Быков Василь
Шрифт:
— Ну, ты зразумеў? Ты зразумеў, што гэта такое?
— А што?
— Каложа — во што! Дванаццатае стагоддзе, ты зразумеў?
— Цяпер зразумеў. Але каб паглядзець…
— Пабачыш! — проста запэўніла Янінка. — Паспееш. А цяпер ідзі сюды…
Яна зноў матлянулася ў цемру, лёгенька пралезла праз негустую рашотку агароджы, нырнула ў пралом у сцяне, і яе светлая кофтачка зусім знікла ў змроку. Каб не згубіць яе, ён заспяшаўся следам, пакуль не апынуўся на невялікім глухім травяністым двары. Неба тут спрэс закрывалі дрэвы, было цёмна, і ў гэтай цемры ледзьве ўгадвалася шэрая сцяна побач. Прыслухоўваючыся да наваколля, замерла побач Янінка. Але вакол было ціха, бы ў склепе, і яна падкралася да нізенькіх дзвярэй у нішы. Там паклала ў доле туфлі і, пацягнуўшы да сябе дзверы, па-змоўніцку шапнула яму: «Лезь!» Ён ледзь прашчаміўся ў вузкую шчыліну, затым знутры таксама патрымаў дзверы, каб магла пралезці яна. Калі дзяўчына апынулася побач, дзверы самі сабой зачыніліся, і абаіх агарнула такая цемра, што ён зусім перастаў бачыць яе і, каб не згубіць, лёгенька прытрымліваў яе за плечы. У насцярожанай цішыні ўверсе штось заварушылася, залапатала.
Янінка здрыганулася ў ягоных руках, але тут жа паспяшалася супакоіць яго:
— Не бойся: то галубы.
— Я не баюся, — шэптам адказаў Ігар, хоць яму было і цікава, і страшнавата адначасна.
— Гэта іканастас, гэта аналой. А тут вось…
Нячутна ступаючы ў цемры па каменнай шархоткай падлозе, яна падвяла яго да нейкай сцяны, дзе прымусіла сесці, затаіцца, а сама, прыўстаўшы, крыкнула:
— О-о!
— О-о! О-о! О-о! — адгукнулася ў розных месцах мноствам таямнічых галасоў, ад якіх яму зусім ужо стала страшна.
— О-о-о! — паўтарыла яна мацней.
— О-о-о-о! О-о-о-о!.. — пакацілася кудысьці далей, мабыць, пад нябачныя ў цемры скляпенні прытвораў, і нарэшце заглухла ўгары, напэўна, у званіцы.
— Галаснікі, зразумеў? — ціха шапнула Янінка.
— Якія галаснікі?
— Не ведаеш? Эх ты!.. Ідзі сюды… Во сюды, сюды…
Яна зноў павяла яго ў цемру, трымаючы за руку, як відушчы водзіць сляпога, дзесьці спынілася, лёгенька таўханула ў бок.
— Во, мацай. Ты ж вялікі, напэўна, дастанеш?
Ён пачаў мацаць цагляную сцяну, пакуль не наткнуўся рукамі на нейкія гладкія, адпаліраваныя дзіркі ў ёй, але зразумець нічога не мог, хоць ні пра што не пытаў ужо і не дзівіўся. Ён ужо прывык за сённяшні дзень да такога мноства загадак і ўражанняў, што, каб разабрацца ў іх, напэўна, патрэбны быў час.
А часу якраз было мала, самая кароткая ноч у годзе хутка імкнулася насустрач дню, і калі яны выбраліся з царквы, над горадам ужо гаслі зоркі, і далёкі сонечны водсвет затрапятаў на ўсходнім ускрайку неба. Янінка таропка, не даючы Ігару апамятацца, гаварыла і гаварыла штосьці аб тым значымым і цікавым, што бачыла, ведала, чым абавязкова хацела падзяліцца з ім. Падхапіўшы ў рукі туфлі, яна ўжо лезла кудысь цераз калючыя зараснікі на абрыве, і ён ледзьве спраўляўся за ёю, ужо не клапоцячыся пра свае выхадныя боты, якім, напэўна, дасталося за гэтую ноч.
– Ідзі, ідзі сюды! Ну што ты такі непаваротлівы! Не бойся, не ўпадзеш. Я падтрымаю…
Яны пералезлі змрочны глыбокі роў і зноў выйшлі на бераг зусім яшчэ соннай, засланай лёгкім туманам ракі. Але Янінка пабегла і яшчэ ніжэй — па голых камянях да вады.
– Ідзі сюды. Пакуль татка спіць, я табе пакажу мой кветнік. Ужо зацвілі мацейкі. Пахнуць на досвітку — страх!
Слізгаючы на скураных падэшвах, ён спусціўся па каменным адхоне ўніз, да лодкі, у якую залезлі абое, і Янінка з адным вяслом у руках пачала разварочваць лодку ўздоўж па цячэнні.
— Так бліжэй будзе. А то па мосце пакуль абыдзеш…
— Якая ты, аднак! — сказаў ён, не стрымаўшы свайго захаплення.
— Якая? Нядобрая, га? Праўда, нядобрая?
— Цудоўная!
— Дзе там цудоўная! Во прачнецца татка, будзе гэтай цудоўнай!
Моцнае цячэнне на сярэдзіне панесла лодку ўніз, але яна неяк выграбла адзіным вяслом да берага, і хутка яны падплылі да нейкага дашчанага плота пад тоўстымі камлямі вербаў.
— Ану, хапайся. А то панясе…
Ён паспеў ухапіцца за слізкі, гнілаваты слупок у вадзе, яна выскачыла на бераг, і яны выцягнулі лодку на траву.
— Раніцай рыбакі адгоняць… А цяпер… Во гэтым завулачкам, а пасля каля саду пярэйдзем бульбу, і там, пад касцёлам на беразе, мой домік. Ты не вельмі стаміўся? — раптам клапатліва запыталася яна, заглядваючы яму ў вочы.
— Не, нічога.
Яны пайшлі ўскраінным, парослым вільготнаю муравой завулкам. Яна ўсё несла ў абедзвюх руках свае туфлі, на хадзе трошкі дакранаючыся да яго плячом, і ён праз тонкую тканіну кофтачкі адчуваў цяпло яе цела, чуў яе блізкае зморанае дыханне, незразумелы пах яе валасоў і думаў, як яму здорава пашанцавала сёння. Ён ужо быў удзячны сваёй нявыхаванасці, якая дазволіла яму той недарэчны жарт у Баранавічах, удзячны гэтаму гораду з яго старажытнасцю і гэтай ночы, такой не падобнай на мноства пражытых ім начэй.
— Янінка, — ціха паклікаў ён, набліжаючыся да яе ззаду, але яна толькі таропка набавіла кроку.
— Янінка…
— Во абыдзем гэтую хатку, пасля павернем на сцежачку, перабяжым цераз сад…
— Янінка!
— Давай, давай, не адставай! А то хутка татка ўстане ды як спахопіцца…
Аброслаю дзядоўнікам сцежкай уздоўж плота яны ўзлезлі вышэй. Пачынала світаць. Побач у росным змроку садоў яшчэ драмала Занёманне. Добра ўтаптаная сцяжынка вывела іх на край бульбянога поля, скрозь усыпанага белымі зоркамі кветак. Дужа пахла маладым бульбоўнікам і свежай роснай зямлёй. Янінка таропка ішла наперадзе, і ён, шоргаючы ў бульбоўніку сваімі ботамі, ледзьве спраўляўся за ёй. Ужо зусім блізка на светлым ускрайку неба відаць былі стромкія купалы касцёла, за якім дзесьці ў цёплай рачной вадзе ціха плёскаліся яе плыты. Заставалася прайсці яшчэ, можа, сотню крокаў, якія аддзялялі іх ад касцельнай агароджы, як у начной цішыні яшчэ соннага горада з'явіўся нейкі чужы, незразумелы, настойлівы гул.