Мальдис Адам Иосифович
Шрифт:
— Твары ў іх су-умныя такія былі. Давялося мне іх забаўляць анекдотамі. Хаця павінна быць наадварот.
І тут жа пачаў расказваць, што ў крытычныя дні ў рэанімацыі яму прыснілася атамная вайна:
— Страшней, чым на вайне. З усімі жахамі. Нават Барадуліна мусіў прыстрэліць, каб не пакутаваў.
— Многа крыві было? Чырвонага?.
— Ведаеш, стары, не. Больш карычневага. Розных адценняў. Вось ад гэтага, — пастукаў па бальнічным стале, — да цёмнага чаю…
— Укладзеш гэтыя трызненні ў каго са сваіх герояў?
— Не, занадта страшна. Уся Беларусь падзелена прорвамі — небаскроб схаваецца — на асобныя часткі. І — непраходныя валы. Людзі рыюцца, каб пераадолець іх, даведацца, што ў іншых. Дзесьці з'явіліся небяспечныя мутацыі чалавека. І толькі каля Валожына, кажуць, можна трываць… Мяне ўся гэтая радыяцыя чамусыці не брала. Але ведаў: возьме…
— Не возьме… Цяпер ты добра выглядаеш. Але… выпісвацца з бальніцы не спяшайся.
— Аднак жа і прасіцца, каб пакідалі, не буду. Можа, дні праз тры выпішуць.
Нават ранейшай зласлівасці, што з'явілася ў апошнія два-тры гады, у яго не было. Хутчэй — усёдараванне, паблажлівасць да людзей.
Выпісаўшыся, Уладзімір Караткевіч стаў нават выходзіць у сквер каля тэатра імя Янкі Купалы. Чытаў кнігі, седзячы на лавачцы ля фантана, вітаўся са знаёмымі (а іх у яго было — безліч). Аднойчы я застаў яго ў двары дома з Васілём Віткам. Гаварылі пра навінкі літаратуры. Караткевіч радаваўся, што падрастае цікавая моладзь. Абураўся пісьменнікам, які тады пісаў даносы на іншых:
— Было б дзе выступіць — я яму выдаў бы! — злаваў Валодзя. — Але з'езд не хутка, а пленумаў не чуваць. І што б тут учыніць…
Не ведаў я, што гэта была апошняя наша размова, апошняя сустрэча…
Неўзабаве Валодзя адчуў сябе настолькі добра, што выбраўся ў Кіеў — на трыццацігоддзе свайго універсітэцкага выпуску. А затым разам з фотажурналістам Валянцінам Ждановічам і мастаком Пятром Драчовым, які цудоўна праілюстраваў яго "Чорны замак Альшанскі", адправіўся ў падарожжа на пазычаным, няхай і добра абсталяваным плыце ўніз па Прыпяці. Праўда, прадчуваў нядобрае. Перад ад'ездам у Кіеў, нібы развітваючыся назаўсёды, абзваніў, каго мог. Мяне ў гэты час не было дома, да тэлефона падышла Марыя. Расказвала потым, што перадаў прывітанне яе бацьку, "дзядзьку Карлу", і збіраўся яшчэ пабываць у яго ў Палушах. Бадзёрыўся, але тон размовы быў вельмі сумны.
І вось на Прыпяці Уладзіміру Караткевічу стала зноў дрэнна. На машыне яго хуценька прывезлі ў Мінск, у лечкамісію. Адразу скіравалі ў рэанімацыю. Моцная натура яшчэ некалькі дзён змагалася са смерцю. Змагалася адчайна і ўпарта — нібы герой ягонае аповесці "Ладдзя Роспачы" Гервасій Выліваха. Пульс ужо амаль не прашчупваўся — а ён гаварыў пры поўнай свядомасці.
25 ліпеня 1984 года ў чатыры гадзіны раніцы Уладзіміра Караткевіча не стала. Калі зрабілі ўскрыцце, аказалася, што страўнік ператварыўся ў суцэльную нервова-крывавую рану. Ён вельмi любіў усё вострае, казаў, што можа глытаць не толькі перац і аджыку, але і цвікі. І гэта губіла яго. Аднак не адно гэта. Ён абвострана, пакутліва ўспрымаў усе нягоды і бядоты, якія выпадалі ў сталінскія і застойныя часы на долю беларускай літаратуры і беларускага народа. А колькі горкіх асабістых крыўдаў і зняваг давялося праглынуць яму моўчкі, амаль без слёз. Яны не праходзілі бясследна. Яны таксама набліжалі канец.
Уладзімір Караткевіч ведаў, што ён рана памрэ і ўвогуле быў гатовы да смерці, у апошнія гады часам нават адчайна імкнуўся насустрач ёй.
Думка пра смерць, прытым заўчасную, заўсёды трывожыла Караткевіча. Асабліва гэта я адчуў, калі разам з іншымі членамі камісіі па спадчыне пісьменніка стаў праглядаць, рыхтуючы да публікацыі, ягоныя запісныя кніжкі. Яшчэ ў 1959 годзе ён абураўся вызначэннем "натуральная смерць". Смерць заўсёды ненатуральная! Чалавек, па-максімалісцку патрабаваў ён, павінен жыць тры-чатыры тысячы гадоў. Або быць інтэнсіўным. І тады за семдзесят год ён пражыве "не менш тысячы таго чалавека, які век сядзеў на месцы". І далей: "Напэўпа, я хутка памру". А ў 1960 годзе запісаў пра смерць: "…а день ее будет мне открыт".
Хуткаплыннасць жыцця, прадчуванне блізкага канца трывожылі Караткевіча ўсё больш i больш. 6 верасня 1982 года датаваны такі крык душы: "А жыццё фізічна адчувальна плыве праз пальцы! А яго так мала! А зрабіць яшчэ трэба так многа! І нічога ўжо, адчуваю гэта, не паспею зрабіць, пусты мантач часу. І гэта тады, калі (няхай ты слабы і перабольшваем значэнне зробленага табой) ніхто тваёй работы за цябе не зробіць, калі хата валіцца і ты ў яе адна з нешматлікіх падпорак у самым заваланебяспечным месцы. Уцякаць кудысьці трэба!"
Да думкі пра смерць Уладзімір Караткевіч не раз — то прароча, то іранічна — вяртаўся і ў сваіх непаўторных лістах. 8 лютага 1966 года ён пісаў мне з Рагачова: "А што будзе, калі я ўвогуле памру. Як вы без мяне пражывяцё, адшэльнікі і аскеты? Вось тады, хлопчыкі, паплачаце, ды позна будзе.
А я буду ляжаць у труне такі халодны і прыгожы, што нават начальства, нават ворагі расчуляцца і заплачуць. Грынчык будзе раўці як бялуга і абсмоктваць слёзы з сівых вусоў. Нават дабрэйшы Юльян Сяргеевіч не будзе ўсміхацца. Ужо не кажу пра ягоную дачку. Яна адразу ўспомніць, як мяне на абмеркаванні дражніла — і… зарыдае".