Шрифт:
Яны стаялі на дарозе каля машыны, і калі ён сказаў аб сваім намеры шафёру, той нічога не адказаў, памаўчаў, паглядзеў у адзін бок, у другі, прыслухаўся. За лесам і полем, дзе была вёска, грукацеў бой, угары над сасоннічкам часам праносіліся агняныя трасы, ім заставалася праскочыць якія-небудзь кіламетры два, але на кожным метры іх магла напаткаць пагібель. Агееў падумаў ужо, што шафёр не згодзіцца, як той раптам спытаў:
— А што — цяпер ехаць? Ці пагадзя?
— Не, не цяпер. Трэба пачакаць, — узрадаваўся Агееў. — Яшчэ паўгадзіны, гадзіну, як сцямнее.
І вось нарэшце сцямнелася, мінула і яшчэ мінут з дваццаць. Страляніна ў вёсцы быццам бы пачала сціхаць, напэўна, хутка два батальёны пачнуць прарывацца з акружэння. Марудзіць далей было ўжо нельга, і, як-колечы супакоіўшы сябе, Агееў ускочыў у кабіну да шафёра, які там чакаў.
— Значыць, так! Спярша паціху, а затым поўны газ! Я скажу калі.
У начной цемені яны памалу рушылі па дарозе, не ўключаючы фар, выехалі з сасоннічку ў чыстае поле, дзе іх абстралялі ўдзень мінамёты і дзе цяпер ужо сядзелі немцы. Агееў высунуўся з кабіны і ўпіўся позіркам у цемру, але ў полі нічарта не было відаць. Зрэшты, не было відно і дарогі, і ён баяўся, каб шафёр незнарок не з'ехаў у канаву. Але шафёр з асаблівым, мабыць, уласцівым толькі шафёрам адчуваннем і ў цемры добра трымаў дарогу, цяжка нагружаная машына гойдалася па выбоінах, рухавік бязбожна гучна грымеў, і Агееў, сцяўшы пашчэнкі, чакаў першай чаргі ў бок, у лоб або ззаду. Але чэрг не было. Яны праехалі, можа, кіламетр ці нават болей, і тады іх нехта акрыкнуў у полі. Агееў не зразумеў, чый гэта быў голас — сваіх або немцаў, — ён толькі адчуў, што далей будзе чарга, і, бразнуўшы з размаху дзверцамі, крыкнуў шафёру: «Гані! Быстра!»
Машына рванулася, яго кінула ў адзін бок, затым у другі, здалося, што яны перакульваюцца, але неяк выраўняліся, і машына памчалася далей у цемру. Ззаду яшчэ некалькі разоў крыкнулі, а затым замільгалі блішчастыя трасы — абганяючы машыну, далёка панесліся абапал дарогі. Агееў спалохана хіснуўся ў кабіне, дробныя шкляныя асколкі абсыпалі грудзі і твар, рэзка бразнула металічная абшыўка кабіны, але машына мчалася…
І толькі калі, скрыжаваўшыся перад машынай, з розных бакоў ударылі зіхоткія рознакаляровыя трасы, машына рэзка збавіла ход і пачала хіліцца ўбок, да канавы. Агееў схапіўся за руль, намагаючыся вывернуць яго ўправа, але руль не паддаваўся, сціснуты ў руках шафёра, які наваліўся на яго грудзямі і маўчаў. І тут машына спынілася.
Агееў вываліўся з кабіны, ледзь не наскочыўшы на нейкага чалавека ў канаве, які са злосным мацюгом увярнуўся ад ягоных ботаў, і Агееў з палёгкай здагадаўся: свае!
Сапраўды, гэта былі свае, а чалавек, якога ён ледзь не стаптаў у канаве, быў начальнік штаба першага батальёна старшы лейтэнант Карбоўскі. Яны абодва тут жа кінуліся па той бок машыны, выцягнулі з кабіны грузнае цела шафёра і апусцілі яго на зямлю. Дапамога таму ўжо не спатрэбілася. Немцы ў полі запознена свяцілі ракетамі, але страляць перасталі. У цёмных прамежках паміж ракетамі байцы хутка разгрузілі нахіленую ў канаву машыну з двума прастрэленымі скатамі, старшыны размяркоўвалі гранаты паміж групамі прарыву. Калі ўсё было скончана, з цемры выйшла некалькі чалавек, яны ціха размаўлялі, і сярод іх Агееў пазнаў хрыплаваты голас камандзіра палка:
— Дзе Агееў? Паклічце Агеева!
Агееў скалануўся і сцяўся — ён не забыўся, што яму нядаўна яшчэ было абяцана гэтым чалавекам, і цяпер з абмерлым сэрцам ступіў да яго на вясковую вуліцу.
— Я тут, таварыш кампалка.
— Ты, Агееў? Малайчына, начбой! Ты нас здорава выручыў. Дзякуй табе, начбой!
— Дваццаць сем скрынак «лімонак», — ціха сказаў хтось з цемры.
— Дваццаць сем скрынак! Во як трэба ваяваць! І давёз! Прарваўся! Ну, а мы што ж — няўжо не прарвёмся адсюль? Байцы мы або гаўнюкі пасля таго? Начштаба! — цішэй сказаў камандзір палка. — Трэба яго ўзнагародзіць. Вырвемся — аформіце…
Яны перайшлі вуліцу і зніклі ў цемрыве — мабыць, пайшлі па ланцугу ў флангавы батальён. Агееў апусціўся ў пыльную канаву, раптам адчуўшы, як выматаўся за гэты пракляты дзень — без начнога спачыну, пасля такой калатнечы. Галава пачала міжвольна хіліцца на грудзі, і толькі ён на хвіліну забыўся, як тут грымнула, асляпіла — першы выбух падняў паблізу ашмоцце зямлі — немцы пачалі абстрэл вёскі. Ён упаў у канаву, у якой, аднак, доўга ляжаць не далі — прыбег баец з загадам з'явіцца да камандзіра палка. Пад абстрэлам яны абодва пабеглі з вёскі ў поле, раз за разам падаючы ад блізкіх выбухаў, і ледзьве знайшлі маёра Папова, які сядзеў у свежай варонцы на ўзмежку жытняй нівы. З групай камандзіраў ён рыхтаваў прарыў, і як толькі Агееў уваліўся ў варонку, сустрэў яго злосным дакорам:
— Доўга вымушаеце чакаць вас, Агееў!
— Дык я бягом…
— Не бягом — куляй трэба! Во! Будзеш камандаваць флангавай групай прарыву. Зразумела?
Агееў памарудзіў з адказам, бо, хоць і трэба было адказваць, яму нічога не было зразумела. Хутчэй наадварот — усё было незразумела.
— Сорак чалавек, два кулямёты. Ваш намеснік — лейтэнант Рагоўцаў. Ён у курсе.
— Ёсць, — вяла сказаў Агееў.
— І напор! Напор, напор! — трохі больш супакоеным, чым раней, голасам настаўляў камандзір палка. — Адразу наваліцца, гранаты к бою, з ходу прарваць і — наперад! Збор на паўночнай ускраіне вёскі Хатулі. Панятна?
— Ясна, — зноў без належнага ўздыму сказаў Агееў, бо не меў уяўлення, дзе былі тыя Хатулі, дзе немцы. Хіба што пра гэта ведаў лейтэнант Рагоўцаў.
— А раз ясна, дык па мястах! У дзве ноль-ноль пачынаем брасок.
Снарады рваліся трохі ўбаку, на тым канцы вёскі. Хтосьці крануў Агеева за плячо, і ён здагадаўся, што гэта лейтэнант Рагоўцаў. Яны выскачылі з варонкі і, сцёбаючы ботамі ў рэдкай збажыне, пабеглі кудысь убок ад вёскі.
— Наогул сорак чалавек, — на бягу тлумачыў Рагоўцаў. — Але дванаццаць параненых. Чацвярых несці трэба — яшчэ восем чалавек. Па двое на насілкі.