Шрифт:
Хто хоча ведаць, як там, у Кіеве, калі яшчэ ішла вайна, нараджаўся чалавек і як ён толькі дзівам не загінуў на парозе нараджэння, хай прачытае маю аповесць "Лісце каштанаў". Гэта адна з нешматлікіх маіх рэчаў, якія на дзевяноста пяць працэнтаў — праўда, да дробных рэалій, якія могуць засведчыць усе кіяўляне, што былі ў той час у горадзе.
Праўда аж да шыльдаў, аж да закладзенага цяпер пад'езда, аж да аднавокага бандурыста, аж да двара дамоў нумар 48–50 па вуліцы Леніна, дзе жартавала, геройствавала, спаборнічала ў высакароднасці наша мушкецёрскае войска, аж да таго, што я мог там памерці… Ну так, некалькі разоў мог. Адзін ці два разы ў вайну. А яшчэ раз студэнтам, калі мяне напярэдадні стыпендыі высадзілі з трамвая, а той пайшоў па схіле ўніз і разбіўся. Некалькі вось такіх дзіўных выхадак лёсу, пасля кожнай з якіх я мог зрабіцца ўкраінскай зямлёй, як калі-небудзь — аднаго хачу — зрабіцца зямлёй беларускай.
Сяброўства, небяспека, намёк на абуджэнне сэрца і намёк на будучы шлях — вось колькі ўсяго шчодра адваліла мне Украіна.
Няма чаго здзіўляцца, што ўспаміны аб вайне, сябрах, успаміны аб тым, як нарадзілася пачуццё прыналежнасці да мінулага, дзіўнае адчуванне, што ты жывеш усярэдзіне яго, прывялі мяне, калі прыйшоў час, зноў на Украіну, у Кіеўскі універсітэт. І я, відаць, не дужа памыліўся, прадчуваючы, што менавіта там мне ўдасца лепей зразумець мінулае ўсходнеславянскіх народаў, чым яно ў кожнага народа падобнае і чым адметнае. Там былі лепей упарадкаваныя бібліятэкі (асабліва аддзелы рэдкіх кніг і рукапісаў) і архівы. Акрамя таго, там ніхто не здзіўляўся, што я чытаю, напрыклад, Максіма Гарэцкага (быў 1949 год), літаратуру аб паўстанні 1863–1864 гадоў або, скажам, справу забойцы Лермантава М. С. Мартынава (ён сядзеў тры месяцы на гаўптвахце ў Кіеўскай крэпасці і ў Кіеве ж павінен быў адбываць царкоўнае пакаянне). Або разнастайныя старадрукі ці перыёдыку 20-х гадоў. Гэта прыводзіла часам да дзіўных вывадаў. Да таго, скажам, што я здзіўляўся, чаму паўстанне Каліноўскага называюць сялянскім, калі яно было — статыстыка! — разначынна-шляхецка-сялянскім. Калі пазней гэты погляд — падзякуем Г. В. Кісялёву — стаў агульным, я ўспрыняў яго з радасцю, як заўсёды з радасцю ўспрымаем такую падзею, калі розум і вернасць ісціне бяруць верх над прадузятай думкай.
І такіх адкрыццяў было шмат. На жаль, я працаваў без усякай сістэмы, не выпісваў часам імя вучонага, назвы твора, адкуль дакумент і г. д., так што цяпер часам і не помню, адкуль браў тое ці іншае. Нічога, для літаратуры гэта не так важна — спасылка на крыніцу. Пасля яе знойдзе гісторык-архівіст, пацвердзіць, што напісанае недзе дакументальна абгрунтавана, што ты не адступіў ад праўды.
Чырвоны корпус універсітэта (старая, яшчэ царскіх часоў, бунтарская чырвань — легенда казала, што так пафарбавалі будынак пасля студэнцкіх хваляванняў — настойліва лезла праз менш якасную новую), маладзенькія пірамідальныя таполі перад порцікам (цяпер яны засланілі ўвесь фасад, ды і ўвогуле зеляніна кіеўская разраслася так неўтаймавана, што схавала ад вачэй маіх абліччы многіх родных дамоў, і я не пазнаю іх у твар, а куткі, дзе я ведаў кожны камень, здаюцца мне чужымі), доўгая магіла кіта-фінвала на універсітэцкіх задворках (першая кітабойная флатылія падарыла яго універсітэту), а побач, між "кітовым капцом" і акадэмічнай бібліятэкай, у татарніках, чамусьці вялізная конная статуя Суворава: кліча ў паход на бібліятэчны мур.
Залы акадэмічнай бібліятэкі, ад строгай вялікай і да ўтульнай малой залы мастацкай літаратуры, дзе на стале ў яблычна-аранжавай, крыху спляшчанай зверху і знізу вазе стаялі нейкія барвяна-індзейскія галіны з лісцямі (за вокнамі даўно снягі, а тут была восень і яе лёгкі, празрысты настрой)…
Кнігі… Старыя, пульхныя, у скураных адзеннях, чорных і рыжых, з валікамі на карэньчыках, сухая сітаватасць паперы ХVІІІ стагоддзя, альманахі часоў Міцкевіча і Пушкіна, "Жалейка", прыжыццёвыя выданні Лесі Украінкі, "Матчын дар" (па вонкавым выглядзе кнігі адточанае вока можа меркаваць пра эпоху, у якую яна выйшла, часам не менш, чым па яе змесце). Кнігі, залашчаныя сотнямі рук, і кнігі (часта не менш цікавыя), якія за сто год не разрэзала нічыя рука, і тады ты першаадкрывальнік.
І — некалькі разоў — ледзь не выключэнне з універсітэта за тое, што я не хаджу на многія лекцыі, а замест гэтага прападаю ў бібліятэцы.
Неяк абыходзілася, і я зноў браўся за сваё. Ого! Стаў бы я замест скарбаў, якіх я так даўно чакаў і да якіх урэшце дарваўся па спецыяльнай просьбе акадэміка А. І. Бялецкага (першыя тры, здаецца, курсы ў "тайнае тайных" не пускалі), стаў бы я замест гэтай любоўнай, п'янай асалоды хадзіць на лекцыі і ў соты раз слухаць тое, што ўжо даўно ведаю і што мне даўно ўжо абрыдла!
Украіна пасадзіла мяне за раскошны банкетны стол — яна знайшла мне і настаўнікаў, якія ненавязліва, часта канфідэнцыяльна, з павагай "толькі рэкамендавалі і раілі, калі гэта мне падыдзе", які келіх піць з гэтага разліўнога мора ідэй і тэорый. Звярталі ўвагу на тое, які іранічны парадокс варты цэлай сістэмы, і якая дужа сур'ёзная кніга, высока ацэненая тым і тым, вартая прачытання толькі каб ведаць яе, не паступаць так, як раіць яна, і, калі нехта ўжыве яе як зброю, мець супраць яе надзейны шчыт: ведаць на тры метры пад аўтарам, чаго ён хацеў і чаго дабіваўся.
Гэта быў асцярожна-іранічны і пры гэтым надзіва адкрыты і шчыры А. І. Бялецкі, непрыкметны, а між тым шырокі эрудыт А. А. Назарэўскі, сівы С. І. Маслаў. І прафесар Шамрай (на жаль, рана пайшоў) з яго сарказмам. І паэт Рыльскі, заўсёды паглыблены ў сябе. І "свяцейшая" наша Л. А. Панамарэнка…
Украіна, Кіеў — гэта былі не толькі кнігі і архівы, не толькі лепшыя з настаўнікаў, якія разам са мной узважвалі меру дабрыні і зла, гэта былі археалагічныя раскопы, дзе я працаваў, музеі, опера і сімфанічныя канцэрты. Тады з вясны да восені чалавек з малымі грашыма (а адкуль яны ў студэнта?) мог праслухаць усю сімфанічную класіку бясплатна з эстрады ў парку над Дняпром.
Лёс зводзіў мяне з многімі людзьмі мастацтва, ды так, што абставіны знаёмства маглі б здацца нейкай містыкай і хто-ніхто з крытыкаў абавязкова кінуў бы свой дзяжурны сказ: "Караткевіч выдумае, а пасля сам жа ў гэта і паверыць". Па-першае, гэта не абраза: значыцца, выдумана дыхтоўна, з шырынёй і фантазіяй, так, што не толькі чытач хочаш не хочаш, а паверыць, але, з цягам часу, і сам аўтар. А па-другое, можна, вядома, правесці дні 8–9 студзеня гэтага года так: пайсці на працу (ці працаваць дома), пасля на пасяджэнне (сход, праўленне ці што там яшчэ), паглядзець тэлевізар (пачытаць кнігу), легчы спаць, паўтарыць тое самае на наступны дзень і вечарам пайсці ў госці. Гэта лічылася б нормай. Але такая норма, такі жыццёвы рэалізм не па мне. Па мне — паехаць у гэты дзень у Мсціслаў, дарогаю (пры трыццаці градусах марозу) трапіць у буран, калі снег ад зямлі да неба, блукаць, бо за метр ужо не відаць нічога, некалькі разоў думаць, што ўжо — канец (тым больш што праз нябачныя шчыліны ў машыну насейвае снег, а матор глухне, мабыць, у Беразіно заправілі бензінам з вадой), выбіцца ўрэшце на аўтакалону, што таксама засела, капаць, выцягваць і вылезці-такі ў дзве гадзіны ночы з дапамогай бульдозераў. А назаўтра, ідучы Мсціславам, бачыць у лютым марозным небе каляровую і вялізную, на палову неба, вясёлку. І ноччу пабачыць яшчэ, як памірае поўня пад час месячнага зацьмення.