Вход/Регистрация
Кар'ер
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Вы і сапраўды рамантуеце абутак? — запыталася яна ў Агеева, сарамліва ўсміхнуўшыся.

— І сапраўды рамантую, — з прытоенай усмешкай сказаў Агееў.

— І нядорага бераце?

— Нядорага, Марыя.

— Ой, адкуль вы ведаеце маё імя? — здзівілася дзяўчына.

— Я ўсё ведаю, — сказаў ён, ужо адкрыта і шырока заўсміхаўшыся.

— Не, праўда! Я тут раней вас не бачыла.

— А я тут нядаўна.

Яна памаўчала трохі, штосьці абдумваючы і ўспамінаючы.

— Дык можна прынесці туфлі? У мяне, ведаеце, ад падэшвы неяк адарвалася…

— Прыносьце, пабачым.

— А плаціць рублямі ці як?

— Як хочаце. Можна рублямі, а можна прадуктамі.

— Во добра! — узрадавалася Марыя і, павярнуўшыся, паклікала сяброўку: — Вера, ідзі сюды!

Сяброўка неахвотна, быццам з недаверам нават, прайшла ля штакетніка і спынілася ля ўвахода ў двор.

— За прадукты рамантуе. Я ўжо дамовілася, можа, прынясём нашы туфлі?

— Мне не трэба, — махнула рукой Вера і з яўнай насцярогай паглядзела на Агеева.

— Дык я свае прынясу. Заўтра? Ці можна сёння?

— А калі хочаце. Можна і сёння.

— Не, лепш заўтра, — рашыла Марыя. — А пакуль што — вось вам…

Сунуўшы руку ў прыкрыты анучкай кошык, яна дастала адтуль жменю чарніц.

— Во вам задатак. Частуйцеся.

У падстаўленыя прыгаршчы Агееў прыняў маленькую жменьку ягад, ніякавата падзякаваў; яна міла ўсміхнулася на развітанне і хуценька выйшла праз незагароджаны, без веснічак, выхад на вуліцу. Трохі пасядзеўшы ў роздуме, ён пачаў есці па адной чорныя, з шызым налётам ягады. Аб гэтай сваёй першай заказчыцы ён стараўся не думаць. Падумаеш, пачаставала чарніцамі і адарыла ласкавым позіркам у дадатак — ці да ласкавых яму позіркаў? Знайшоў пра што думаць…

Стараўся не думаць, але ўсё ж наперакор жаданню думаў, бо яна ўсё стаяла перад вачыма такой, якой толькі што з'явілася — імклівы гнуткі стан з загарэлымі нагамі, абутымі ў старэнькія разношаныя басаножкі. Страсянуўшы капешкай густых валасоў, яна падхапіла тады пад руку сяброўку, і яны, памахваючы кошыкамі, схаваліся за вуглом суседскае хаты.

Агееў праседзеў яшчэ паўгадзіны ў пустой сяк-так абсталяванай майстэрні і нікога не дачакаўся. Ніхто да яго не ішоў з абуткам, прахожых на вуліцы паяўлялася няшмат, і тыя, напэўна, былі суседзі з гэтай або бліжніх вуліц. Пачатак яго новай, шавецкай кар'еры яўна атрымаўся комам, без адзінага намёку на ўдачу. Калі чакаць далей не было сэнсу, ён вылез з-за стала і, абапіраючыся на выразаны ўчора ляшчынавы кіёк, пашкандыбаў у двор.

Двор быў прыгожы, амаль маляўнічы ў сваёй даўняй і мілай занядбанасці ва ўсім. Закрыты з аднаго боку цесным радам будынкаў, зверху ён амаль увесь захаваўся пад разложыстым голлем старога клёна, таўшчэзны камель якога трохі крывабока мясціўся каля альтанкі. За клёнам на гародзе за кустоўем парэчак расло некалькі старых сукаватых аблынь і стаяў радок маладых вішань па-над сцяжынай, дзе неўзабаве і паявілася яго гаспадыня з вядром свежай бульбы. Не дайшоўшы да дзвярэй у хлеў, яна паставіла вядро на сцежку і азірнулася.

— Тут нікога? Там гэта… Каля раўка вас чакаюць.

— Хто чакае? — вырвалася ў Агеева.

Але гаспадыня не адказала, толькі заклапочана паглядзела на вуліцу, і ён здагадаўся: не трэба пытацца. Ён звыкла тузануў пад вузкім раменьчыкам падол сацінавай кашулі і з дрыготкім сэрцам патупаў па сцежцы паўз хлявы на зады гародаў.

Тупаючы, ён углядаўся ў кустоўе ўзлеску не краі ўзроўка, што гублялася ў паўзмроку пад вольнай і высокай сцяной старых вязаў, але там нікога не было бачна. Не было нікога і на скошанай палосцы пожні за плотам, у адным канцы якой скасабочана цямнелася невялікая капешка сена. Менавіта з-за гэтай капешкі хтосьці махнуў рукой, даючы яму знак падысці, і Агееў збочыў са сцежкі. Ён ужо спадзяваўся ўбачыць тут Малаковіча або Волкава, але пад капешкай ціха сядзеў хударлявы хлопчык у сіняй трыкатажнай кашулі з акулярамі на кароценькім носе. Гэта быў яго нядаўні знаёмец, студэнт Кіслякоў, і Агееў стрымана павітаўся.

— Ну, як вы? Як нага? — пацікавіўся Кіслякоў.

Агееў не спяшаўся адказаць, добра разумеючы, што не нага ў першую чаргу цікавіла гэтага хлопца.

— Я ад Волкава. Волкаў гаварыў з вамі?

— Гаварыў, — не адразу сказаў Агееў.

Дык ён перадаў, каб вы былі ў двары, днямі прывязуць груз.

— Які груз? — насцярожыўся Агееў.

— Не ведаю — які. Трэба схаваць. А пасля мы забярэм.

— Вы?

— Я і тыя, хто будзе са мной. Больш каб нікому, — сказаў Кіслякоў, узіраючыся кудысь на сцяжынку, якая бегла ў роў. На Агеева, здаецца, ён і не зірнуў ні разу.

— Панятна, што ж, — сказаў Агееў.

Ён, канечне, зробіць усё як трэба, толькі яму было крыху няёмка падпарадкоўвацца гэтаму хлопчыку, яго самалюбства было ўсё ж прыніжана такім падначаленнем. Але, мабыць, так трэба. Або інакш нельга, падумаў ён і запытаўся:

— А як Малаковіч?

— Малаковіч на станцыі. Але тут справа такая: вы не павінны з ім бачыцца. Калі што трэба, я перадам.

— Во як! А калі што… Дзе мне цябе шукаць?

— Савецкая, трынаццаць. Толькі гэта на крайні выпадак. А наогул мы незнаёмыя.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: