Вход/Регистрация
Кар'ер
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Ёсць тут хто — у канцы-та канцоў?!

Двойчы прагучаўшы, гэты нецярплівы мужчынскі вокліч даў Агееву зразумець, хто сюды з'явіўся. З такой патрабавальнасцю маглі паявіцца толькі прадстаўнікі моцнай, упэўненай, несумненна нямецкай улады.

Дужа патрывожыўшы рану, Агееў падхапіўся з тапчана, не адразу трапляючы здаровай нагой у штаніну, надзеў штаны. Недаравальна прамарудзіўшы некалькі хвілін і на хаду зашпільваючыся, без кійка вышкандыбаў з варот хлява. На дварэ ўжо развіднела, і каля альтанкі, шырока расставіўшы ногі ў бліскучых хромавых ботах і такіх жа, як і ў яго, камандзірскіх дыяганалевых брыджах з чырвонымі кантамі, стаяў нейкі высокі мужчына з дубчыкам у руцэ. На яго шырокіх плячах шчыльна сядзеў цёмна-сіні танкісцкі фрэнч са слядамі ад споратых пятліц на кароткіх бартах. За ім на выхадзе з двара застыў, мабыць, чакаючы, невялічкі худаваты чалавек у шызым расшпіленым плашчы, з паголенымі, прыкметна старэчымі шчокамі і тонкай зморшчанай шыяй, што вытыркалася з надта шырокага для яе каўняра мундзіра; на галаве яго ганарліва сядзела высокая афіцэрская фуражка. Агееў толькі зірнуў на яго, звыклым позіркам вайскоўца перш азіраючы пагоны, і нібы апёкся аб іх вітое срэбра, што цьмяна і страхавіта бялела на абодвух плячах. Гэты стары немец быў, аднак, высокага чыну, і сэрца ў Агеева трапятнулася ў кепскім прадчуванні. Ззаду на вуліцы стаялі, не заходзячы ў двор, чалавек пяць немцаў і трое паліцэйскіх з белымі павязкамі на рукавах пінжакоў. Бліжні паліцэйскі, нецярпліва паляскваючы дубчыкам па халяве бота, сказаў:

— Ты, сапожнік, ану, пасабі оберсту! Там у боце нешта…

Адчуўшы, як спакваля сплыве з яго вачэй гарачы туман, Агееў дашкандыбаў да альтанкі і сеў на табурэтку. Оберст прысеў побач на лаўку пад клёнам, і мардаты немец у кароценькім, з разрэзам мундзіры, валюхаючы тоўстым задам, лёгка і ашчадна здзеў бот з яго тонкай нагі, перадаў Агееву. Бот быў шыкоўны, амаль новы, з цвёрдай бліскучай халявай і высокім заднікам; з жоўтага нутра яго яшчэ пахла свежавырабленай скурай. Цвік быў у самым наску, ледзь выступаў з падэшвы, і Агееў падумаў з палёгкай, што забіць яго — раз плюнуць. Пакуль ён даставаў лапу, на якую надзяваў бот, стары оберст, паліцай у танкісцкім фрэнчы ды і ўсе, колькі іх было, немцы пільна назіралі за яго таропкімі рухамі. Не ў лад са сваімі пачуццямі ён раптам зласліва падумаў: во цяпер бы гранату на ўсіх вас! Але толькі падумаў так, не паднімаючы ад бота позірку і баючыся, каб тыя не адгадалі ягоныя думкі.

Некалькіх удараў малатка сапраўды хапіла, каб забіць цвік, і ён падаў оберсту яго бот, які, аднак, тут жа падхапіў тоўсты немец, мабыць, дзяншчык, з мноствам пярсцёнкаў на пальцах. Недаверліва памацаўшы рукой у боце, ён буркнуў «гут» і кінуўся абуваць оберста. Той напружана адхінуўся на лаўцы, выцяг перад сабой нагу, на якую дзяншчык ашчадна нацягнуў бот. Пасля оберст слаба прытупнуў ім па зямлі і картава штосьці сказаў па-нямецку.

— Устань! Ты! Слыш! — падхапіўся паліцэйскі ў фрэнчы, і Агееў марудна ўстаў з табурэткі. — Сюды, сюды! Перад панам оберстам…

Стараючыся не кульгаць, Агееў няспрытна ступіў тры крокі з альтанкі і выпрастаўся, падумаўшы, што оберст, мабыць, хоча яму падзякаваць. Той і на самай справе картава сказаў нешта, старэчы твар яго з пачырванелымі, бы ад бяссоння, вачмі паспрабаваў усміхнуцца, але раптам сцюдзёна знерухомеў, і немец строгім голасам загаманіў да паліцая. Той, скалануўшыся, выцягся і нешта скупа адказаў таксама па-нямецку, што нават здзівіла Агеева: глядзі ты — умее! Але ён ужо адчуў, што размова зайшла пра яго, і зноў насцярожыўся.

— Пан оберст пытаецца: ты — ваеннаслужачы Чырвонай Арміі?

— Я? Не. Я чыгуначнік, — панылым і агідным для самога сябе голасам сказаў Агееў, падумаўшы: здаецца, уліп!

— Ён пытаецца: чаму кульгаеш? Паранены?

— Няшчасны выпадак. На чыгунцы, — адолеўшы першую збянтэжанасць, знарок бадзёра сказаў Агееў і міжволі напяўся, нібы па стойцы «смірна» перад начальнікам. Але тут жа заўважыў гэта і расслабіўся, адну руку сунуў за дзяжку на вышытай кашулі — так, нібы ніколі ў жыцці не меў справы з арміяй і яе парадкамі. Вось толькі яго дыяганалевыя брыджы з кантамі выдавалі ў ім вайскоўца, і Агееў унутрана сцяўся, стараўся ўгадаць: зразумее што оберст ці не?

Оберст, аднак, ужо не глядзеў на яго — усё больш злуючыся, ён строга гергетаў нешта паліцаю ў фрэнчы, і той, ляскаючы абцасамі, таропіў у яго пагляд вузка пасаджаных вачэй, раз за разам паўтараючы адно толькі слова «яволь!». Агееў не разумеў, што раззлавала гэтага дзеда-оберста, але адчуваў, што гаворка ішла пра яго, і ў напружанай увазе чакаў развязкі. Нарэшце немец, здаецца, выгаварыўся, ягоны гнеўны напор пачаў слабнуць, ён выцяг з кішаня блішчасты, з мудрагелістым упрыгожаннем партсігар і тонкімі худымі пальцамі выбраў з яго цыгарэтку. Як толькі ён ступіў да выхада з двара, усе, што стаялі побач, расступіліся, даючы начальству дарогу і дружна кіруючы следам. Каля суседняга дома на вуліцы іх чакала легкавая машына з шэрым парусінавым верхам. Застаўшыся каля альтанкі, Агееў глядзеў, як яны там рассаджваліся, падумаўшы — няўжо абышлося? Але поўнай упэўненасці ў тым яшчэ не было, оберст яшчэ пагрозліва памахаў пальцам перад паліцаем у танкісцкім фрэнчы, штосьці вымаўляючы яму, і той, мабыць, дзеля свайго апраўдання зрэдзьчасу ўстаўляў кароткія словы па-нямецку. Здавалася, гэта доўжылася бясконца. Пакуль немцы не паехалі, Агееў не мог адчуваць сябе ў бяспецы, цьмяная трывога не міналася, і ён, можа, упершыню зразумеў, на які цяжкі шлях ступіў з гэтым сваім шавецтвам. Ён уздыхнуў толькі, як згледзеў, што ззаду за машынай падняўся пыл і яна порстка пакацілася па вуліцы, але тут жа і вылаяўся ад прыкрасці: тры паліцаі засталіся і, счакаўшы, пакуль машына схавалася за паваротам вуліцы, усе павярнулі назад. Яны зноў кіравалі на яго падворак.

Першы ўвайшоў усё той жа паліцай у фрэнчы, стомлена сагнаў з твару выраз нядаўняй заклапочанасці.

— Ну, паняў? — рэзка, ва ўпор запытаў ён Агеева. Той адмоўна пакруціў галавой. — Не паняў? Які непанятлівы! У лагер цябе загадаў справадзіць! Як ваеннапалоннага.

Вымашчаны дол у двары хіснуўся перад вачамі Агеева, ён зірнуў у бок вуліцы, выхад на якую, аднак, перагарадзілі ўжо два паліцаі з вінтоўкамі.

— Скажы мне — дзякуй! Паручыўся за цябе, ясна? — кінуў паліцэйскі і, быццам у роздуме, моўчкі пакрочыў у глыб падворка.

— Што ж, дзякуй, — выціснуў з сябе Агееў, не ведаючы, што яшчэ сказаць. І нават што падумаць з гэтага поваду.

— Во так! Што ж, думаеш, гэта проста? Думаеш, ён адразу і паверыў? — павярнуўшыся, сказаў паліцэйскі.

Мабыць, усё яшчэ перажываючы непрыемную размову з немцам, той хвіліну пахадзіў сюды-туды па двары. Агееў стаяў на адным месцы, адчуваючы, што сённяшнія выпрабаванні, мабыць, яшчэ не скончыліся. Яшчэ нешта яму рыхтуеца. Нарэшце паліцэйскі кінуў свой дубчык і рашуча сеў на лаўку пад клёнам.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: