Шрифт:
Але пасунуць на стварэнне гістарычнага рамана можа і асабістая зацікаўленасць да эпохі. Мяне, напрыклад, прымусіла займацца 186З годам сямейнае паданне аб расстраляным у той час чалавеку. Ведаючы толькі тое паданне, я напісаў сваё "Паром на бурнай рацэ" (толькі пазней, праз некалькі год, я знайшоў судовую справу ягоную ў Віленскім архіве, усё выявілася, было так, як расказвалі мне). Але яшчэ да "Парома" быў задуманы вялікі раман аб паўстанні.
Ад першай думкі, ад першага помыслу — ад іх яшчэ да твора, як ад зямлі да неба. Тут пачынаюцца пакуты егіпецкія і, адначасова, ледзь не самы прыемны этап работы. Я збіраў матэрыял для "Каласоў пад сярпом тваім" дванаццаць год.
Шукаеш, капаешся ў архівах, ездзіш на месцы сражэнняў, пытаешся ў старых, скажам, у Мілавідах, што ім расказвалі бацькі і дзяды, дзе гэта было, хто адкуль ішоў. Словам, па слоўцу, па дакументу, па апавяданню, па пейзажы месца, дзе біліся. Кожнае адкрыццё выклікае лавіну асацыяцый, варыянтаў, мяняе калізіі, вымушае гаварыць ужо жывых у тваім уяўленні людзей.
Вось пан штурмуе манастыр, у якім схаваліся дачка з жаніхом (гэта дзеля характарыстыкі дзеда героя). Вось другі, жах наваколля, на гулянцы ў якога нехта абавязкова абап'ецца і памрэ, склікае гасцей на сваё пахаванне — і ўстае з труны з келіхам шампанскага ў руцэ.
У дакуменце пра гэта — два радкі. I тут бярэцца за працу ўяўленне, ледзь не самае галоўнае для пісьменніка, асабліва на гэтым этапе.
Ну, збіраеш матэрыял, ну, ведаеш напамяць некаторыя сцэны. Рэч усё адно яшчэ не гучыць. А калі ўсё ж у такі момант сядзеш яе пісаць, то атрымаецца правільна, з веданнем справы і… мёртванароджана.
Зноў патрэбен настрой, той стан душы, асаблівы, напяты, гатовы на ўсё, той настрой, калі, здаецца, што няма немагчымага, той настрой адпаведнасці сябе — свету, які бацькі крыху вялікапышна, але ўвогуле правільна звалі натхненнем.
Для верша гэта патрэбна кожны раз. Для рамана, почасту, толькі для тых ключавых сцэн, якія выклікаюць лавіну, і да ўзроўня якіх, хай ненапісаных яшчэ, ты ўвесь час будзеш падцягваць сцэны іншыя, каб зраўняцца, а то і пераўзысці.
Гучанню рэчы дае штуршок, нешта звонку. Зноў такі гук, пах, пейзаж, сцэнка, якую ўбачыў. Я сам не ведаю, што гэта, тое, якое штурхае, у чым яго адпаведнасць твайму настрою, які толькі й чакаў, каб прарвацца. Але, калі ўсё гатова і чакае — гэты ўладны суровы загад, гэты поштурх не прымусяць сябе доўга чакаць.
З "Каласамі пад сярпом тваім"… гэта атрымалася некалькі разоў.
У вясну таго года, калі я пачаў пісаць раман, давялося мне плысці чаўном па Дняпры. Ля адной вескі, бераг якой рака вечна падгрызала, я ўбачыў на паўкруглым выступе старую дзічку-грушу, якая цвіла. Ясна было, што толькі каранямі яна зберагла сабе ў гэтым годзе жыццё, каб у наступным абурыцца ў вясновую палавень. I гэта было, як настрой струны, як сімвал гэтай пагрознан і літасцівай ракі часу і, адначасова, як сімвал чагосьці надзвычай гожага, што асуджана на загібель і ўсё ж мае мужнасць цвісці.
І яшчэ. Вясной, у дзікі дванаццацікіламетровы дняпроўскі разліў, я выйшаў са стрэльбаю і сабакам да ракі. Сабака быў малады, не вытрымаў і пагнаў хатніх гусей. Тыя беглі адчайна, як я ні крычаў на сабаку, не спыняліся і, дабегшы да стромы, сарваліся з яе і паляцелі з рэзкім крыкам. Дзьмуў нізавы вецер, развёў страшныя хвалі з брудна-белымі грабянцамі, а гусІ ляцелі, ляцелі і, вельмі далёка, апусціліся на хвалі і, белыя, загайдаліся на чорнай вадзе. Такія яны былі самотныя і, адначасова, смелыя ў гэтым змаганні з шалёнай стыхіяй. I прыгожа гэта было, як не ведаю што. Гэтая сцэна стала запевам і другой тэмай працягу рамана, які я зараз канчаю.
Вось бадай і ўсе, што я магу Вам сказаць. Тут няма і спробы тэарэтызацыі. Гэта ўсяго толькі адказ на Вашы пытанні і датычыцца тое, аб чым я Вам напісаў, толькі мяне. Калі Вы, прагледзеўшы ўсе адказы, дасланыя Вам, выведзеце з іх нейкія заканамернасці, уласцівыя ўсім, хто піша — я вельмі буду ўзрадаваны. Эстэтыка, псіхалогія творчасці, творчы працзс — яшчэ не сталі дакладнай навукай. Гаварылі і пісалі шмат, але ўсё неяк вакол, без пэўнасці і пераканальнасці. Патрэбныя анкеты сярод усіх літаратараў, як гэта, хай выбарачна, робяць зараз сацыёлагі сярод студэнтаў, рабочых і г.д. Тады мы хаця трошкі будзем ведаць і наш мозг, і работу ягоную, і тое, што мы на зямлі робім увогуле, і што такое наш свет, а можа будзем ведаць і сёе-тое філасофскае, вышэйшага парадку. Скажам, што гэта такое за арганізм Чалавецтва ў цэлым.
Вы адзін з пачынальнікаў гэтай работы (што датычыцца літаратараў), бо анкетамі, як гэта любілі рабіць раней, нічога не даб'ешся. Што з таго, што адзін п'е каву і курыць, а другі за работай трымае ногі ў вадзе? Гэта фізіялогія.
Трэба ведаць, як працуе мозг сапраўднага матэматыка, мастака, паэта. Трэба ведаць іхнія адносіны з усім навакольным светам, ад апошняй дробязі да праблем Быцця, усе падрабязнасці гарачага віравання ўсіх людзей сярод усіх.