыняў за розыгрыш:
— Вас турбуе архіепіскап Мінскі і Беларускі Антоній. Адам Іосіфавіч, я чуў ("наслышан"), што ў ліку вашых сяброў ёсць Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч. Сёння я арганізую ў сябе, а гэта ж зусім побач з вамі, выстаўку старадаўняй беларускай вышыўкі і ткацтва. Ці не былі б вы так ласкавы перадаць маё запрашэнне Уладзіміру Сямёнавічу і ўдваіх прыйсці на гэту выстаўку заўтра, скажам, гадзіне а сёмай вечара?!
Я тут жа пайшоў да Валодзі і пераказаў яму змест размовы.
— Ну як, пойдзем? — спытаў.
— Ой, не ў выстаўцы тут уся штука…
— А ў чым жа?
— У рамане "Хрыстос прызямліўся ў Гародні". Зойдзем мы на падвор'е, а тут выбегуць служкі, пакладуць мяне гэтак мякканька на зямлю і стануць секчы розгамі, прыгаворваючы: "Не пішы блюзнерчых раманаў!"
— Тады не пойдзем…
— Не, пойдзем! Цікава ж.
Анатолій Сяргеевіч Мельнікаў прыняў нас у сваёй канцылярыі, якая месцілася ў аднапавярховым драўляным доміку па вуліцы Чарвякова. Паўсюль, на крэслах, канапе, стале, сапраўды былі раскладзены цудоўныя ўзоры старой беларускай вышыўкі і ткацтва — тое, над чым гадамі сляпілі вочы манашкі. Караткевіч быў на ўзроўні: указваў стагоддзе, месца стварэння. Потым перайшлі ў бібліятэку, дзе віселі арыгіналы Васняцова, Каровіна, захоўваліся аўтографы Тургенева, Салаўёва, Пастарнака, у хатнюю капліцу, завешаную старымі абразамі. Караткевіч і тут паказаў сябе тонкім знаўцам мастацтва. Праўда, у адрозненне ад гаспадара, ён не мог пахваліцца столькімі зарубежнымі сувенірамі, прывезенымі з розных міжнародных рэлігійных канферэнцый і нарад — з Індыі і Кіпра, Егіпта і Мадагаскара.