Шрифт:
Апошнія два гады жыцця Я. Тышкевіча складваліся драматычна. Многае з задуманага не здзейснілася. Слабела здароўе. Усімі прызнаны вучоны — сябра Дацкага каралеўскага таварыства аматараў паўночных старажытнасцей, Стакгольмскай Каралеўскай акадэміі выяўлегічага мастацтва і старажытнасцей, Лонданскага археалагічнага інстытута, ганаровы сябра Пецярбургскай Акадэміі навук, — у апошнія гады ён адчуваў сябе забытым, ва ўсякім выпадку, ён сам так думаў.
Даўнія сябры не забываліся адведваць шчырага рупліўца навукі, нажаль, і яны старэлі, хварэлі ды адыходзілі ў нябыт. Маладзейшыя спадкаемцы памяталі пра свайго духоўнага настаўніка і імкнуліся на спатканне з ім (М. Кусцінскі, А. Ельскі, Т. Саподзька). Адведаў слабеючага дзядзьку Яўстаха пляменнік Аскар Тышкевіч, які ўжо падаваў надзеі ў археалогіі. Усіх шматвопытны вучоны арыентаваў на даследаванне беларускіх старажытнасцей.
Апошнія дні жыцця Я. Тышкевіч правёў пад апекай сястры. Пры ёй ён і памёр [6] .
Шмат людзей сабралася на пахаванне знакамітага чалавека, аддалі яго цела зямлі на прэстыжным месцы на Росах — на Літаратурнай горцы, поруч з яго аднадумцам Уладзіславам Сыракомлем. Спачатку былі вянкі, кветкі. Пазней на магіле клопатамі сястры Паўліны паставілі помнік з гербам «Ляліва». А неўзабаве ў друку з'явіліся некралогі, успаміны, словы памяці сяброў, калег. Усе сведчылі, што ў асобе Я. Тышкевіча навука страціла таленавітага даследчыка ў многіх галінах чалавеказнаўства, адзначалі, што грамадства страціла сапраўднага рыцара навукі.
6
Падаем упершыню тэкст асобна надрукаванага лістка з паведамленнем аб смерці вучонага: «Августа 13 дня (1873 года. — Г.К. і А.К.) скончался в г. Вильне, после продолжительной болезни, граф Евстафий Пиевич Тышкевич, камер-юнкер Двора его императорского величества. Сестра покойного с душевным прискорбием извещает родных и знакомых, что вынос тела последует 14 сего августа в 6 часов по полудни из дома Огинского, что на Большой улице, на кладбище Росса, а заупокойная литургия и погребение 16 августа в 11 ч. утра. (Печатать дозволяется. 13 августа 1873 г. Виленской полиции полковник Федоров.)»
Не ўсё ён паспеў апублікаваць, у рукапісах засталіся яго працы: «Зельнік барысаўскіх ваколіц», «Матэрыялы да нашай гісторыі», матэрыялы па археалогіі, збор гістарычных дакументаў і нават верш.
Вобраз Я. Тышкевіча застаўся на жывапісных палотнах, на гравюрах, медальёнах. Яшчэ ў 1850 годзе Рафал Слізень выканаў партрэт вучонага для медальёна. Потым над партрэтамі Я. Тышкевіча працавалі Л. Марачэўскі, А. Рагульскі, Л. Страус, Я. Дамель, У. Валькевіч і А. Пекжэт. Дарэчы, Люцыян Марачэўскі пасля смерці Я. Тышкевіча ў Пецярбургу адчаканіў медаль у яго памяць.
Я. Тышкевіч за сваё жыццё зрабіў вельмі шмат ў розных сферах народазнаўства: археалогіі, этнаграфіі, фалькларыстыцы, краязнаўстве, музеязнаўстве, мастацтвазнаўстве, ахове помнікаў, бібліятэчнай справе, тапаніміцы, мемуарыстыцы, народнай медыцыне, навуказнаўстве… Прыродай дадзены талент вучонага спалучаўся з выключнай працавітасцю і мэтанакіраванасцю. І калі ў нечым ён не паспеў давесці да канца задуманае, то гэта не яго віна. У рэшце рэшт, Я. Тышкевіч жыў у той час, калі толькі займаўся світанак беларускай навукі. І сёння як запавет чытаюцца словы сумленнага вучонага, сказаныя ім яшчэ ў маладыя гады: «Абавязак кожнага адукаванага і ўлюбёнага ў свой край чалавека старацца растлумачыць усё, што падпала пад сумненне і складае матэрыял для айчыннай гісторыі. Здагадвацца, шукаць, адкрываць, а адкрытае перадаваць людзям — значыць падаваць руку дапамогі тым, хто прысвяціў жыццё сваё і здароўе навукам для дабра грамадскага».