Вход/Регистрация
Кар'ер
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

Калі трохі адпусціла сэрца, ён усё ж сышоў у кар'ер, узяў рыдлёўку. Але капаць сёння ён, мабыць, не мог, дрогкая слабасць у грудзях упарта не хацела выпускаць яго са сваіх ватных абдымкаў. Пастаяўшы трохі, ён падняў знойдзены раніцай туфель, абчысціў яго ад гразі, спаласнуў у вадзе. Усё ж гэта не яе туфель, рашыў ён. Там, дзе скура захавалася лепей, было прыкметна, што ён афарбаваны ў чорны колер — яе ж лодачкі былі светлыя, гэта ён запомніў выдатна. Туфель ён, аднак жа, не кінуў, падняўшыся да палаткі, зачапіў абцасам за вяроўку расцяжкі — хай сушыцца.

Тым часам ранак непрыкметна перайшоў у дзень, і, хоць сонца так і не паказалася ў небе, стала цёпла, ад волкай зямлі ўзнімалася душная пара. Дыхалася трудна, атмасферны ціск, мабыць, упаў, Агееў адчуваў гэта па вялай рабоце сэрца, якое ледзьве варушылася ў грудзях, часта губляючы рытм. Ён чакаў, што слабасць мінецца, раней для таго варта было пасядзець у спакоі, можа, залезці ў палатку, адлежацца. Але ён усё сядзеў ля яе, думаў. Успомніў свой сон і журботна ўсміхнуўся: усё так і ёсць, як наваражыла ноч, дзень пацвердзіў, брыдота адбылася. Трэба было схадзіць па ваду ў другі ад канца вуліцы двор, дзе быў калодзеж, але не хацелася ўставаць, напружвацца, здавалася, ён страціў сёння здольнасць нават да невялікага намагання, і расслаблена бавіў час ла палаткі. У поўдзень з-за кар'ера, з поля павеяла лёгкім ветрам, які разагнаў парнасць і патрывожыў лісцвяны спакой велічных дрэў на могілках. Агееў з натугай падняўся і ўзяў пластмасавы бітончык, каб схадзіць па ваду. Але толькі адышоўся ад палаткі, як убачыў на рагу каменнай агароджы ля могілак знаёмую постаць Сямёна — здаровая рука таго размашыста адлятала ўбок у такт шырокаму кроку, за ёй дзіўнаватым палавінным рухам варушылася яго кульця. Сямён быў усё ў той жа жоўтай трыкатажнай тэнісцы, якая непаслухмяна вылазіла з-пад дзягі, што слаба сядзела на яго таліі.

— Прывет! Што не капаеш? Ці перакур? — бадзёра загаманіў Сямён.

— Перакур.

— Во і добра! У мяне тожа. Зранку пайку зграбаў, а тут баба пагнала па хлеб. Ды чорта з два: пацалаваў замок. Кажуць, прывязуць пасля абеду. Во прагуляюся, думаю.

— Ну і добра, — стрымана сказаў Агееў і нагой пасунуў госцю вядзерца. — Сядай, адпачні.

— Ты сядай. А я — там, дзе стаю.

Ён няспрытна ўзмахнуў кульцёй і, не выбіраючы месца, апусціўся на дробную, ужо сухую пасля дажджу траўку, звыкла склаўшы пад сабой доўгія, у растаптаных сандалетах ногі. Здаровай рукой адразу палез у кішэню па курыва.

— Камісія прыходзіла, — ціха сказаў Агееў.

— Якая камісія?

— Падпалкоўнік у адстаўцы, пасля адзін з райкамгаса і вунь суседка Казлова.

— Якога ражна ім трэба? — прыкурваючы ад запальніцы, здзівіўся Сямён.

— Склалі акт на раскопкі без дазволу.

— А, дык гэта Еўсцігнееў! Ён заўжды акты складае. З папкай такі, ага?

— З папкай.

— Гэты заўсёды — акты. Ля забягалаўкі хто паскандаліць — акт. Хто вуліцу перад хатай не падмяце — акт. У яго такіх актаў дома шэсць папак.

— Навошта яму яны?

— А каб па начальству хадзіць. Во складзе і — у райком. Пасля ў выканком. У міліцыю. У таварыскі суд. За парадак ваюе. Заўжды пры дзеле. На віду. Без дзела не можа. У шахматы гуляць клікаў?

— Клікаў! — прыпомніўшы, здзівіўся Агееў.

— Во, трэба было згуляць. І прайграць. Дужа любіць выігрываць. Бяда, аднак, яму рэдка праігрываюць. Хіба што Скараход. Але той з разлікам — дужа хітры. Ёсць тут адзін такі… ваяка, — злавіўшы недаўменны позірк Агеева, растлумачыў Сямён.

— І яшчэ Казлова з імі.

— Казлова? А гэтай што трэба? — у сваю чаргу здзівіўся Сямён.

— Ды во гусям яе перашкодзіў.

— Во-во! Такім усё на свеце шкодзіць. Таму што шмат хочуць. Цераз край. Скажу табе, з глузду з'ехалі людзі. Як перад канцом свету. Усё чагось дамагаюцца, пра нешта хлапочуць, дастаюць. Ужо чаго не хапае толькі! Як тое золата. Год таму такія чэргі былі, натоўпы! І ў пасёлку, і ў горадзе. Быў, бачыў. У кожнай бабы і тут, і тут паначэплена. Нашто? І во — мінуў год — як адрэзала. Вунь у магазіне ляжыць, бяры хоць кіло. Дык нікому не трэба. Што гэта? Не сквапнасць? — абурана гаварыў Сямён, быццам выгаворваючы за тое Агееву. — Скажу табе, шмат бяды з тае прычыны, што баб распусцілі. Шмат ім дазволена.

— Ты тожа сваёй дазваляеш?

— Дазволіш, куды дзенешся.

— Строгая?

— Язва! — коратка кінуў Сямён і зацягнуўся «Прымай».

— Бачыш, напэўна, дазваляем таму, што самі не без граху. У сям'і ці на службе. Во яны і карыстаюцца гэтым, крытыкуюць нас, — паспрабаваў усміхнуцца Агееў.

— Ох крытыкуюць! — сур'ёзна падхапіў Сямён. — Калі крытыка ў адзін бок, чаму не крытыкаваць? Здачы ж не дасі. Ого, паспрабуй! Яна адразу ў мясцком, у партком, у міліцыю. К суседзям, к сяброўкам, да родзічаў. І ёй вераць. А ты куды пабяжыш? Табе бегчы няма куды. Калі ледзь што — крычыць: выпівае! А калі выпівае, дык і ніякай размовы. А я хоць і выпіваю, але, можа, болей сумлення маю, чым яны ўсе разам. Куркулі гэтыя хітрапопістыя.

— Гэта магчыма, — уздыхнуў Агееў.

Ён таропка прысеў на вядро, зноў адчуўшы подступ слабасці ў грудзях, баючыся ўпасці на зямлю, напалохаць госця. Але слабасць не міналася, і ён выняў з задняй кішэні трыко металічны пенальчык з таблеткамі.

— Што — сціснула? — насцярожыўся Сямён.

— Трошкі…

— Можа, доктара паклікаць? Калі што — гавары. Я — мігам. У бальніцы мяне ведаюць.

Агееў запіхаў пад язык невыносна смярдзючую таблетку валідолу, хвіліну падумаў.

— Абыдзецца, можа. Лепш вадзіцы прынясі, калі ласка. Вунь у тым доме.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: