Быков Василь
Шрифт:
Янінка наперадзе адразу ж спынілася.
— Што гэта? Што гэта гудзе? Гэта самалёты?
Так, гэта набліжаліся ў небе самалёты, але ён проста не верыў, што так недарэчна і не ў час можа пачацца тое самае страшнае, што ўсе апошнія дні благім прадчуваннем жыло, мацнела, прыгнятала людзей. Хапаючыся за слабенькую надзею, што, можа, яны памыляюцца, ён душыў у сабе страх і чакаў.
Але памыліцца было немагчыма.
Спалоханая Янінка, быццам шукаючы абароны, кінулася да яго, і толькі ён паспеў яе абняць, як шэраг блізкіх магутных выбухаў кінуў іх на цвёрдае сцебле бульбоўніку. Ранні світанак асвятліўся серыяй вогненна-чорных бліскавак, тугія гарачыя хвалі ўдарылі ім у спіны, густа закідалі бульбоўнік зямлёй…
Як толькі мінуўся першы грымотны грукат, ён падхапіўся, Янінка таксама ўскочыла побач і з паблытанымі на галаве валасамі, у запэцканай кофтачцы невядома навошта старалася надзець на брудную нагу свой туфель. Аглушаны выбухамі, ён не адразу пачуў яе надзіва аслабелы голас, якім яна гукала яму:
— На мост бяжы! Хутчэй на мост! Там за касцёлам мост!..
Ну, ведама, яму трэба было на мост, у штаб, ён ужо разумеў, што здарылася, і іначай не мог.
Не азірнуўшыся болей, праз грымотныя ўдары выбухаў, падаючы і ўскокваючы, ён памчаўся на мост, несучы ў збянтэжанай свядомасці ледзьве ўхопленае зрокам аблічча дзяўчыны з чорным бліскучым туфлем у росным бульбоўніку…
12
Яго вырвалі з забыцця стрэлы, якія раптам даляцелі невядома адкуль. Здалося спярша, што гэта стралялі ў вёсцы, але калі, занепакоены, ён прыслухаўся, дык зразумеў, што даносіліся яны з іншага, процілеглага вёсцы боку — менавіта з таго боку, адкуль яны прывалакліся ўночы і куды пайшоў Півавараў. Мярцвеючы ад благога прадчування, Іваноўскі перастаў дыхаць, услухаўся, але ніякага сумнення не заставалася — стралялі недзе за полем.
Напэўна, самыя першыя стрэлы ён прапусціў, не ўчуўшы, ён прахапіўся толькі, калі гулка ўдарыла вінтоўка і ў цішыні працягла пратрашчаў аўтамат. Ну вядома, гэта быў яго аўтамат — нямецкія стралялі інакш, гэта ён ведаў пэўна. Іваноўскі падхапіўся на локаць, але ў грудзях у яго штосьці сціснулася, ад болю заняло дыханне, ён закашляўся, выплюнуў згусцелы крывяны ком і зноў без сілы аблёгся на лаўку. Пакуль ён кашляў, здаецца, усё там скончылася, і колькі ён ні ўслухоўваўся потым, нічога ўжо больш не пачуў.
Ледзьве ўтаймоўваючы хваляванне, лейтэнант намацаў ля лаўкі гадзіннік — было сорак хвілін на восьмую, значыць, Півавараў адсутнічаў каля дзвюх з паловай гадзін. Калі да той вёскі толькі адзін кіламетр, няхай два, дык ён павінен быў бы ўжо вярнуцца. Але калі не вярнуўся — значыць… Значыць, ён прабраўся ў вёску, але, мабыць, няўдала, і яго спасціг той самы лёс, што і ўчора Іваноўскага. Лейтэнант зноў прыўзняўся на локці, услухаўся, паспрабаваў зазірнуць у трошкі яшчэ светлаватае акенца, але не дапяўся да яго і сеў на лаўцы. Яму было моташна, блага, вогненна-чырвоныя плямы плылі ў вачах. Рукой ён намацаў надзіва цяжкую вінтоўку. Але навошта цяпер была тая вінтоўка — у лазні яго пакуль ніхто не трывожыў, паблізу быццам не было нікога. Наўрад ці ён мог што зрабіць, каб аблегчыць лёс Піваварава, які яўна трапіў у бяду, але і нічога не рабіць ён таксама не мог. З вялізнай натугай, увесь час лапаючы па сценах рукамі, ён выйшаў у прылазнік і штурхнуў нагой дзверы.
Была зімовая ноч — як усе ночы ў лістападзе гэтага года — з ветрам, нізкім, захмараным небам, шэрым, завалочаным цемрай прасторам. Але снег ляжаў свежы і чысты, і ў ім выразна было відаць некалькі глыбокіх слядоў Піваварава, якія ішлі паўз сцяну лазні і паварочвалі за вугал.
Задыхаючыся ад налётаў парывістага ветру, Іваноўскі хвіліну счакаў, услухаўся ў глухую ціш ночы. Ні стрэлаў, ні крокаў, ні крыку — нічога не было больш чуваць. Тады, не зачыніўшы дзвярэй, ён апусціўся каля парога, прыхіліўся плячом да сцяны і сядзеў так гадзіну, а можа, і больш. Ён увесь быў ва ўладзе шчымлівага, хваравіта-напружанага чакання, выразна ўсведамляючы, што калі Півавараў у бліжэйшыя хвіліны не прыйдзе, то ён не прыйдзе ніколі.
Але ён не прыйшоў ні ў бліжэйшыя хвіліны, ні ў наступныя затым гадзіны. Калі ўжо чакаць не стала цярпення, Іваноўскі, не ўстаючы, на кукішках дапяўся да кубіка свайго гадзіннічка за парогам — было без дзесяці хвілін дзесяць. Адсутнасць байца на працягу гэткага часу не абяцала нічога добрага.
«Нашто я паслаў яго? Нашто паслаў? — дакараў сябе лейтэнант. — Якія тут лыжы? Які штаб? Толькі загубіў яго ды і сябе таксама…»
Безумоўна, без Піваварава ён нічога ўжо не мог, але калі ён сам быў асуджаны на пагібель, дык трэба было падумаць, каб выратаваць хоць байца. А ён паслаў яго на такую справу, дзе на ўдачу прыпадае адзін шанец з тысячы. Немцы маглі зрабіць засаду, пасадзіць у полі сакрэты і напэўна ўзмацнілі ахову ў вёсцы — не так проста было пралезці да штаба. Калі гэта не ўдалося яму мінулаю ноччу, калі штабісты былі яшчэ не палоханыя, дык як магло ўдасца цяпер.
«Ну а што ж далей? Што?» — тысячны раз пытаўся ў сябе Іваноўскі, седзячы ля дзвярэй лазні.
Зрэшты, ён ужо ведаў што — ён толькі марудзіў, да апошняй магчымасці спадзеючыся, што Півавараў, можа, яшчэ вернецца. Але калі стала ўжо відавочна, што чакаць далей марна, лейтэнант, хапаючыся за сцены, устаў на ногі.
Ён выпрабоўваў сябе, каб ведаць, на што яшчэ здольны або, можа, не здольны ўжо ні на што. Хаця і з цяжкасцю, але трымацца на нагах яму яшчэ ўдаецца, асабліва калі мець пад рукамі нейкую апору. Цяпер апораю яму былі сцены, а ў полі ён будзе абапірацца на прыклад вінтоўкі. Ногі сяк-так падпарадкоўваліся яму, горш было з дыханнем і з галавой таксама. Але ён падумаў, што галава, можа, адыдзе ў полі, а з дыханнем ён ужо неяк справіцца. Калі не спяшацца, памаленьку, з частымі супынкамі, эканомна выдаткоўваючы сілу…