Вход/Регистрация
Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча
вернуться

Мальдис Адам Иосифович

Шрифт:

— Вашы любімыя кветкі? Пара года?

— Усе добрыя. Непрыгожых кветак не бывае ўвогуле… Цяпер сумую па гнілой восені. Калі доўга цёмна, калі за акном — безнадзейны дождж, а табе добра.

— Ці было ў Беларусі людажэрства?

— Рытуальнае — здаецца, не. Прынамсі, сляды — толькі ў адным кургане. Ад голаду — было.

— Чаму вы так любіце Прыбалтыку?

— Чужое здаецца лепшым. Ды і Прыбалтыка з Украінай мяне многаму навучылі…

Потым спявалі песні. Валодзя — свае любімыя "Ой, косю мой, косю", "На цвярдыню тваю ўпаваю". Усе разам, пад баян — народныя. Адны ведалі словы на памяць, другія тут жа вучылі іх з папярэдне аддрукаваных і раздадзеных картак.

— Ведаеш, стары, — сказаў Валодзя, калі нас адвозілі санітарнай машынай у Мінск, — на вечары мне чамусьці здавалася, што седзімо мы не ў канцы дваццатага, а год на сто раней. У часы Лучыны. Сабралася горстка энтузіястаў беларусчыны і пачынае амаль з нуля. І пасярод іх — будзіцелька, Тамара Мікалаеўна.

— Лучына з Багушэвічам падрыхтавалі "нашаніўцаў", пазнейшы ўздым. Было б толькі зерне…

— Во-во! Мне чамусьці сённяшні вечар здаўся нейкі сімптаматычны. Як першая ластаўка перамен да лепшага. Павінны ж яны калі наступіць. Бо людзі ёсць, працуюць. Толькі раз'яднана, пакрыёму.

Летам 1982 года, асабліва пасля паўторнага курса лячэння ў Друскінінкай, Караткевіч адчуў сябе амаль здаровым. Злётаў у Ерэван, каб наведаць сяброў. Вычытаў рускі пераклад "Чорнага замка Альшанскага", зроблены Валянцінай Шчадрыной. Нешта перакладаў са славацкай. Зноў актыўна пачаў змагацца за захаванне помнікаў гісторыі і культуры, за іншыя грамадскія справы.

27 жніўня зайшоў я да Валодзі, каб перадаць яму пераклады яго аповесцяў, зробленыя фізікам Ухавым (пераехаўшы ў Мінск з Сібіры, ён вывучыў беларускую мову, каб у арыгінале чытаць Быкава і Караткевіча). Але Валянціна Браніславаўна сказала, што "аспіда" няма дома: паклікалі яго ў аддзел культуры ЦК КПБ, да І. І. Антановіча. Мы з нецярплівасцю і цікавасцю сталі чакаць гаспадара — гадзіну, другую, трэцюю. Нарэшце каля шасці з'явіўся. Увогуле задаволены.

— Ну, з чым віншаваць — з сакратаром Саюза ці з міністрам культуры? — жартам спытала Валянціна Браніславаўна.

— Асабіста мне нічога не трэба. Так і заявіў там, у час размовы… Хіба што навесці парадак на нашай кінастудыі: вярнуць Тольку Забалоцкага, прышчаміць варагаў. Ды яшчэ навесці парадак з помнікамі. Хаця б з радашковіцкім касцёлам, дзе хрысцілі Купалу, — тут Караткевіч успомніў нашу супольную паездку ў Радашковічы на адкрыццё памятнага каменя Ядвігіну Ш. — Прыгадаў Антановічу, што той касцёл мясцовае начальства жадае перарабіць пад керамічны цэх. Зацікавіўся… Дамовіліся туды з'ездзіць разам.

Гутарка ў І. І. Антановіча, мусіць, прама ці ўскосна, была звязана з юбілеем Уладзіміра Караткевіча. Мы, ягоныя сябры, некалькі разоў "варажылі", якую ўзнагароду дадуць яму да пяцідзесяцігоддзя, бо на той час гэта было дужа істотна. Песімісты казалі: Ганаровую грамату Вярхоўнага Савета БССР. Аптымісты: Знак Пашаны… І якая ж была наша радасць (і нават здзіўленне), калі ў газетах быў апублікаваны ўказ аб узнагароджанні юбіляра ордэнам Дружбы народаў. Хаця сам Караткевіч не раз падкрэсліваў (у тым ліку ў інтэрв'ю У. Ягоўдзіку ў "Літаратуры і мастацтве"), што фармальнае ("фанфарна-барабаннае") прызнанне яму аніяк не патрэбна, аднак вестку аб узнагародзе сустрэў з вялікім задавальненнем, а ордэн у час пяцідзесяцігоддзя насіў з гонарам.

Юбілейны вечар Уладзіміра Караткевіча адбыўся 28 лістапада ў Доме літаратара. Зала была паўнюткая — людзі стаялі ва ўсіх праходах. Перад пачаткам нікога не прапускалі нават па запрашальных білетах. Караткевіч быў бадзёры і зусім неафіцыйны, непасрэдны. У час віншавання некалькі разоў хаваўся за кулісы, каб зрабіць пару зацяжак. Жанчынам галантна цалаваў ручкі. Перабіваў прамоўцаў дасціпнымі рэплікамі. Адным словам, паводзіў сябе так, нібы не яго ўшаноўваюць, а кагосьці іншага (потым ва ўспамінах артыста Алеся Лабанка вычытаў трапнае: "…быў як гарэзлівае, добрае дзіця").

Слова пра юбіляра сказаў Янка Брыль. Ён гаварыў аб шырокай вядомасці Караткевіча, у тым ліку за мяжой, параўнаў яго "з другім Валодзем" — Бранеўскім: той таксама мог на сустрэчы з вучнямі прайсціся перад імі на руках, заказаць у карчме яешню з трыццаці двух яек, з'есці адно і пайсці. Брыль успомніў, як нешта падобнае вытварыў у Маскве юбіляр, паказваючы неграм, што такое беларуская гасціннасць: трапіў у перапоўнены рэстаран як… польскі рэжысёр Ежы Кавалеровіч, вячэраў з прынцэсай Уганды, уратаваў яе ад хуліганаў, атрымаў за гэта ад яе прапанову стаць прынцам-кансортам, а назаўтра вымушаны быў прасіць у сяброў, каб пазычылі яму грошай.

Пацешныя і павучальныя гісторыі згадвалі і іншыя прамоўцы — Рыгор Барадулін, украінец Алекса Юшчанка, адзін з братоў-мастакоў Басалыгаў. Артысткі спявалі юбіляру песні. У выкананні коласаўцаў былі паказаны ўрыўкі з п'ес "Званы Віцебска" і "Кастусь Каліноўскі". Скончыўся вечар сімвалічна: Маці-Радзіма з "Кастуся Каліноўскага" спусцілася ў залу, узяла Караткевіча за руку і ўзвяла на сцэну. Тут яму акцёры ўручылі вялізную сякеру і скрутак з віншаваннем. І тое, і другое юбіляр расчулена пацалаваў.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: