Шрифт:
І яшчэ тады рукі яго грамадзян умелі плавіць шкло, ліць чыгун, спускаць на ваду параходы і шліфаваць лінзы. Дый ці мала яшчэ чаго?
І, амаль адначасова з гэтым, горад стварыў тое, што маглі сабе дазволіць вельмі нешматлікія гарады: сваю мастацкую школу, якая заняла неаспрэчнае месца не толькі ў гісторыі мастацтва Беларусі. Якія б назвы яна не насіла: "Школа Ю. Пэна", "Народна-мастацкая школа", "Віцебскае мастацкае вучылішча" — школа гэтая была месцам, дзе выкладалі сапраўдныя мастакі і дзе такія ж сапраўдныя мастакі выхоўваліся. І калі гавораць пра ілюстрацыі М. Дабужынскага да "Белых начэй", або пра "Здраўнеўскі цыкл" І. Рэпіна, карціны К. Малевіча або М. Шагала — усім нам трэба памятаць, што гэта не толькі сусветная вядомасць, але гэта яшчэ і Віцебск.
Віцебск 17 кастрычніка 1905 года вывеў на плошчу перад ратушай дваццаць тысяч сваіх грамадзян (загінула ад куль — васемнаццаць). А наступнага дня выйшла на вуліцы ўжо сорак тысяч. І была ўшчэнт разнесена турма і вызвалены палітзняволеныя.
1 сакавіка 1917 года вулкамі і плошчамі Віцебска пракацілася вестка аб звяржэнні самаўладства.
4 сакавіка бальшавікі правялі сход і стварылі на ім Савет рабочых дэпутатаў і прафесійныя саюзы.
Адначасова (6–7 сакавіка) быў створаны Савет салдацкіх дэпутатаў. Пазней абодва Саветы аб'ядналіся, сталі Саветам рабочых і салдацкіх дэпутатаў.
Калі падыдзеш да дома № 2 па вуліцы Пушкіна, то ўбачыш мемарыяльную дошку, устаноўленую ў памяць аб дзейнасці першага Савета, які ўвёў васьмігадзінны рабочы дзень, шмат зрабіў для паляпшэння становішча самых бедных працоўных, стварыў народную міліцыю і г. д.
У тым жа "доме першага Савета", па Пушкінскай, адбылася (з 1 па 3 кастрычніка) І Віцебская губеранская канферэнцыя бальшавікоў. Заслугаю віцебскіх бальшавікоў было тое, што ўсяго праз два дні пасля перамогі ў Петраградзе рэвалюцыя перамагла і ў Віцебску.
Віцебск ляжаў на шляху, які вёў ад стаўкі на Петраград. Стаўка і штаб Заходняга фронту паслалі каля 20 тысяч войска (салдаты і казакі), каб затаптаць у сталіцы агонь рэвалюцыі. За 11 дзён (з 28 кастрычніка па 7 лістапада) віцебскія бальшавікі і чырвонагвардзейцы раззброілі ўсе гэтыя 20 тысяч.
Пачаўся новы этап: грамадзянская вайна, у якой жыхары Віцебска таксама прынялі актыўны ўдзел. На ўсіх франтах. Ад Архангельска да Крыма і ад Варшавы да Уладзівастока.
У чэрвені 1919 года прыбыў у Віцебск з агітацыйным цягніком "Кастрычніцкая рэвалюцыя" М. І. Калінін. Ён выступіў тут на пасяджэнні партыйных, прафсаюзных і заводскіх камітэтаў, на мітынгу воінскіх часцей, перад рабочымі фабрык і заводаў горада, на шматтысячным мітынгу чыгуначнікаў. Радзіма ў небяспецы. Усе — на адпор. Чыгуначны транспарт павінен дзейнічаць бесперабойна. Таму што рабочыя галадаюць, таму што ў арміі цяжка з ежай, таму што гарады і прамысловасць замярзаюць, паміраюць без паліва.
Ужо 14 чэрвеня прыйшлі і сталі пад ружжо першыя шэсцьсот жыхароў Віцебска.
Скончылася перамогаю вайна. Паўсюль яшчэ віраваў бандытызм, успыхвалі сям-там мяцяжы. Але самым страшным ворагам была разруха, амаль поўнасцю знішчаная гаспадарка, мёртвыя заводы, іржавыя рэйкі чыгунак. Віцебск у гэтым сэнсе не быў выключэннем. Невядома было нават, з чаго пачынаць, з якога канца прыступіцца. Але горад, як і ўся краіна, хацеў хутчэй забыць старое, цягнуўся да ведаў і працы, да новага.
Горад пачаў з асветы. 1 кастрычніка 1918 года адкрыліся дзверы педагагічнага інстытута. Новаму грамадству перш за ўсё быў патрэбны новы, адукаваны чалавек.
Рукамі гараджан, іх працаю горад і яго прамысловасць паступова пачалі ажываць. Зацеплілася, слабое пакуль яшчэ, жыццё на старых, дробных прадпрыемствах (на базе многіх з іх выраслі пазней такія буйныя станкабудаўнічыя заводы, як імя Кірава і "Камінтэрн"). У гады першых пяцігодак былі пабудаваны швейная фабрыка "Сцяг індустрыялізацыі" (уведзена ў строй 7 лістапада 1930 года) і панчошна-трыкатажная фабрыка "КІМ" (будавала яе моладзь у 1929 — 31 гадах).
Віцебск прыўкрасіўся новымі будынкамі. Людзі тых гадоў памятаюць, як ганарыўся горад дамамі-камунамі на цяперашніх вуліцах Суворава і Горкага, домам спецыялістаў, новай трамвайнай сеткай, новым вадаправодам. І як ганарліва задзіраліся віцебскія насы з кожным новым інстытутам ("як жа, наш!") — ветэрынарным (1924), медыцынскім (1934). А тэхнікумаў і не злічыць: палітэхнічны, фінансава-эканамічны, сельскагаспадарчы, кааператыўны, ветэрынарны, швейнатэкстыльны. І мастацкае, музычнае, педагагічнае вучылішчы. І сорак тры школы, не лічачы фармацэўтычнай, школы медсясцёр, школы лабарантаў, школы фельчарска-акушэрскай.
У горадзе, як і паўсюль, чынілася другая рэвалюцыя, не менш важная за першую: рэвалюцыя духу, псіхікі, культуры. Людзі думалі не толькі пра хлеб і сталь, а і пра яе, культуру — часта раней, чым пра хлеб, — і гэта, між іншым, сведчыць на іх карысць.
Чэрвень 1919 — ратуша аддадзена краязнаўчаму і мастацкаму музею. Зараз ён — адзін з лепшых у рэспубліцы.
21 лістапада 1926 года — упершыню ўзнеслася заслона Другога Беларускага дзяржаўнага драматычнага тэатра. Не заўсёды другога па якасці пастановак і таленту акцёраў. Часта — першага.
Свае літаратары. І, сапраўды, першая і лепшая мастацкая школа…
Пасля пачаўся час выпрабаванняў, пакут і смерці, час барацьбы не на жыццё, а на смерць.
11 ліпеня 1941 года немцы ўварваліся ў Віцебск. Запанавала тое, што пастрашней за самую лютую і задушлівую ноч: фашысцкі "орднунг". На цэлыя тры гады.
Не яны, вядома, выдумалі каменданцкую гадзіну і расстрэл за яе парушэнне. Але вось расстрэл за тое, што ходзіш каля чыгункі або выйшаў у лес назбіраць грыбоў, прэвентыўны расстрэл, або расстрэл заложнікаў, - гэта ўжо выдумалі яны. Пойма Віцьбы за педінстытутам, Ілаўскі і Духаўскі яры, — паўсюль штабелі або проста завалы трупаў, скупа засыпаных зямлёй. І лагер смерці ў пасёлку Лучоса. І гета ў раёне клуба металістаў.