Шрифт:
Якія кнігі Вы ў асноўным збіраеце? Ці ёсць у Вас падзел: чытанне з пэўнай мэтай, напрыклад, навуковай, чытанне, так сказаць, для душы ці нават проста для таго, каб адпачыць ад працы? Калі падзел ёсць, што чытаеце для адпачынку? Чым любіце займацца ў вольны час?
У. К. Кнігі спецыяльна не збіраю. Толькі ўлюбёныя мастацкія, слоўнікі і даведнікі, геаграфія, гісторыя і археалогія. Асядаюць і кнігі, прыдбаныя з пэўнай мэтай, для работы, і для душы, і для адпачынку (кнігі-дзівакі, кнігі-загадкі, кнігі рэдкага лёсу, дэтэктывы і г.д.)
У вольны час люблю ездзіць, проста швэндацца між людзей, знаёміцца з людзьмі цікавымі і “небывалымі” (дужа памыляюцца тыя, што клічуць мяне “рамантыкам”. Няма ў мяне амаль тыпаў выдуманых, падзей, якіх не было або не магло быць. Я проста валодаю спаўна здольнасцю знаходзіць такіх людзей, трапляць у абставіны рэдкія. І, апісваючы іх, я карыстаюся вымыслам у найменшай ступені.).
Ці лічаце Вы, што ў Вас ёсць дзівацтвы? Які, на Вашу думку, у Вас характар, тэмперамент? У якіх адносінах знаходзіцца ў Вас фантазія з лагічным мысленнем? Ці любіце Вы марыць, даваць волю фантазіі? Ці верыце ў мастацкую інтуіцыю?
У. К. Пісанне ўжо само па сабе дзівацтва, нешта не зусім будзённае. А ў мяне, да таго, і ў штодзённым жыцці дзівацтваў хапае. Лічу, што без іх пісьменніка няма. Аб характары і тэмпераменце маім сведчаць лепей за ўсё маё жыццё і мае кнігі.
Фантазія неадлучная ад логікі, свайго фундамента. Іначай гэта — грушы на вярбе.
Марыць і даваць волю фантазіі — першае, што складае пісьменніка. Мастацкая інтуіцыя — таксама.
Назіральны Вы чалавек? Якая ў Вас памяць? Ці ёсць кніжкі для запісаў? Ці ствараеце папярэдне план твора на паперы?
У. К. Думаю, што я назіральны, часам нават вельмі. Памяць добрая на тое, што трэба. Што не трэба — забываецца адразу. Нават важнае з бытавога боку. Магу памятаць адценне, пах, імгненны вобраз — гадамі і забыць аб учарашняй важлівай, але нецікавай размове.
Кніжкі для запісаў ёсць. Многа. Менавіта для назваў, імён і інш. А то, бывае, бачыш чалавека, як жывога, а назву вёскі забыў. “Бранебойную” дэталь памятаеш, а колькі год гэты чалавек працуе, скажам, падводным археолагам — вылецела з галавы (круціцца, а не ўспомніш).
План — абавязковы. Спачатку агульны, пасля ўсё больш і больш удакладнены (аж да асобных рэплік). І зноў, і зноў. Урэшце план ужо амаль твор (у гэты момант ён перапэцканы так, што і чорт не разбярэцца). А пасля пішу начыста, амаль без правак. Бо ўсё ўжо ясна. Часам, праўда, героі пачынаюць хуліганіць, весці сябе не так, як было задумана. І я іх заўсёды слухаюся і даю ім волю. Бо калі яны ўжо робяцца самастойныя — гэта азначае, што рэч удаецца, што яна жыве.
Вы — пісьменнік рамантычнага складу. Значыць, Вас цікавіць усё незвычайнае. Што канкрэтна (хоць і па творах можна, безумоўна, многае ўявіць, але ўсё ж не ўсё, ад аўтара пачуць — важней)? Ці ёсць прататыпы ў Вашых “негістарычных” асоб, напрыклад, у “Чазеніі”?
У. К. Я не пісьменнік рамантычнага складу. Хто хоча, каб я яго паважаў — хай здасць гэта азначэнне, гэты ярлык у архіў. Я, можа, больш чым хто, авантурыст (хоць ніколі не шукаў у авантурах выгады), і жыццё падсоўвае мне і такіх людзей, і такія выпадкі, якія не назавеш штодзённымі. “Ищущий обрящет». «Ищите и обрящете» — гэта яшчэ і святое пісьмо гаварыла.
Вось, скажам, падзеі толькі дзесяці дзён верасня 1978 года. З 9-га па 21-га. Палёт у Душанбе. — Паход у Варзобскую цясніну. — Пастухі, што спускаліся з гор з чародамі. — Старажытная крэпасць у Гісары. Рынкі і іх людзі. — Музеі. — Кераміка і яе вывучэнне. — Будоўля Нурэкскай ГЭС. — Над гарамі ў Самарканд. — Узбекскае вяселле ля Гур-Эміра. — Абсерваторыя ў Афрасіябе. — Начныя кішлакі ў Вярзобе. — Пералёт у Абхазію і выхад у мора з рыбакамі, якіх ведаю шмат год.
І на маім шляху егеры, змеяловы, чабаны, начлег на Марыяцкай вежы ў Кракаве, скалалазы, ганчары, свяшчэннікі, народныя майстры скрыпак, следчыя і г.д.
Гэта не рамантыка. Такім жыццём жывуць многія тысячы людзей. І я хачу жыць і жыву, як яны, і люблю іх, і апісваю. А тое, што мне на гэта шанцуе — ну што ж, літасць лёсу.
…Сцэна ў кактэбельскай міліцыі. Пагранічнікі затрымалі. Маёр: “Каго затрымалі? Мы яго шмат год ведаем. Добрыя людзі ўсе спяць, а гэты псіх лазіць ноччу па скалах”. Мне гэтыя словы — самая дарагая ўзнагарода.
Прататыпы заўсёды ёсць, нават у “негістарычных” маіх асоб. У “Чынезіі” гэта Няпіпіва (Шчукін, капітан МРС-200), чэмпіён — яхтсмен Ляпін, энтамолаг з Харкава Лісоўскі (дзядзька Сакрат). Ясна, што яны ў чымсьці багацей і разнастайней, а ў чымсьці бяднейшыя за арыгіналы.
Якія гастарычныя асобы, якія перыяды сусветнай гісторыі Вас найбольш цікавяць? Жыццёвы лёс якога дзеяча культуры, якога мастака Вас найбольш захапляе? Якія архітэктурныя збудаванні ў Мінску Вам найбольш падабаюцца і, наогул: ці па таму шляху ён развіваецца?