Шрифт:
Я. Тышкевіч зазначае, што вяселле прайшло праз некалькі гістарычных эпох, кожная з якіх пакідала свой след. Нават неспрактыкаваны чалавек можа адчуць і ўбачыць у ходзе вяселля шмат перажыткаў мінулага. У песнях прысутнічаюць назвы грошай, якія ўжо даўно выйшлі з ужытку: талеры, дукаты, шэлегі:
Верабей, дружка, верабей,
Па суметніку паскакаў,
Нагой шэлег выкапаў,
Сваю дзеўку выкупляў.
Трэба прызнаць, што Тышкевічаў варыянт запісу вяселля найбольш багаты і дакладны. У першай палове XIX стагоддзя яго яшчэ можна супаставіць з апісаннем А. Ф. Рыпінскага. Аднак розніца ўсё ж адчуваецца: Аляксандар Рыпінскі фальклорныя і этнаграфічныя назіранні ўзнаўляў для кнігі «Беларусь» (1840) у парыжскай эміграцыі, па памяці, а ў «Апісанні Барысаўскага павета» ўсе абрады, звычаі, песні ўзятыя з натуры. Не выключана, што Яўстах па некалькі разоў мог звяртацца да сваіх зямлячак-сялянак і дапаўняць ранейшыя запісы, што ніяк не выпадала рабіць А. Ф. Рыпінскаму.
Абрад вяселля на беларускіх землях, як і іншыя фальклорна-этнаграфічныя абрады, на працягу стагоддзяў ўплываў на выпрацоўку нацыянальнай самабытнасці, вылучаў беларусаў сярод суседніх народаў. Праўда, на гэты бок асаблівай увагі не звяртаецца, ды ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя пра гэта было яшчэ рана гаварыць. Для Я. Тышкевіча важней было прадэманстраваць шматколерную карціну саміх абрадаў і рытуалаў.
Па вядомых прычынах Я. Тышкевіч не змог апісаць вяселле на беларускай мове, хоць у іншым выпадку ён гэта зрабіў бы абавязкова. Падставамі для такога меркавання з'яўляюцца яго стаўленні да беларускай культуры, глыбокія яе веды і высокая ацэнка. І яшчэ адзін важкі аргумент на карысць такой гіпотэзы: Я. Тышкевіч кожную народную песню перадаваў без зменаў, захаваў асаблівасці беларускай мовы. Дарэчы, у Тышкевічавым апісанні вяселля застаўкі, дыялогі гучаць па-беларуску з захаваннем асаблівасцяў сінтаксісу.
Абмалёўваючы каларыт народных урачыстасцяў, Я. Тышкевіч заключае, што духоўнае жыццё беларускага селяніна вельмі часта не супадала з матэрыяльным. Беднасць краю, безумоўна, адбіваецца на ўзроўні духоўных запатрабаванняў, але ж «бяда і розуму вучыць», павазе да даўніны, якую «селянін сэрцам чуе». Жыхар вёскі сумленна з пакалення ў пакаленне ўшаноўвае памяць продкаў, іх духоўны скарб, які перадае ўнукам.
Вёска, як прызнае вучоны, дзякуючы пастаяннаму насельніцтву забяспечвала пераемнасць традыцый. Гэты комплекс выпрацаваных стагоддзямі каштоўнасцяў сфармаваў сам уклад жыцця («Так рабілі нашы бацькі і дзяды», — гаварылі ўсе на беларускім прасторы). Асабліва трывалымі гэтыя традыцыі былі ў эпоху феадалізму.
Адным з важных момантаў у вывучэнні народнай культуры з'яўляецца даследаванне абраду ўшанавання продкаў, або Дзядоў. Як сцвярджае Я. Тышкевіч, Дзяды на Барысаўшчыне называліся восеньскімі, стаўроўскімі, змітраўскімі, а таксама веснавымі, або Радаўніцай.
Абрад Дзядоў асенніх больш распаўсюджаны. Пры гэтым Тышкевіч спасылаецца на вядомую паэму А.Міцкевіча «Дзяды». У абрадзе выконваюцца і адпаведныя песні. Іх спяваюць каплан і паэт, так званы казляр, гусляр, таму і ўрачыстасць называецца «ўшанаваннем казла». У гэтых песнях услаўляліся адвага ў баях, а таксама традыцыі сямейнага жыцця, вартыя ўшанавання. Хоць тэкстаў саміх песняў Я. Тышкевіч не падае, але сам факт спеваў гусляра вельмі цікавы і, напэўна, належыць да больш старажытных абрадаў пахавальнай песнятворчасці беларусаў.
Даследчык дае больш падрабязнае апісанне змітраўскіх Дзядоў, якія праходзяць даволі стрымана. Страў на стол падаецца шмат, прычым няпарная колькасць. Запрашаюцца ўсе блізкія памерлых. Па традыцыі лічыцца, што і памерлыя сюды «запрошаны». Пасля ўсяго рытуалу госці гавораць: «Святыя дзяды! елі і пілі, ідзіце да сябе».
Радаўніца, або Дзяды веснавыя, бывае ў аўторак пасля правадной нядзелі. Я. Тышкевіч падкрэслівае, з якой павагай і цеплынёй людзі адносяцца да самога абрада ўшанавання продкаў, а сам гэты дзень становіцца святочным. На могілках збіраюцца пасля абеду, раскладаюць прынесеныя стравы, пафарбаваныя яйкі. Да памерлых звяртаюцца: «Святыя радзіцелі, хадзіце да нас есці, што Бог даў!» Да памінальных абрадаў Я. Тышкевіч аднёс і абрад прыкладзін, які заключаецца ў тым, што сваякі на магіле нябожчыка ўстанаўліваюць крыж ці камень з крыжам, адбываецца імша.
У апісанні як памінальных, так і калядных абрадаў Я. Тышкевіч быў калі не самы першы, то адзін з першых сярод беларускіх этнографаў і фалькларыстаў. Таму яго погляды, ацэнкі часта з'яўляюцца адпраўнымі для наступных пакаленняў даследчыкаў. «Каляды, — піша аўтар кнігі, - паводле разумення гісторыкаў, мабыць, назва боства даўніх славян». І хоць урачыстасць прыпадала на дзень нараджэння Ісуса Хрыста, усё ж ён лічыць, што вытокі калядавання трэба шукаць у часах язычніцкіх і тлумачыць гэта тым, што на Каляды забіваюць вепра, прыносяць ахвяру Калядзе («забіваюць Каляду»), а гэта напамінае прынашэнне пладоў зямлі на Куццю.
Услед за І.Храпавіцкім Я. Тышкевіч досыць падрабязна апісаў так званыя святыя вечары. Яны з'яўляюцца працягам тых абрадаў, пра якія пісалася вышэй, і па традыцыі праводзяцца ад Калядаў да свята трох каралёў (правадоў). З заходам сонца ніхто не прадзе, не шые, не шчапае нават лучыны… Усе ўстрымліваюцца ад усялякіх работ. Але для «грэшнікаў» было і выйсце: дастаткова было перасекчы прасла ў плоце, як гэтыя «грахі» адпадалі.
Даследчык не абышоў увагай і такое свята, як Вялікдзень. Даволі сціпла, адзначыўшы толькі асобныя моманты, ён напомніў, што перад Вялікаднем святар свянцае ў адкрытых кубельцах (лубках) «нястачу», якая называецца пасля гэтага свянцонкай і ўжываецца на свята. Абрус, на якім стаяла «нястача», летам бароніць ад граду, калі яго выкінуць на двор. Я. Тышкевіч апісаў практычна гадавы цыкл святаў, увесь земляробчы каляндар, не прамінуў ён Юр'е, Спас.
Асаблівая ўвага звернута ім на жніўны цыкл. Першым момантам з'яўляюцца зажынкі, якія радуюць і абнадзейваюць гаспадара ніўкі. Вока земляроба цешыцца з плёну свайго засеву. Я. Тышкевіч піша пра зажынкі снапка-»гаспадара», якога затым прыносяць у хату. Стаіць ён на куце аж да прачыстай, калі абмалочанае зерне свянцаецца, а частка ідзе на пасеў. Як піша даследчык, сама назва рытуальнага снапка «гаспадар» слушная, бо гэта хлеб, з якім звязваецца дабрабыт, парадак і згода {42} . Рытуал «пакрывання поля» датычыць толькі маладзіц, якія першы раз пасля замужжа выходзяць у поле жаць. Яны пакрываюць сноп кавалкам палатна, каб не было неўраджаяў.