Вход/Регистрация
Кар'ер
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

Праўда, у яго быў Малаковіч.

Не дачакаўшыся доктаркі, Агееў пачаў чакаць Малаковіча, усё ж той меў большыя, чым ён, магчымасці ў гэтым мястэчку, лепш ведаў абставіны і мог яму памагчы. Мінулы раз яны не дамовіліся аб сустрэчы, і цяпер Агееў пачаў спадзявацца, што той хутка прыйдзе, яны параяцца аб іх становічшы і нешта прыдумаюць. Калі ў хляве за сцяной пачуліся асцярожныя крокі, ён так і падумаў, што гэта ідзе Малаковіч, таму што з кім жа яшчэ магла там ціхенька гаманіць яго Бараноўская? У гэтую пару на дварэ яшчэ, можа, толькі змяркалася, а ў застаронку стала амаль ужо цёмна. Агееў ледзьве бачыў квадрат нізкіх дзьвярэй, якія ціхенька адчыніліся, аднак шырэй, чым калі іх адчыняла гаспадыня, і ў застаронак нехта ўвайшоў, яўна не Малаковіч, хтосьці грувасткі і незнаёмы. Агееў насцярожана ўскінуўся, але з-за шырокіх плячэй чалавека пачуўся спакойны голас яго гаспадыні:

— Дык вы ўжо ўдвух тут. Я на двары пабуду.

— Да, паглядзіце там…

Сказаўшы гэта, чалавек тым жа густым, нізкім голасам стрымана павітаўся і, зрабіўшы некалькі няпэўных крокаў між тапчаном і сенам, усеўся на высокім парозе. Курыца, што ўвесь дзень спакойна сядзела ў кутку на покладзе, трывожна пракудахтала і сціхла. Агееў патроху спакайнеў, зразумеўшы, што чалавек гэты — не вораг, ворага Бараноўская не прывяла б сюды. Але хто гэта быў, аб тым ён не меў уяўлення. Яны нядоўга памаўчалі, Агееў чакаў, госць, падобна было, услухоўваўся ў гнятлівую цішыню, якая ўладкоўвалася пад ноч у мястэчку.

— Даўно вы тут… адпачываеце? — запытаў нарэшце чалавек.

Агееў умеў з першых слоў па тэмбры і гуках голасу вызначаць характар чалавека. У арміі звычайна імкнуліся паказаць у голасе цвёрдасць і энергічнасць, незалежна ад таго, ці былі яны на самой справе, ці таму, хто гаварыў, хацелася, каб былі. Так ці інакш, але ў голасе шмат значылася, трэба было толькі ўмець слухаць яго. Голас жа гэтага госця, несумненна, выдаваў у ім чалавека цывільнага, не надта маладога, які, можа, перажыў нават нешта труднае, і Агееў скупа азваўся:

— Тры дні… адпачываю.

— Да, адпачынак, канечне… Не дай бог!

— Вот іменна.

Яны зноў памаўчалі. Агееў чакаў, а госць, мабыць, усё не наважваўся пачаць размову, дзеля якой ён, несумненна, і прыйшоў сюды.

— Я тожа на гэтым тапчане тыдзень праваляўся. Да вас.

— Во як!

Агеева гэта здзівіла: тут ужо яўна праглядвала нейкая агульнасць іх лёсаў, якая, аднак, патрабавала некаторага ўдакладнення.

— Што, па раненні?

— Прадстаўце сабе. Хаця і не ваенны, але вось нарваўся на кулю.

— Ах, во што! — трохі расчаравана сказаў Агееў.

— На станцыі, ведаеце, пры эвакуацыі. І мусіў застацца. Але вось у чым праблема — у райкоме рабіў. Усе тут мяне ведаюць. І паліцыя тожа. Дзякуй вось Бараноўскай: прыюціла, выхадзіла.

— Мяне тожа выхаджвае.

— Яна такая. А вы — у баі?

— Пры прарыве з акружэння. У нагу.

— Да-а. Акружэнцаў цяпер ідзе ой колькі. Усе — на ўсход.

— На ўсход, куды ж яшчэ. За фронтам. Я тожа, калі б во не нага…

— З раненай нагой, канечне, далёка не пойдзеш.

— Зноў жа, быў і асколак. Дзякуй — выцягнулі.

— Яўсееўна? — жыва здагадаўся госць.

Агееў памаўчаў, не ведаючы, ці можна назваць імя яго доктаркі. Але госць, пэўна, зразумеў усё і так.

— Яўсееўна, яна тут шмат каго на ногі паставіла, — сказаў ён у цемры. — Але на тым кропка. Забралі сёння разам з яўрэямі.

— Іх што — панішчаць?

— Падобна на тое.

— Жах!..

— Жах — мала сказаць. Злачынства! Палова мястэчка як вымерла. А яны ж тут жылі стагоддзямі. Тут на могілках дзесяткі іх пакаленняў…

— І нічога нельга было зрабіць?

— А што ж зробіш? Не гатовы мы былі да таго. Ды і сілы пакуль не тыя. Барацьба ж толькі разгортваецца.

— Партызаны? — жыва здагадаўся Агееў.

— І партызаны, і яшчэ нехта. Асвойваем розныя метады, — трохі няпэўна адказаў госць і запытаўся: — Вы — бальшавік?

Агееў неяк сумеўся, аднак ужо разумеючы, што трэба адказваць праўдзіва і адкрыта. Здаецца, настаў менавіта такі момант, калі ўхіляцца ад прамога адказу ці тым болей хлусіць было недарэчы.

— Кандыдат, — сказаў ён проста і змоўк.

— Што ж, гэта добра, гэта амаль што член. Тады будзем знаёмы. Я Волкаў, сакратар райкома.

Госць падаў руку, Агееў трошкі паціснуў яе — моўчкі замацаваў поўны невядомага, але, мабыць, значнага сэнсу іх тайны саюз. Агееў яшчэ не мог уявіць сабе, але ўжо цьмяна адчуў, што менавіта з гэтага знаёмства пачынаецца новая паласа ягонага жыцця, наўрад ці спакойная, але ўжо з зародкам менавіта таго, чаго яму дасюль не хапала. Ва ўсякім выпадку, было зразумела, што ён пазбываўся адзіноты і няпэўнасці, далучаўся да арганізаванай сілы, адсутнасць якой ён так хваравіта адчуваў усе апошнія дні іх блукання па нямецкіх тылах ды і ў гэтым мястэчку таксама.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: