Шрифт:
— Пра што вы пішаце, або іншымі словамі: асноўная рухаючая сіла вашай творчасці?
— Справа ў тым, што ў наш час людзі ў чымсьці нівеліруюцца. Носяць аднолькавае аддзенне, жывуць у падобных дамах, кватэрах, хатах, ядуць адны і тыя ж стравы, і побыт людзей амаль аднолькавы — ці будзе гэта ў Маскве, ці ў Мінску, у Вільні, у Рызе… Але ж кожны народ цікавы ў многім менавіта сваім спосабам жыцця, мыслення. Калі, скажам да прыкладу, узяць дзесяць тысяч аднолькавых кавалачкаў смальты і пакласці іх побач, то атрымаецца проста падлога ў ваннай, а калі кавалачкі будуць рознакаляровымі — можна зрабіць цудоўную мазаіку. Я за тое, каб кожны народ, і ў першую чаргу мой, меў свой воблік, меў свой колер, свае адценні, быў непадобны да суседа, выклікаў пачцівае здзіўленне і жаданне яму наследаваць, жыць такім самым яскравым, непадобным, страшэнна прыцягальным жыццём.
— А для каго пішаце?
— Для тых, хто любіць і чытае мяне — каб парадаваць іх. Для тых, хто не любіць — каб раззлаваць. Для тых, хто яшчэ не ведае гісторыі, даўняй культуры і літаратуры Беларусі, - каб абудзіць іх цікавасць.
— Часта сюжэты ў вас мудрагелістыя…
— Так. І гэта таму, што я стараюся пражыць свой век як найцікавей, каб дзень не быў падобны на дзень. Калі працую — ну, тады, вядома, дні больш-менш аднолькавыя і розняцца толькі тым, пра што я сёння пішу, тады я проста працую без адпачынку, і днём і ноччу. А вось калі работы часова няма — то тады я іду ў мора з рыбакамі, лаўлю з імі рыбу, слухаю і прымаю ўдзел у іх размовах… Швэндаюся па самых глухіх кутках і фатаграфую (хай па-аматарску) старыя цэрквы, курганы, гарадзішчы, тыпы людзей… Еду ў іншыя гарады і прападаю там па кнігасховішчах ці ў розных цікавых людзей… Іду ў лес, раскладваю вогнішча, хаджу па вёсках, складаю ў капы сена, адным словам, працую і жыву. Трэба здымацца ў кіно ў ролі каталіцкага свяшчэнніка — здымаюся. Трэба "пагутарыць" з мядзведзем — гутару. Трэба бервяно абчасаць — умею.
— Карыстаючыся пачатай тэмай, запытаю: што вам найбольш падабаецца ў самім сабе?
— Абсалютна нічога.
— А што не падабаецца?
— Вы што, допыт мне ўчыняеце? — з усмешкаю і ўяўнай строгасцю пытае ён. — А ўвогуле, магчыма, і не падабаецца і падабаецца мая звычка ўмешвацца ў розныя справы, якія чыняцца на белым свеце. Падабаецца блукаць у такіх мясцінах, дзе яшчэ мала хто быў, апускацца ў пячоры, лазіць па падземных хадах пад старымі будынкамі, разгадваць усякага роду загадкі… І ў той жа час гэта мне не падабаецца, таму што прыносіць кучу бедаў. Нядаўна, напрыклад, два таварышы ўздумалі паўтарыць адзін апісаны мною маршрут і моцна пацярпелі там. Я прашу ў іх прабачэння і засцерагаю: перш чым узяцца за нешта такое, спытайце ў мяне. Мінулі гады і ўчора адносна бяспечнае месца можа сёння пагражаць, скажам, абвалам, ці нават нечым горшым. Не рызыкуйце там, дзе рызыкаваў я. Бо там, дзе я ішоў на рызыку, я, урэшце, адказваў толькі за самога сябе. Сабой, а не пакутамі сумлення за кагосьці.
— А калі паставіць пытанне так: ці знаёма вам пачуццё творчай няўпэўненасці?
— Не. Я ніколі не бяруся пісаць аб тым, да чаго ў мяне не ляжыць душа. Калі я ведаю, аб чым я хачу пісаць, я ведаю і як пісаць. Таму ў мяне практычна няма чарнавікоў. Ёсць толькі накіды сюжэта. Накіды гэтыя падобныя на галаваломку, сам чорт нагу зломіць. Там усё: героі, абстаноўка, планы месца дзеяння, жыллё дзейных асоб аж да таго, што відаць з кожнага акна, падрабязныя біяграфіі герояў (яны пасля не ўвойдуць у твор, але, ведаючы іх, я ведаю, як будзе паводзіць сябе чалавек у самых складаных абставінах), манеры герояў, іхнія ўчынкі і іншыя дэталі. Абдумаю як след — сядаю за стол. Калі штосьці не клеіцца, пахаджу па пакоі, пакуру, каву згатую — і зноў за работу. Слова павінна ўлезці на сваё месца адразу, як цвік. І апошняя гэта справа сто разоў выцягваць яго абцугамі і забіваць зноў.
— Уладзімір Сямёнавіч, а чаму вы назвалі свой апошні празаічны твор "Зброя" аповесцю? Ці не з'яўляецца яна своеасаблівым працягам рамана "Каласы пад сярпом тваім": галоўныя ж героі адны і тыя ж?
— Не. Гэта не працяг рамана, а яго адгалінаванне. Галоўныя героі тыя ж, але яны дзейнічаюць у іншых умовах і іншы раз не зусім так, як табе хочацца. Дзеянне адбываецца ў Маскве. Але гэта не Масква Пушкіна і Бялінскага, дзе жывуць высокімі ідэаламі ці, прынамсі, добрымі манерамі, дзе ветліва цалуюць ручкі дамам, дзе гутараць аб высокіх матэрыях, дзе пануе павага да людзей. Гэта Масква Сухараўкі і Хітрова рынка, маскоўскае дно, якое і Гіляроўскаму не снілася.
— Значыць, аповесць трэба ўспрымаць як самастойны твор, калі я не памыляюся?
— Толькі так. У нас, у Прыдняпроўі, норавы заўсёды былі і ёсць такія: калі гулянне — стаў апошні рубель, калі просіш — то ад душы, а пагражаеш каму-небудзь — яму не здабраваць! А тут Алесь трапляе ў абсалютна чужое, незразумелае яму асяроддзе, дзе можна прыгразіць і забыць, дзе на словах можна дараваць, але да смерці помніць зло і пры зручным выпадку ўдарыць. Адным словам, дзе законы такія: хочаш выжыць — умей хітрыць, выкручвацца, хлусціць.
— Але ж мэта ў Алеся і яго сяброў астаецца па-ранейшаму тая ж.
— Так, ім трэба знайсці і купіць зброю, хоць бы 3000 ружжаў для паўстанцаў. А гэта справа далёка не простая.
— Пэўна, таму аповесць называецца "Зброя", ці яе назва мае і іншую, унутрана-падтэкставую нагрузку?
— Ваша праўда, назва — сімвалічная. "Зброя" — гэта значыць, што так нельга жыць далей грамадству, у якім жыве Алесь, што наступіў час мяняць самадзяржаўны лад, што народ прыйшоў да гэтага і рыхтуе сваю зброю.
— Як растлумачылі б вы сваю нязменную цікавасць да гістарычных сюжэтаў?
— На гістарычных сюжэтах я ствараю сваю матрыцу будучага. Калі ты ў пэўнай сітуацыі калісьці зрабіў так, а не інакш, то і праз сто, тысячу гадоў ты ў падобных абставінах зробіш у нечым падобны ўчынак. Кожны гістарычны сюжэт — гэта адкрытая размова з сучаснікам. А дзе яшчэ можна паказаць так поўна чалавека, што стаіць перад выбарам, кім яму быць, калі не на фоне гісторыі, вайны, экстрэмальных умоў, у якія трапляе гэты чалавек і праяўляецца ўвесь да канца, да тых рыс характару, якія ён, можа, і сам не падазраваў у сабе?