Мальдис Адам Иосифович
Шрифт:
І Уладзімір Караткевіч тут многае прадбачыў. Не ўсё, вядома. Раней яго памёр "дабрэйшы" Юльян Сяргеевіч Пшыркоў. Не апусціў вусы Мікалай Міхайлавіч Грынчык. Але сумную вестку ён, як і сотні і сотні іншых яго сяброў і чытачоў, сустрэў з мужчынскай слязой на вачах, якой не саромеўся. "Расчулілася" і "начальства". А "ворагаў" — як i зусім не было.
Беларускае грамадства, зразумеўшы, каго яно страціла, нібы ўстрапянулася, нібы рашыла "дадаць" Уладзіміру Караткевічу, ужо нябожчыку, тое, чаго яму не "дадало" пры жыцці. Яму не было прысвоена званне народнага. Але жыў ён — як народны. І хавалі яго — як народнага.
У некралогу, падпісаным кіраўнікамі партыі і ўрада рэспублікі, вядучымі савецкімі пісьменнікамі, афіцыйна ўпершыню ў дачыненні да Уладзіміра Караткевіча было ўжыта слова "выдатны". Нябожчык называўся "выдатным мастаком слова, пісьменнікам-грамадзянінам, патрыётам, чалавекам добрага сэрца". Словы развітання былі выказаны не толькі ў беларускім, але і ў рускім, украінскім, літоўскім, польскім друку. "Быў. Ёсць. Будзеш!" — сцвярджаў загалоўкам свайго артыкула ў "Літаратуры і мастацтве" Рыгор Барадулін. Звяртаючыся да свайго сябра як да жывога чалавека, ён казаў: "Ты пісаў як дыхаў. Сваім асабістым прыкладам паказаў узор служэння Радзіме, народу, мове. Ты даў усім нам урок сумленнасці. Далёкі ад марнай сумятні, ад дробязных страсцей, з кнігай і шчодрым сэрцам прыйшоў ты на свет, каб пакінуць свету кнігі свае па-беларуску шчырыя і па-караткевічаўску рамантычна-незамутнёныя. Кнігі твае чыталіся, чытаюцца і чытацца будуць, бо яны напісаны як бы навырост. Тыя што прыйдуць на зямлю ўслед за намі, будуць зайздросціць нам як тваім сучаснікам, тваім першачытачам". Беластоцкі "Кур'ер Подляскі" змясціў артыкул Сакрата Яновіча "Смерць, вялікая, як геній", у якім гаварылася: "Адыйшоў ён у краіну ценяў, будучы яшчэ далёка ад парога старасці, у поўні сваіх творчых мажлівасцей, але і схварэлы, на жаль. Згараў у працы. На яго пахаванне выйшаў увесь Мінск, прыехала многа людзей з правінцыі. Пад звычайным некралогам падпісаліся кіраўнікі партыі і ўрада Беларускай рэспублікі".
Хавалі Уладзіміра Караткевіча 27 ліпеня. У Дом літаратара, дзе на сцэне была ўстаноўлена труна, прыйшлі пісьменнікі, мастакі, артысты, навукоўцы, работнікі з заводаў, студэнты, вучні, землякі з Оршы. У ганаровай варце стаялі кіраўнкі партыі і ўрада нашай рэспублікі I. Я. Палякоў, Г. Г. Барташэвіч, А. Т. Кузьмін. На жалобным мітынгу выступілі Н. Гілевіч, В. Быкаў, Р. Барадулін, першы сакратар Аршанскага гаркома партыі Я. Глушкевіч, кінарэжысёр М. Пташук. Было многа вянкоў і кветак. І быў боль, горкія слёзы ад усведамлення, якую вялікую страту ўсе мы панеслі.
Свой апошні прытулак нястомны працаўнік і вандроўнік знайшоў на Маскоўскіх могілках — побач з вялікімі і заслужанымі, непадалёку ад Мележа і Макаёнка. На магільным узгорку заўсёды было много кветак, летам сюды ставіліся — як сімвал — жытнёвыя каласы, а дзіцячыя і жаночыя рукі клалі цукеркі. Праз чатыры гады пасля смерці Уладзіміра Караткевіча ў адпаведнасці з яго апошняй воляй над магілай узнёсся сціплы і велічны палявы камень, знойдзены В. Аляшковічам. Скульптар А. А. Анікейчык захаваў яго натуральную прыгажосць, аздобіўшы толькі бронзавым аўтографам пісьменніка і бронзавым калоссем. Выступаючы на адкрыцці помніка, Васіль Быкаў вобразна і ёміста акрэсліў тое значэнне, якое мела, мае і будзе мець для беларускай літаратуры і ўсёй Беларусі творчасць Уладзіміра Караткевіча: "Мы стаім з вамі перад яшчэ адным каменем на нялёгкім шляху нашай культуры, перад яшчэ адным сімвалам, які ўвасабляе не толькі наш боль, наш смутак, але і наш гонар.
Так, цяпер ужо відаць — і мы гэта можам сказаць без сумневу, — што тут ляжыць вялікі чалавек Белай Русі, апостал нашай духоўнасці, непараўнальны мастак XX стагоддзя Уладзімір Караткевіч.
Караткевіч — гэта пісьменнік божае міласцю, — паэт, празаік, драматург, — самы універсальны талент, прыдатны для якога-небудзь XVIII ст., аднак у якасці нейкае боскай кампенсацыі дадзены нашай культуры ў XX. Лёс яго ўвогуле быў шчаслівы (калі наогул можа быць шчаслівы лёс у такіх людзей), не зважаючы на ўсе выпрабаванні, якія былі шчодра пасланы яму людзьмі і богам. Ён іх перамог з годнасцю, не пераступіўшы свой талент і сваё сумленне. Тое, вядома, заўжды не проста для чалавека наогул, тым больш для мастака такой яркасці і такога маштабу. Ці многія з нас могуць сказаць перад гэтай магілай, што былі такія ж, як ён, — у нягодах, у спакусах, таксама і ў шчасці, якое зрэдку яму выпадала. Ён быў ці не адзіны такі сярод нас — нам у папрок, але і нам у прыклад. Будзем жа памятаць гэты ягоны прыклад і раўняцца на яго".
Сёння памяць Уладзіміра Караткевіча ўвекавечана — хоць яшчэ і недастаткова — у Оршы, дзе ён нарадзіўся, вучыўся і настаўнічаў, Віцебску, які ён вельмі любіў, і Мінску, дзе ён жыў, тварыў і памёр. У Оршы і Віцебску яго імем названы вуліцы. Па ініцыятыве пошукавага клуба "Повязь" ў 3-й Аршанскай сярэдняй школе створаны музей пісьменніка. У Мінску, на доме 36 па вуліцы Карла Маркса, дзе ён жыў у апошнія гады, устаноўлена мемарыяльная дошка. Дзякуючы старанням сястры Уладзіміра Караткевіча, Наталлі Сямёнаўны, амаль усё ў яго кватэры застаецца ў ранейшым выглядзе, і з цягам часу тут таксама (верыцца ў тое) будзе музей. Два мемарыяльныя пакоі-музеі пісьменніка ёсць сёння ў рабочых інтэрнатах — на мінскім заводзе "Інтэграл" і ў маладзечанскіх будаўнікоў. Штогод, у дзень нараджэння Уладзіміра Караткевіча, там праводзяцца кранальныя вечары.
Прозвішча Уладзіміра Караткевіча трывала ўвайшло ў гісторыю літаратуры — беларускай, усесаюзнай, усеславянскай. У распрацоўцы гістарычнай праблематыкі сёння за ім упэўнена ідуць многія і многія нашы празаікі — у першую чаргу я тут назваў бы Уладзіміра Арлова, Леаніда Дайнеку, Канстанціна Тарасава. Светлы воблік Караткевіча ўзнаўляецца ў вершах паэтаў. Яму прысвячаюцца крытычныя і літаратуразнаўчыя працы.
З выказванняў пра Уладзіміра Караткевіча людзей самых розных прафесій і нацый сёння можна скласці сапраўдны вянок — у дадатак да тых кветак, што ўскладаюцца на яго магілу, да каменя-помніка. Гэтыя выказванні сведчаць пра вялікую папулярнасць пісьменніка як у нашай краіне, так і за яе межамі. Прывяду некаторыя з іх.
Беларуская паэтэса Галіна Каржанеўская. Верш "Уладзіміру Караткевічу":
Ён вышуквае слоўца з імхоў забыцця (Не заўважыць другі і нагой наступіўшы!). Ім, крамяным, любуецца, круціць пяшчотна, А пасля ачышчае ад жухлай ігліцы, Ад наліплых пясчынак, малых парушынак І ў ёмісты кош свой кладзе. А ў кашы — З-пад Бягомеля слоўцы, з-пад Оршы і Пінска… Аднаго зразумець не магу: Як жа ён Наадшукваў іх гэтулькі, гледзячы ў неба!