Шрифт:
Ды і цяпер у Менску жылі і працавалі цікавыя інтэлігентныя людзі — Ваньковічы, Кабылінскія, Кастравіцкія, аматары-калекцыянеры Люцыян Неслухоўскі і Міхаіл Гаўсман, а таксама тэатрал В. Дунін-Марцінкевіч. Словам, тут квітнела і набірала сілу новае і перспектыўнае на далейшы рост культурнае асяроддзе.
У 1845 годзе, калі Я. Тышкевіч дэманстраваў свае калекцыі ў «палацыку» сваяка Р. Тышкевіча, менскі губернатар А. В. Сямёнаў уключыў дасведчанага лагайчаніна ў склад часовай археаграфічнай камісіі па зборы і публікацыі даўніх актаў і прывілеяў, якія захоўваліся ў розных архівах і кляштарах Цэнтральнай Беларусі і мелі пэўнае навукова-гістарычнае значэнне. У гэтую рабочую групу ўвайшлі людзі, якія не мелі ніякага вопыту ў археаграфіі, далёкія ад навукі, а таму самым спрактыкаваным чалавекам сярод іх аказаўся Я. Тышкевіч.
На першым жа пасяджэнні камісіі, у якой бралі ўдзел Геласій — рэктар Менскай духоўнай семінарыі, Жукоўскі — былы рэктар Архангельскай гімназіі, а таксама чыноўнікі Маладзееў, Гласко, Масальскі, Я. Тышкевіч правёў сярод іх своеасаблівы археаграфічны «лікбез». Пры такой сітуацыі Я. Тышкевіч стаў «як бы галоўным рэдактарам выдання» {12} .
Аднак было б несправядліва выключаць з гэтага «гурту» імя менскага губернатара А. В. Сямёнава, які разумеў каштоўнасць выдання, сам любіў корпацца ў архіве, дзе не раз трапляліся яму цікавыя знаходкі. Пры яго садзейнічанні ажыццяўляўся аналагічны выпуск грамат і актаў у Вільні, калі ён там займаў пасаду губернатара.
Што гэта быў за чалавек, які ішоў на супрацоўніцтва з маладым вучоным Тышкевічам?
Аляксей Васільевіч Сямёнаў вучыўся ў Маскоўскім універсітэце. Калі пачалася вайна 1812 года, стаў апалчэнцам. Так ён звязаў свой лёс з ваеннай службай, але не цураўся і грамадскіх праблем. У маладыя гады востра рэагаваў на сацыяльныя праблемы Расеі і нават хінуўся да дзекабрыстаў. Ішоў час, і Сямёнаў апынуўся ў Беларусі. Відавочна, яго перавялі сюды ў сувязі з царскай акцыяй, скіраванай на расправу з паўстанцамі 1830–1831 гадоў. Тут ён паступова набіраў «апінію» ў вярхоўных улад — у кастрычніку 1840 года стаў цывільным віленскім губернатарам. Горад зрабіў на яго вялікае ўражанне сваёй старажытнай культурай. Губернатару захацелася спазнаць таямніцы гісторыі краю. Ён чытаў рэдкія кнігі, архіўныя манускрыпты і прыйшоў да высновы пра неабходнасць выдання зборнікаў дакументаў. Пад яго эгідай выйшаў у свет двухтомны «Збор старажытных грамат і актаў гарадоў Вільні, Коўна, Трок» (1843). Далучыліся да гэтай справы ўраджэнец Радашковіч выдавец Антон Марціноўскі і памочнік трыбунальнага архіварыуса В. Нарбут. Гэта А. В. Сямёнаў знайшоў у бібліятэцы Віленскай каталіцкай духоўнай акадэміі верш Яна Пашкевіча «Полска квитнет лациною» (1621 год) {13} , які зараз шырока вядомы нашаму літаратуразнаўству. Шмат добрых спраў А. В. Сямёнаў зрабіў і ў Менску пад час свайго новага губернатарства (1844–1850). Ён арганізаваў выданне «Збору старажытных грамат і актаў гарадоў Менскай губерні» (1848), паспрыяў адкрыццю ў Менску публічнай бібліятэкі, рэформе гарадскога тэатра. Зразумела, што ўсяго гэтага не мог не заўважыць Я. Тышкевіч. Ён вучыўся ў свайго мэтра арганізацыі справы, што яму асабліва прыдалося пры стварэнні Віленскага музея старажытнасцей.
Цікава, што мірскі археаграфічны зборнік па назве і па фармаце быў аналагічным віленскаму. Вось толькі тышкевічаўскі фаліянт саступаў папярэдняму каштоўнасцю саміх дакументаў, змешчаных у ім. Гэта і не дзіва, бо Менск да самай рэвалюцыі ніколі не выконваў вядучай ролі ў культурным жыцці Беларусі, а значыць, тут захоўваліся дакументы тэрытарыяльна не далей Менскай губерні. Нікім не засведчана, каб тут хто-небудзь мэтанакіравана вёў збор рукапісаў. У гэтай справе прыарытэт належаў Вільні.
Шырокая натура Яўстаха Тышкевіча імкнулася да многага: ён вёў археалагічныя раскопкі, запісваў фальклор, збіраў экспанаты для будучага музея, у тым ліку гістарычныя дакументы, старажытныя рукапісы, даследаваў этнаграфію, спрыяў ажыўленню культуры і асветы краю. Спагадлівы да чужога гора, Я. Тышкевіч заступаецца за выпускніка Харкаўскага ўніверсітэта Эмілія Паўлікоўскага, потым за невядомага нам Фелікса Магнушэўскага {14} , магчыма, пляменніка знакамітага аднафамільца — ксяндза, настаўніка Паўлюка Багрыма. Да сярэдзіны XIX стагоддзя Я. Тышкевіч сфармаваўся ў даволі вядомага дзеяча навукі і культуры. Асаблівае значэнне ён надаваў праблеме адкрыцця музея. Шмат дапамагаў яму яго старэйшы брат Канстанцін.
Як часта тады бывала ў беларускіх сем'ях, называючы сябе «ліцьвінамі», браты Тышкевічы разумелі пад гэтым сваю прыналежнасць да цэнтральнай і заходняй часткі Беларусі, якая фігуравала ў іх як «Літва» або «Руская Літва», і толькі Магілеўшчыну і ўсходнюю Віцебшчыну ды большую частку Смаленшчыны яны называлі Беларуссю, а жыхароў — беларусамі. Зразумела, яны, як і іх сучаснік У. Сыракомля, таксама «ліцьвін», не ведалі той мовы, якую мы ў канцы XX стагоддзя чуем у сучаснай Летуве. Ніколі нашы папярэднікі не чулі і назву Вільнюс, бо гэта для іх гучала б вельмі ненатуральна. Для той пары натуральнымі былі Вільня або Вільна. Братам Тышкевічам гэты горад бачыўся цэнтрам блізкага і роднага ім старажытнага крывіцкага племя, фактычна Беларусі. Напэўна, так гэта разумелі і ў Пецярбургу. Бо пасля звароту ў 1852 годзе братоў Тышкевічаў у паўночную сталіцу, як і меркавалася, імператарская адміністрацыя вызначыла нарэшце месца адкрыцця музея старажытнасцей — Вільню.
Між тым, не чакаючы афіцыйнага дазволу, Я. Тышкевіч раз-пораз едзе ў гэты горад, у свой арандаваны двухпавярховы «палацык». Сюды ён прывозіць некаторыя свае калекцыі з Лагойска, асабліва дарагую падборку прадметаў антыкварыяту і іншыя каштоўнасці з розных месцаў Беларусі, імкнучыся тым самым звярнуць увагу віленчукоў на падрыхтоўчы працэс па стварэнні музея. Знаходзячыся сярод дарагіх яму рэліквій, вучоны-энтузіяст часам забываў папалуднаваць ці павячэраць.
Яго сучасніца пісьменніца і мастачка Габрыэля Пузына (1815–1869) пісала, што Я. Тышкевіч «вёз з сабой усе памяткі даўніны як сваіх дарагіх крэўных, як Энэй сваіх багоў» {15} . Паводле яе слоў, археолаг ехаў у Вільню без упэўненасці, што ўлады калі-небудзь дадуць месца для яго скарбаў пад дахам універсітэцкага будынка, на які ён разлічваў. Завіхаўся чалавек, сам раскладваў свае археалагічныя знаходкі, па некалькі разоў іх перастаўляючы з месца на месца, каб кожны экспанат заняў адпаведную «ячэйку» паводле знакамітай «тэорыі трох эпох». Асцярожна браў у рукі посуд, старажытныя бярдышы, разглядаў медалі, пячаткі, сыгнеты, чытаў дакументы на пергаментах… Усё апісваў, рэгістраваў, нумараваў… Па словах той жа Г. Пузыны, у чорным фраку на фоне сваіх рэліквій ён нагадваў «індыйскага бажка», якога Гётэ «выбраў бы для свайго Фаўста».
У лісце да названай Г. Пузыны Я. Тышкевіч дзяліўся сваімі светлымі намерамі, каб гэтыя зборы пашыраліся і перараслі ў музей, вось бы толькі ніхто не перашкодзіў і дапамаглі б сябры-віленчукі, а што будзе залежаць ад яго, то ён гатоў на ўсё, каб толькі для ўсіх была агульная карысць.
Віленскі музей старажытнасцей
Пасля таго як дазвол на адкрыццё Віленскага музея старажытнасцей быў атрыманы, Я. Тышкевіч праводзіць сход актывістаў і прыхільнікаў краязнаўча-музейнай справы. На ім выбіраюцца кіраўнічыя органы, правадзейныя і ганаровыя сябры Віленскай археалагічнай камісіі, якія павінны былі ўзяць на сябе вялікі аб'ём работы ў падрыхтоўцы музея да адкрыцця. Пад музей была аддадзена старадаўняя ўніверсітэцкая зала Аўла, сама архітэктура якой адпавядала яе новаму прызначэнню. Дадатковым памяшканнем для захавання фондаў музея заставаўся і ранейшы дом, арандаваны ў Рафала Тышкевіча.
Браты Тышкевічы ўзяліся за справу: перавозілі з Лагойска свае археалагічныя калекцыі, кніжныя фаліянты, нумізматычныя зборы і інш. Спісваліся з сябрамі, агітавалі іх ахвяроўваць свае зборы музею. Абодва яны рабілі прыкідку будучай экспазіцыі, складалі яе план. Заўважыўшы, што фрэскі мастака Ф. Смуглевіча ў зале не будуць пасаваць па тэматыцы, запрасілі новых мастакоў, якія здымалі ранейшыя роспісы і рабілі новыя. У адпаведнасці з запланаванай экспазіцыяй на месцы майстраваліся подыумы і іншая мэбліроўка. Для яе выканання запрасілі выдатных сталяроў з-пад Менска. Перад уваходам у музей умацоўваліся гербы чатырох губерняў: Віленскай, Менскай, Гарадзенскай і Ковенскай — Вільня з'яўлялася цэнтрам генерал-губернатарства ўсёй гэтай тэрыторыі.