Шрифт:
Археалагічная камісія, якая працавала пры музеі, спрыяла падрыхтоўцы адкрыцця першай экспазіцыі. Амаль кожны з вучоных і актывістаў-краязнаўцаў лічыў за гонар дапамагчы сваім калегам у адказны момант нараджэння музея. Усіх іх гуртавала і аб'ядноўвала творчая і самаахвярная натура Я. Тышкевіча. Менавіта ён быў абраны старшынёй Віленскага музея старажытнасцей і Віленскай археалагічнай камісіі. Віцэ-старшынёй адзінагалосна зацвярджаюцца М. Балінскі, а вучоным сакратаром — М. Круповіч [4] .
4
Правадзейнымі сябрамі сталі Т. Нарбут, І.Крашэўскі, І.Ходзька, П. Кукальнік, А.Кіркор, М. Гусеў, А. Здановіч, І.Ярашэвіч, М. Гамаліцкі, дабрачынцамі музея — К. Тышкевіч, М. Тышкевіч, Р. Тышкевіч, Р. Тызенгаўз, М. Чапскі, А. Слізень, К. Вайніловіч, А. Скірмунт, К. Незабытоўскі і інш. Ганаровымі сябрамі абралі К. Снітку, А. Тышынскага, К.Цівінскага і інш., а сябрамі-супрацоўнікамі сталі І.Кулакоўскі, Т.Ліпінскі, А. Завадскі, А. Адамовіч і інш. Спіс гэты пазней папаўняўся. Кожнаму з іх выдаваўся дакумент сябра Археалагічнай камісіі, што дазваляла ім весці навукова-даследчыцкую працу, выязджаць у экспедыцыі, наведваць бібліятэкі і весці пошукі ў архівах.
У склад супрацоўнікаў будучага музея старажытнасцей запрашаліся кампетэнтныя людзі з веданнем мясцовай гісторыі, археалогіі, фальклору, архітэктуры, этнаграфіі, археаграфіі, літаратуры, мастацтва. На пасяджэннях камісіі Я. Тышкевіч вёў сябе даволі дэмакратычна, даючы слова ўсім, хто пажадае выступіць, цярпліва выслухоўваў усе крытычныя заўвагі. Ва ўсіх справах музея і камісіі ў яго першым дарадчыкам быў старэйшы брат Канстанцін. Апошні дапамагаў яму і грашыма, калі выдаткі на ўтрыманне музея ўзрасталі, асабліва на правядзенне экспедыцый.
Часта браты Тышкевічы бывалі ў Лагойску, дзе яшчэ жыў састарэлы бацька. Па дарозе дамоў праз Меднікі, Ашмяны, Маладэчна, Краснае яны не раз заязджалі ў Дзякшняны, што каля Радашковічаў, дзе іх ветліва сустракала стрыечная сястра Ядзвіга {16} , якая была замужам за Валадковічам. Тут стомленыя дарогай браты Тышкевічы заўсёды маглі адпачыць, а калі трэба, то і падладзіць брычку ці вазок. Сястра вельмі спрыяла ім у іхніх пошуках і разам са сваім мужам адорвала гасцей якой-небудзь музейнай знаходкай.
Віленскі музей старажытнасцей амаль штодня папаўняўся новымі матэрыяламі. Яны ішлі з розных куткоў Беларусі. Бярэм у рукі «Уліковы каталог прадметаў…» і пераконваемся ў тым энтузіязме, з якім ахвяравальнікі даравалі сямейныя рэліквіі. Геаграфія прысланых прадметаў вельмі шырокая: Менск, Магілеў, Віцебск, Ворша, Наваградак, Крэва, Ліда, Горадня, Пінск, Паставы, Браслаў…
Паводле інвентара Віленскага музея, тут значацца камень з выбітым крыжам з Менскай губерні, царкоўны паднос з адлюстраваннем крыжа. Адносіцца ён да 1638 года, знойдзены каля Радашковічаў. Сярод рэліквій ёсць і звон, які адшуканы ў вёсцы Навадніца Гарадзенскай губерні, з надпісам: «В лето 6000-е 9 сот 28-е создан бысть сей святой Троицы повелением раба Божего пана Шедибора Валимонтовича, а мастер Устьек», і нават надмагільны камень: «Во истину преставился Остафей Васильевич Тишкевич. 1558» з паметкай, што знойдзены гэты помнік ля старажытнай царквы ў Лагойску {17} . Сярод экспанатаў, што паступілі на адрас музея, былі слязніца ад Янкоўскага з Ігуменскага павета, пацеркі, бранзалеты, завушніцы з курганоў Лепельшчыны ад М. Кусцінскага, зноў пацеркі, толькі ўжо з Бельскага павета, ад нейкага Янушкевіча. Дзве пацеркі з сіняга шкла перадаў паэт У. Сыракомля, ён знайшоў іх на месцы раскопак старажытнага горада Кернова {18} . Вельмі цікавыя калекцыі пячатак займала ў музеі асобнае месца. Сярод гэтых рэліквій значацца пячаткі Куцеінскага манастыра, Супрасльскай лаўры, Забельскай дамініканскай гімназіі, Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі, Віцебскай гімназіі, вялікая колькасць знакаў нумізматыкі.
Сярод геаграфічных назваў у кнізе ўліку новых паступленняў значацца і маленькія Кушляны Ашмянскага павета. У ваколіцах гэтай мясцовасці шукаў для музея рэліквіі віленскі гімназіст Францішак Багушэвіч. Шаснаццацігадоваму юнаку трапіліся старажытныя акамянеласці, славянскі гадальнік, даўні крыжык і інш. Усё гэта ён прынёс ва ўніверсітэцкі будынак Аўла. Іх прыняў Маўрыкій Круповіч і Адам Кіркор. Не выключагіа, што там Францішак сустрэў і Я. Тышкевіча. Відаць, менавіта ад прызнанага паэта Ўладзіслава Сыракомлі будучы беларускі адраджэнец Ф. Багушэвіч атрымаў падзяку і запрашэнне на адкрыццё музея.
Была сярод музейных рэдкасцяў статуэтка з бронзы. Даставіў яе ў музей А.Кіркор і падпісаў пад экспанатам «Мільда» — багіня кахання. Другую статуэтку прывёз Я. Тышкевіч. Яе навуковую ацэнку зрабіў і Т. Нарбут. Яны абое прыйшлі да агульнай думкі, што гэта вандэлотка, г. зн. жрыца. Знаходкі ў музей паступалі самыя розныя: ад індыйскай статуэткі і кітайскага бажка да крэўскай пячаткі і польскага сыгнета. Сам Я. Тышкевіч ахвяраваў уласную бібліятэку з трох тысяч кніг, а таксама археалагічную калекцыю з дзвюх тысяч адзінак захавання. Вялікую колькасць экспанатаў са свайго лагойскага музея перадаў і брат Канстанцін. Пра першыя крокі музея пісала прэса, і гэта «падагравала» ў людзей цікавасць да новай навукова-культурнай установы. Ужо ў першыя два гады ў каталогу зарэгістравана было дзесяць тысяч музейных прадметаў. Гэта поспех! Нават наш сучаснік-калекцыянер, які ведае цану кожнаму здабытаму экспанату, не можа недаацэньваць стараннай працы далёкага папярэдніка. Перад Яўстахам Тышкевічам паўстала праблема, дзе ўсё гэта падзець. І хоць усе пакойчыкі былі запоўненыя, ніводнага прадмета не адаслалі назад. Уладальнік кожнага з іх атрымліваў падзяку і запрашэнне наведаць музей пасля яго адкрыцця. Праўда, разам з матэрыяламі беларускага паходжання трапляліся і «імпартныя», што, зразумела, нейкім чынам «размывала» самабытнасць, патрабавала ад супрацоўнікаў пільнай увагі, каб не зблытаць мясцовае з завезеным.
Штолета выпраўляліся экспедыцыі, каб папоўніць музей гістарычна важнымі матэрыяламі. Сярод сябраў Віленскай археалагічнай камісіі амаль нікога не было летувіскай нацыянальнасці, таму і даследаванні вяліся ў асноўным на тэрыторыі Беларусі. Нават у Ковенскай губерні абследавалася яе паўночна-ўсходняя частка, дзе жыло пераважна беларускае насельніцтва. З такіх рэгіёнаў, як Жамойція і Дзукія, матэрыялаў паступала вельмі і вельмі мала. Ішлі знаходкі з Віленскага павета, дзе летувісаў пражывала тады толькі каля двух адсоткаў, з Троцкага павета, дзе іх было некалькі больш. Прыкладна такой была тады і «расстаноўка» навуковых сіл у Вільні. Сам Я. Тышкевіч ды ўсе яго калегі лічылі гэта натуральным і пытанне аб «дыскрымінацыі» не ўзнікала.
У канцы года на пасяджэнні Віленскай археалагічнай камісіі кожная экспедыцыя рабіла сваю справаздачу, аформіўшы яе ў выглядзе рэфератыўнага даклада. Рэчавы матэрыял паступаў у музей, а самі рэфераты змяшчаліся ў «Записках Виленской Археологической комиссии», якія выходзілі штогод. У абмеркаванні вынікаў праведзеных экспедыцый удзельнічалі многія сябры камісіі, але найбольш чынны ўдзел браў Я. Тышкевіч. Ён жа даваў устаноўкі і на наступны год. Тут вучоны зыходзіў з уласнага вопыту, а таксама з дзейнасці падобных арганізацый іншых краін.