Быков Василь
Шрифт:
Але, мабыць, іншага ўжо не будзе. Па крайняй меры, для яго нічога ўжо не будзе. Ён рабіў свой апошні ўзнос — для Радзімы, у імя свайго салдацкага абавязку. Іншыя, болей значныя, узносы перападуць іншым. Будуць, напэўна, і вялізныя базы, і пыхлівыя прускія генералы, і ваўкаватыя эсэсаўцы. Яму ж выпалі абознікі. З імі ён і схопіцца ў сваім апошнім баі, зыход якога вырашаны быў загадзя. Але ён павінен схапіцца — за сябе, за Піваварава, за забітых пры пераходзе перадавой Шалудзяка і Кудраўца. За капітана Волаха і яго разведчыкаў. Ды ці мала яшчэ за каго…
І ён зубамі выдраў з рукаяткі тугое колца чакі.
Фурманка паволі набліжалася, і, здаецца, з воза яго ўжо заўважылі. Немец з паднятым каўняром шыняля, што сядзеў да яго бокам, яшчэ гергетаў нешта, а другі, у насунутай на вушы пілотцы, што кіраваў коньмі, ужо выцягнуў шыю, углядаючыся ў дарогу. Іваноўскі сунуў пад жывот гранату і ляжаў, не крануўшыся. Ён ведаў, што здаля не дужа прыкметны ў сваім маскхалаце, зноў жа, у каляіне яго трохі прымяло снегам. Стараючыся не варухнуцца і амаль зусім перастаўшы дыхаць, ён затаіўся, прыплюшчыў вочы; калі заўважылі, няхай падумаюць, што ён мёртвы, і пад'едуць бліжэй.
Але бліжэй яны не пад'ехалі, а крокаў за дваццаць спынілі сваіх біцюгоў і нешта закрычалі яму. Ён па-ранейшаму не варухнуўся і не азваўся, толькі неўпрыцям за імі сачыў прыплюшчанымі вачыма, амаль з пяшчотай адчуваючы пад сабой выратоўчы кругляк гранаты.
Не дачакаўшыся адказу, адзін з немцаў, што сядзеў на возе з паднятым каўняром шыняля, узяў карабін і задам споўз на дарогу. Другі застаўся на возе з лейцамі ў руках, і лейтэнант прамычэў ад прыкрасці. Атрымлівалася і яшчэ горш, чым ён думаў: да яго ішоў адзін. Іваноўскі ўнутрана сцяўся, у вачах яго пазмрачнела, дарогу і бярозы пры ёй чамусьці павяло ўбок. Але ён неяк утрымаўся ў прытомнасці і чакаў.
Немец тым часам лязгнуў затворам, штось крыкнуў і, матляючы поламі шыняля, пайшоў па дарозе. Карабін ён трымаў напагатове, прыкладам пад пахай. Іваноўскі патроху адпускаў пад сабой планку гранаты і моўчкі паўтараў, бы малітву: «Ну ідзі ж, ідзі…» Ён чакаў, увесь ператварыўшыся ў жывое ўвасабленне чакання, на іншае ён ужо быў не здольны. Ён не мог дакінуць да немца гранату, ён мог толькі ўзарваць яго разам з сабой.
Аднак гэты абознік, відаць, быў не надта каб смелы і ішоў да яго так асцярожна, што здавалася, кожную секунду мог павярнуць назад. І ўсё ж ён набліжаўся. Іваноўскі ўжо бачыў няголены, нейкі заспаны ягоны твар, заінелыя гузікі на шынялі. Далёка яшчэ не дайшоўшы да лейтэнанта, ён зноў штось гукнуў і спыніўся. У наступнае імгненне лейтэнант ледзь не закрычаў ад крыўды, убачыўшы, як немец узнімае да пляча карабін і пачынае цэліцца. Цэліўся ён няўмела, надта старанна, ствол карабіна доўга хадзіў з боку ў бок; напарнік яго ўсё гергетаў штось з воза, напэўна, даваў парады. Іваноўскі па-ранейшаму ляжаў нерухома, шырока расплюшчанымі вачыма глядзеў на свайго забойцу, і слёзы роспачы каціліся па яго твары. Вось ён і дачакаўся світання і сустрэў на дарозе немцаў! Усё канчалася недарэчна, подла і бяздарна, як ні ў якім выпадку не павінна было канчацца. Што ж яму цяпер заставалася? Устаць? Крыкнуць? Падняць угору рукі? Або ціха і пакорна прыняць гэту апошнюю кулю ва ўпор, каб назаўсёды знікнуць з твару зямлі?
Вядома, ён знікне, цяпер яму засталося некалькі лічаных секунд, за якімі настане Вечны Вялікі Спакой. У ягоным становішчы гэта было нават зманліва, бо адразу вызваляла ад пакут. Але застануцца жыць іншыя. Яны перамогуць, ім аднаўляць гэту зялёную шчаслівую зямлю, дыхаць на поўныя грудзі. І кахаць. Але хто ведае, ці не залежыць шчаслівы іх лёс ад таго, як памрэ на гэтай дарозе дваццацідвухгадовы камандзір узвода лейтэнант Іваноўскі?
Не, ён не ўстаў, таму што ўстаць ён не мог, і не крыкнуў, хоць, напэўна, мог бы яшчэ крычаць. Ён толькі здрыгануўся, калі ў ранішняй чуйнай цішы грымнуў вінтовачны стрэл і яшчэ адна куля ўпілася ў яго акрываўленае цела. Яна ўдарыла яму ў плячо, напэўна, разбіла лапатку, але ўсё роўна ён не паварушыўся і не застагнаў нават. У апошняй натузе сцяў зубы і назаўжды ўжо заплюшчыў заінелыя вейкі. З апошняй трапяткою надзеяй ён слухаў набліжэнне чужых, незнаёмых крокаў і думаў, што, магчыма, яшчэ і не ўсё страчана, можа, яшчэ і ўдасца. Якісьці самы мізэрны шанец у яго яшчэ заставаўся. Памалу, вельмі асцярожна, трываючы новы пякельны боль, ён паварочваўся на бок, каб вызваліць з-пад цела гранату. І ён вызваліў яе якраз у той момант, калі крокі на дарозе сціхлі недзе паблізу. Ён адчуў тады побач тугі пружыністы рывок планкі, і тут жа нечакана гулка ляснуў узрывальнік. Немец коратка крыкнуў, мабыць, кінуўся прэч. Іваноўскі паспеў яшчэ ўчуць два яго спалоханых крокі і болей нічога не ўчуў…
Праз некалькі секунд, калі асеў перамешаны са снегам пыл, яго ўжо не было на гэтай дарозе, толькі невялікая варонка курылася на ветры ў адной каляіне; вакол на размеценым снезе ляжалі мёрзлыя камякі зямлі, фурманка з растрэсенай навокал саломай абярнулася набок, ля яе, спрабуючы ўстаць на ногі, біўся ўкормлены рыжы біцюг, а за канавай ляжаў ніц адкінуты выбухам труп немца. Другога не было відаць…
1972