Шрифт:
Рэдка якая палітычная, ваенная ці рэлігійная акцыя заставалася па-за ўвагай Тышкевічаў. Адзін з іх — Януш — яшчэ ў XVII стагоддзі вызначыўся ў баталіях з туркамі пад Хоцінам, быў паранены, але поля бою не пакінуў. Удзельнік вайны 1812 года Тадэвуш Тышкевіч меў чын генерала. Тышкевічы ўплывалі на ход вядомай Таргавіцкай канфедэрацыі (1792), як выявілася, выгаднай расейскаму царызму, а таксама засядалі на сейме ў Горадні, удзельнічалі ў іншых палітычных акцыях.
Роду Тышкевічаў у розны час на тэрыторыі Беларусі належалі Валожын, Маладэчна, Доры, Косіна, Астрашыцкі Гарадок… У некаторых уладаннях захоўваліся музейныя калекцыі (Астрашыцкі Гарадок, Вялае, Красны Двор, Ізабеліна). Шмат адораных людзей даў беларускай зямлі род Тышкевічаў: сярод іх былі эканамісты, архітэктары, мемуарысты, інжынеры, музыкі… Самы ж прыкметны след у духоўным жыцці беларускага народа пакінула лагойская лінія Тышкевічаў, а найперш браты Яўстах і Кастусь.
Рэкордам даўгавечнасці ў гэтым родзе вызначыўся Піус Тышкевіч (1756–1858), бацька вучоных. Атрымаўшы добрае хатняе выхаванне і скончыўшы менскую школу, ён прысвяціў сябе гаспадарчай дзейнасці, умацаванню эканамічнай рэнтабельнасці свайго графства. Поруч з клопатамі эканамічнага парадку П. Тышкевіч шмат рабіў дзеля адраджэння і памнажэння культурнай спадчыны ў родавым Лагойску. Гаспадар графства працягваў пісаць сямейную хроніку, істотна папоўніў хатнюю мастацкую галерэю, а таксама і без таго немалую бібліятэку. Спраўна вёўся архіў графства. Адораны музычна, ён арганізоўваў своеасаблівыя камерныя канцэрты. Бацька вучоных гожа іграў на скрыпцы і нават мог даць сольны канцэрт на папулярнай тады нямецкай файцы.
На гэтым захапленні графа не канчаліся. Будучы аматарам мастацтва, Піус Тышкевіч часта браў у рукі разец і падоўгу карпеў над драўлянай балванкай, пакуль яго спрактыкаваныя рукі не наносілі апошнюю рыску. Гэта мог быць нейкі бажок або мядзведзік ці козачка, словам, цацка дзецям для пацехі. Акрамя таго, граф умеў адмыслова інкруставаць столік, зрабіць прыгожую рамку для карціны з хатняй галерэі.
П. Тышкевіч вёў сямейны дзённік. Дарэчы, гэта стане прыкладам для пераймання яго сынам Кастусю і Яўстаху. Дбаў гаспадар лагойскай рэзідэнцыі, каб хораша глядзеўся не толькі інтэр'ер палаца, але і наваколле. Даводзіў да ладу стары парк, абнаўляў яго, абстаўляў неабходнай атрыбутыкай. У самім жа палацы на сценах красаваліся партрэты некаторых найбольш прыкметных асоб з лагойскай дынастыі. Першая жонка Піуса Тышкевіча — Людвіка з Серакоўскіх — цяжка хварэла і памерла ў маладым веку ў 1803 годзе. Другой жонкай графа стала Аўгуста Плятар (1782–1834), якая паходзіла са знатнага нямецкага роду, што здаўна асеў у Падзвінні, была культурнай свецкай дамай, хавальніцай даўніх традыцый. Прыйшоўшы ў новы дом, яна і тут не страціла добрых манераў цудоўнай маці, жонкі, дарадчыцы. А. Тышкевіч-Плятар нарадзіла трох сыноў: Канстанціна, Фларыяна і Яўстаха, а таксама дачку Паўліну. Ёсць звесткі, што яна прывезла ў Лагойск частку краслаўскага кнігазбору агульным лікам у тры тысячы тамоў на польскай, старабеларускай, французскай, лацінскай і іншых мовах. Яна не забывалася пра радавод Плятараў, ранні продак якіх недзе ў сярэднія вякі перасяліўся сюды ці не з Баварыі. З часам яго нашчадкі засвоілі традыцыі насельнікаў Падзвіння, а ўжо пазней лічылі сябе тутэйшымі. Нягледзячы на клопаты па выхаванні дзяцей, Аўгуста падзяляла мужава, а пазней і сваіх сыноў Кастуся і Яўстаха захапленне мастацтвам, зборам антыкварыяту, рукапісных кніг, дакументаў гісторыі і г.д.
Словам, хатняя атмасфера для будучых вучоных Канстанціна і Яўстаха Тышкевічаў як нельга лепш адпавядала выхаванню ў іх пачуцця павагі да скарбаў агульначалавечай культуры. Не ўсё ў іх тут было толькі беларускае, мясцовае. Наадварот, у гаспадароў Лагойскага графства, як і ў іншых арыстакратычных сем'ях, за гонар лічылася мець у хатняй галерэі нешта экзатычнае, прывезенае здалёку, каб здзівіць гасцей.
Паводле слоў пісьменніка і краязнаўца П. Шпілеўскага, у Лагойску мелася дзвесце карцін італьянскага жывапісу. У хатняй калекцыі знаходзіўся вялікі збор этрускіх вазаў, рэдкіх знаходак з Пампеі і Геркуланума. Захоўвалася тут багатая калекцыя ў 1140 адзінак манет і медалёў. Як пісаў той жа Шпілеўскі, гонарам сямейнага музея з'яўляліся два мініяцюрныя партрэты легендарнага караля Стэфана Баторыя {1} . Былі тут і старадаўнія рукапісы, гістарычныя карты, на якіх можна было адшукаць Барысаўшчыну і Меншчыну са старажытным Лагойскам. У тышкевічаўскім палацы як сяменная рэліквія ганаровае месца займаў крыж, падараваны ў 1514 годзе вялікім князем літоўскім Жыгімонтам II Старым касцёлу ў мястэчку Гайна. У анфіладах хатняй экспазіцыі дэманстравалі Тышкевічы сваім гасцям падарункі і іншых знакамітых асоб даўняй беларускай дзяржавы, асабліва тых, хто воляй лёсу апынуўся ў Лагойску.
Акрамя гэтага госці маглі пабачыць старадаўнія кальчугі, латы, шчыты, бердышы, коп'і, мячы {2} . Сярод экспанатаў музея ў Лагойску немалое месца займала амуніцыя, якой карысталіся ў часе вайны 1812 года. З пашанай тут прымалі Плятараў, Ржэвускіх, Слізеняў, Дадэркаў, Кастравіцкіх, Ходзькаў, Прушынскіх, Яленскіх…
Маці Кастуся і Яўстаха Тышкевічаў памерла на 48-м годзе жыцця, у 1834 годзе. Зноў заўдавеў іх яшчэ моцны здароўем бацька, але больш не жаніўся. Невысокі, у даўгаватым жупане, заўсёды рухавы, гаваркі, з сівымі валасамі, што так упарта тырчалі на галаве вакол вялікай лысіны, ён чымсьці нагадваў старасвецкага манаха-кніжніка. Стары граф на схіле гадоў усё часцей садзіўся за рабочы стол, каб не ўпусціць чаго і весці працяг сямейнай хронікі. Дапамагаў сваім сынам у археалагічных раскопках, не раз быў саўдзельнікам добрых пачынанняў Кастуся і Яўстаха, асабліва калі старэйшы сын заклаў фабрыку льняных і баваўняных вырабаў. Бацька ж адразу адабраў для экспазіцыі першыя вытканыя паясы, сурвэткі, абрусы, ручнікі. Гэта быў 1837 год. Сваім падзвіжніцтвам, энергіяй і, галоўнае, умельствам патрыярх двара пакараў многіх. І вось выпадак, якога не ведала гісторыя Беларусі, - у стогадовым узросце П. Тышкевіч выбіраецца ганаровым сябрам Віленскай археалагічнай камісіі. Гэта было прызнанне заслуг і падзяка за ўсе старанні на доўгім шляху жыцця.
Ніколі не страціцца і не забудзецца імя яго сына, знакамітага археолага, этнографа, краязнаўца і фалькларыста Яўстаха Тышкевіча, які нарадзіўся ў Лагойску 6 (18) красавіка 1814 года.
Маленства будучага даследчыка беларускіх старажытнасцей прайшло ў цэнтры колішняга ўдзельнага княства. Бадай што кожная эпоха пакідала на гістарычнай памяці Лагойска свае зарубкі, і гэта вельмі захапляла малалетняга Яўсташку і крыху старэйшага яго брата Кастуся. Пра многае яны чулі з вуснаў свайго бацькі, на той час ці не галоўнага захавальніка мясцовай спадчыны. Расказы бацькі былі і першай школай гістарычнага выхавання. Сыны задавалі яму пытанні пра высокія земляныя валы, што па перыметры акаймоўвалі графскі двор.
…Вочы хлопца выхапілі сярод звычайных узвышшаў чароўныя ўзгоркі круглявай формы, калі ехаў з бацькам у Красны Двор.
— Што гэта?
— Курганы.
— Для чаго яны?
— Там людзі пахаваныя.
— Чаму не ў звычайных магілах?..
Пытанні, пытанні, пытанні… Не на ўсе і бацька мог адказаць, але пазней ён сам на іх знойдзе адказы, праяўляючы пры гэтым зайздросную настойлівасць. А пакуль што малы Яўсташка вучыўся ў Лагойску. Сябраваў са сваімі сялянскімі аднагодкамі, і дарога ад бацькавага палаца да хаты тутэйшага мужыка была для яго адкрытай. З гэтымі хлапчукамі ён не раз узнімаўся на Паненскую гару, адкуль добра праглядваюцца далёкія ваколіцы Лагойска. Найвесялейшым святам для хлопцаў было Купалле. Яго абрады нараджалі новыя пытанні. Чароўная Гайна з начнымі рытуальнымі вогнішчамі, з песнямі, скокамі, легендамі і паданнямі навучыла любіць і паважаць любы край, светлых розумам людзей, галасістых пяюх. Спакваля адбывалася духоўнае фармаванне будучых дзеячаў беларускай навукі.
Пасля пачатковай адукацыі Яўстах Тышкевіч у 1824 годзе адправіўся вучыцца ў гімназію ў Вільню, бліжэй да славутага ўніверсітэта. Трапіўшы ў сцены тутэйшых навучальных устаноў і на гулкія вуліцы старасвецкага эўрапейскага горада з вялікімі культурнымі традыцыямі, кожны тут нібы сталеў, набіраўся інтэлектуальнай культуры. Асаблівую патрэбу жыць і вучыцца ў гістарычнай Вільні мела моладзь, у якой былі задаткі да самавыяўлення. Тут сцвердзілі сябе ў навуцы і літаратуры такія дзеці зямлі беларускай, як Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Тамаш Зан, Адам Сузін… На жаль, у 1824 годзе іх ужо ў Вільні не было. Іх адправілі ў глыб Расеі, за тысячы вёрстаў ад дому, але як легенда жыла сярод моладзі памяць пра разагнанае ўладамі таварыства філаматаў і філарэтаў. Яго дух чараваў душы малодшых спадкаемцаў. Успаміналі, як філарэты збіраліся за горадам, спявалі беларускія песні, дэкламавалі вершы. У Вільні над юнаком з Лагойска апекаваўся, напэўна па пратэкцыі бацькоў, прафесар універсітэта Ян Вашкевіч. Рабіў уплыў на яго і прафесар гісторыі Казімір Асмольскі ды іншыя дасведчаныя людзі. Праз нейкі час Я. Тышкевіч спыняе вучобу ў Вільні і па невядомых нам прычынах пераводзіцца ў Менскую гімназію. І хоць сам Менск ніколі раней не быў цэнтрам навукі, але пра мясцовую гімназію гаварылі і пісалі з павагай як пра асяродак перадавой грамадска-дэмакратычнай думкі. Закончыў ён гэтую навучальную ўстанову ў 1831 годзе.