Быков Василь
Шрифт:
Здранцвелымі пальцамі сціскаючы рукаятку гранаты, ён ляжаў грудзьмі на дарозе і чакаў. Вачэй ён амаль не расплюшчваў, ён і без таго ведаў, што навакол шэры снегавы змрок і нічога болей. У насцярожанай начной цішыні быў добра чуваць кожны гук у свеце, але тых гукаў, якіх ён чакаў, нідзе не было чуваць.
Лежачы на адным месцы, ён хутка пачаў траціць цяпло і мёрз, выразна ўсведамляючы, што мароз і вецер, напэўна, расправяцца з ім хутчэй, чым гэта зробяць немцы. Ён усё болей адчуваў гэта кожнаю клетачкай свайго наскрозь прамерзлага цела, якое не магло ўжо і дрыжэць. Проста ён неадступна, паслядоўна, паволі замярзаў. І ніхто не мог ні памагчы яму, ні ўзбадзёрыць, ніхто не даведаецца нават, як ён скончыў жыццё. Пры гэтае думцы Іваноўскі адчуў страх, бадай што спалох. Ніколі яшчэ ён не быў у такой адзіноце, заўжды ў цяжкую хвіліну хто-небудзь быў побач, заўжды было на каго абаперціся, з кім перажыць найгоршае. Тут жа ён быў адзін, як загнаны, падстрэлены воўк у бясконцым марозным полі.
Вядома, ён быў асуджаны на пагібель і разумеў гэта з дастатковай у яго стане выразнасцю, хоць і не вельмі шкадаваў аб тым. Выратаваць яго нішто не магло, ён не спадзяваўся на цуд, ведаў, што для такіх, з прастрэленымі грудзьмі, цуду на вайне не бывае. Ён ні на што не спадзяваўся, ён толькі хацеў памерці не марна. Толькі б не замерзнуць на гэтай дарозе, дачакацца світанку і першай машыны з немцамі. Здорава, калі б гэта быў генерал, ужо Іваноўскі ўзняў бы яго ў паветра разам з шыкоўным яго аўтамабілем. На горшы выпадак прыгадзіўся б таксама палкоўнік ці які-небудзь важны эсэсавец. Мяркуючы па ўсім, штаб у вёсцы вялікі, важных чыноў там хапае.
Але для таго трэба было дажыць да світання, выстаяць перад д'ябальскай сцюжай гэтай жахлівай ночы. Аказваецца, перажыць ноч было так цяжка, што ён стаў баяцца. Ён баяўся змерзнуць, баяўся заснуць або надоўга страціць прытомнасць, баяўся болю ў грудзях, які падпільноўваў кожны ягоны рух, баяўся мацней кашлянуць, каб не сцячы крывёй. На гэтай праклятай дарозе яго пільнавалі спрэс небяспекі, якія ён павінен быў перамагчы, абхітрыць, адужаць, каб датрываць да ранку.
Рук сваіх ён амаль ужо не адчуваў, але цяпер пачалі дранцвець ногі. Ён паспрабаваў паварушыць пальцамі ў боце, але гэта яму не ўдалося. Тады, каб неяк утрымаць цяпло, што хутка пакідала цела, ён пачаў стукаць змерзлымі ботамі аб дарогу. У начной цішыні ззаду пачуўся глухі, устрывожаны грукат, і ён перастаў. Ног ён не сагрэў ніколькі, але самому стала кепска, і ён, адчуўшы, што траціць прытомнасць, апошнім намаганнем сунуў пад сябе гранату. Гранату цяпер ён вымушаны быў берагчы больш за жыццё. Без гранаты ўсё яго існаванне на гэтай дарозе адразу страчвала сэнс.
Пасля глыбокага правалу ў свядомасці, за якім наступіў доўгі прамежак ліпкай, бяссільнай знямогі, ён зноў адчуў пранізлівы люты холад і амаль жахнуўся. Здавалася, гэтай ночы не будзе канца, і ніякія ягоныя хітрыкі не дапамогуць яму датрываць да ранку. «Але як жа можа так быць? — ледзьве не крычаў у ім поўны пратэсту, амаль роспачны голас. — Няўжо ж так нічога і не выйдзе?» Дзеля чаго ж тады выдаткавана столькі яго намаганняў і яго сілы? Няўжо ж усе яны прападуць марна? Але ж яны прадукт яго матэрыяльнага я і самі, напэўна, матэрыяльныя, як кожная энергія, яны ж — знясіленае яго цела і пралітая ім кроў, чаму ж яны павінны ў гэтым матэрыяльным свеце прапасці без следу? Ператварыцца ў нішто?
Тым не менш ён амаль пэўна ведаў, што ўсё скончыцца кепска, і адначасна адмаўляўся разумець гэта. Ён хацеў верыць, што ўсё, зробленае ім у такіх пакутах, павінна недзе адбіцца, у чымсьці выявіцца. Няхай не сёння, не тут, не на гэтай дарозе — можа, у іншым месцы, праз нейкі няпэўны час. Але ж павінна яго пакутлівая смерць, як і тысячы іншых, не меней пакутлівых смерцяў, прывесці да нейкага выніку на гэтай вайне. Інакш як жа гінуць у пустой безнадзейнасці адносна сваёй патрэбы на гэтай зямлі і ў гэтай вайне? Ён жа для чагось нарадзіўся, жыў, столькі змагаўся, цярпеў, праліў сваю гарачую кроў і цяпер у пакутах аддаваў жыццё. Павінен жа ў гэтым быць нейкі, хай не дужа каб значны, але ўсё ж чалавечы сэнс.
І ён раптам паверыў, што будзе. Што абавязкова будзе, што ніякія з чалавечых пакутаў не пазбаўлены сэнсу на гэтым свеце, тым больш салдацкія пакуты і салдацкая кроў, пралітая за гэту непрытульную, мерзлую, але ж такую сваю зямлю. Ёсць у гэтым сэнс! І будзе вынік, іначай не можа, бо іначай не павінна быць.
Яму б толькі дажыць да світання.
Тым часам мароз дабіраўся ўжо да яго нутра, і лейтэнант адчуваў гэта. Краем прыцьмелай свядомасці ён сачыў за тым, як сцюжа марудна, але няўхільна авалодвала яго абяскроўленым целам, і лічыў кароткія хвіліны, якія яму яшчэ засталіся. Аднойчы, расплюшчыўшы вочы, ён раптам здзівіўся і з натугай расплюшчыў іх шырай. Над полем світала. Цемра, якая, здавалася, век шчыльным покрывам аблягала зямлю, трохі прыўзнялася над ёй, у полі стала прастарней, праяснелася неба, і ў ім выразна адбілася заінелае вяршалле бяроз. У прытуманеную ранкам далячынь імкнула перамеценая завеяй дарога.
Ухапіўшы ўсё гэта адным позіркам, які тым не менш амаль знясіліў яго, лейтэнант хацеў апусціць галаву, як раптам штосьці ўбачыў. Здалося спярша, што гэта машына, але калі ён лепей угледзеўся, дык зразумеў, што гэта фурманка. Стомлены працяглай увагай, ён палажыў галаву на снег, адчуваючы ў сабе збянтэжанасць, страх і надзею адначасна. Вялізнае, як прысуд, пытанне паўстала перад ім: хто едзе ў фурманцы? Калі сяляне, калгаснікі, дык гэта быў цуд, у які ён нядаўна яшчэ не хацеў паверыць: да яго набліжаўся паратунак. Калі ж немцы… Не, ён ніяк не мог сцяміць, чаму ў гэты ранішні час з вёскі, у якой атабарыўся вялікі штаб, павінны паявіцца з фурманкаю немцы? Усё ў ім паўстала супраць такога недарэчнага меркавання, бо цэлую ноч ён чакаў чаго хочаш, але ўжо не абозную фурманку з паклажай, да якой яму не было ніякае справы.
Тым не менш гэта была фурманка, і яна памалу да яго набліжалася. Ужо сталі відаць і запрэжаныя ў яе коні — пара ўкормленых рыжаватых біцюгоў, якія, махаючы кароткімі хвастамі, лёгка, амаль без натугі цягнулі за сабой грувастка накладзены саломай воз. На самым яго версе сядзелі два немцы, адзін з іх варушыў лейцамі, і абодва яны ціха між сабой размаўлялі.
Іваноўскі заціх у каляіне, зусім аглушаны тым, што ўбачыў, такога нешанцавання ён не мог і прадбачыць. Пасля столькіх смерцяў, пакут і перажыванняў замест базы боепрыпасаў, замест генерала ў шыкоўным «опель-адмірале» і нават штабнога, з партфелем палкоўніка, яму наканавана ўзарваць двух нягеглых абознікаў з возам саломы.