Акула Кастусь
Шрифт:
Вось чаму я быў крыху зьдзіўлены Мацукевічам, якому, паводле выгляду, пераскочыла трыццатка. Сумленнасьцю сьвяціліся ягоныя вочы, калі гаварыў пра намеры пайсьці на службу Богу, пра арганізацыю парафіі, якая-бы належала да Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы на чужыне.
Міхась Мацукевіч, сьціплы паляшук, не прасіў у нікога з нас помачы на навуку ці ўтрыманьне. Мы пажадалі яму посьпехаў у навуцы й прасілі, каб пасьля высьвячэньня на сьвятара, вярнуўся да нас у Таронта, каб будаваць новую парафію БАПЦ. Ён не абяцаў сьпяшацца, бо хацеў поўнасьцю й грунтоўна закончыць навуку дзеля таго, як мы дагадаліся, каб у будучыні мець дзьверы ў вышэйшы духоўны сан адчыненыя. Ён і запраўды за цэлы час навукі ў Вініпэзе не прасіў у нікога грашовай помачы, а ўжо пасьля высьвячэньня, працуючы на хлеб, як і кажны з нас, на таронцкім прадпрыемстве, сам і даўгі за навуку сплаціў.
Памятаю, што яшчэ падчас завязі беларускага нацыянальнага арганізаванага жыцьця ў Канадзе, калі ўжо выявілася першая актыўная група — Акула, Пітушка, Пашкевіч, — а пасьля далучыліся Валер'ян Навіцкі, Мікола Ганько й Алесь Грыцук, мы часта разважалі пра тое, што рабіць, каб ня даць беларускім "лягерным спорам" ці палітыканству перакінуцца сюды, за акіян. Якія-ж мы былі наіўныя!
Першым з таго-ж, лягернага, боку ня толькі дысанансам, але запраўды крылата-дынамічным палітруком зьявіўся тут ведамы інтрыгант Сяргей Зіняк-Хмара. Сустрэў я яго першы раз у доме старых у Тароньце, калі ён мізэрны й спацелы, мыў у падвале бялізну. У Нямеччыне ён залажыў "Сябрыну беларускіх сыботнікаў", каб пасьля атрымаць помач украінскіх сыботнікаў на пераезд у Канаду.
Колькі жыў я побач зь ім, ніколі ня бачыў, каб ён калі ў царкве перахрысьціўся. Мяркую, што ў Бога ён ня верыць, хоць нейкім чынам ажаніўся ізь сьвятаровай дачкой. Магчыма там быў утылітарны матыў: жонка працавала мэдсястрой у шпіталі й прыносіла дадому прыказачны хлеб, а Сяргеева працоўная кар'ера пачалася й скончылася ліфтам у мясцовым гатэлі…
Хмара пахваліўся мне некалі, што яшчэ ў польскай вязьніцы ён скончыў "камуністычны інстытут журналістыкі". А некалі Мікола Панькоў, што яшчэ ў абозе ў Нямеччыне залажыў Беларускую Бібліяграфічную Службу, ды зь якім мне давялося быць у заўсёдным кантакце, пісаў мне пра прыезд Зіняка ў Канаду. І было ў тым лісьце, — цяпер цытую з памяці, - нешта такое: "Пачакайце толькі, пакуль Хмара распусьціць крыльлі".
Чакаць на тыя Зіняковы крыльлі доўга не давялося. Неўзабаве мы спасьцераглі, што дзейнічае ён (дый цяпер так прадаўжае) мэтадамі бальшавіцкага вясковага агітатара. Некалі, як мы даведаліся, пісаў прымітыўныя вершы, дзе дамінавалі такія цацы высокага паэтычнага мысьленьня, як "астрог", "нагайка", "бізун", "краты" дый безьліч падобнай "змагарнай" вупражы. І псіхалёгія ягонага падыходу да нацыянальна-культурна-палітычнае працы была й асталася простаю. Вечны апазыцыянер усяго, ня ім арганізаванага, нязьменны правадыр хоць-бы й найменшай банальна-прымітыўнай групы… На родную мову, на яе шмагранна-вясёлкавае багацьце слоўнае, на яе правы й сынтакс можна напляваць. Побач зярна можа быць і якая хочаш мякіна, абы больш, абы спарней, абы барабаншчына наперадзе, абы ўсё ад яго. Бальшавіцкая амаральнасьць, затохлая дрыгва.
Чалавек із удушлівае атмасфэры нейкае бальшавіцкае ячэйкі апынуўся на шырокім сьвеце, дзе ўсюды адчыненыя дзьверы да сьвятыняў навукі, да самых скарбаў сусьветнае культуры. Іншыя пайшлі ў школы, ці ў бібліятэкі, ці наве на прыпадковыя курсы, каб прылажыць сьмяглыя вусны да чыстае крыніцы людзкой культуры, каб расьці, узбагаціцца ведамі, дый пакуль каго-небудзь і куды-небудзь весьц, самім вырасьці маральна й духова.
А гэты, як барабаніў недзе паза вязьнічнымі кратамі, ды пісаў пра "бізуны", "нагайкі" ды "вастрогі", так, — яму здавалася, — спасьцігнуўшы вяршкі журналістычнага майстэрства ў КІЖы, быў ужо настолькі падкованы практычнымі ведамі й жыцьцёвай сялянска-грамадоўскай філязофіяй, што — дальбог, людцы добрыя, — цэлы народ эмігранцкі браўся за сабой весьці.
Дзіва няма, што ў эмігранцкім асяродзьдзі, дзе няма ніякае дысцыпліны, а стымулом і кіраўніком усей тваей дзейнасьці ёсьць тваё духовае "я", Хмара, у выглядзе ўсіх сваіх, заложаных ім фікцыйных арганізацыяў, змабілізаваўшы сабе на помач можа тузіны тры псэўданімаў, "распусьціў крыльлі". Неўзабаве перакінуўся ён і на рэлігійную ніву. Зь яго аж плёхала-пералівалася ідэямі і праектамі. Неўзабаве яму пасьпяшыў на помач "патрыярх усяленскае кананічнае экуманальнае праваслаўнае-каталіцкае царквы" шарлятан Рыжы-Рыскі, паўстаў "навуковы інстытут Кастуся Каліноўскага", а пасьля, калі не памыляюся, "інстытут Афрасіньні Полацкае", дый іншыя дзівы. А на месцы-ж, апроч розных саюзаў "вольных пісьменьнікаў і журналістаў", надзвычайных "ускалосьсяў" — і ўсіх сяброў тых Хмаравых шыльдаў можан было на пальцах двух ног пералічыць, — паўстала й завязь беларускае праваслаўнае парафіі насамперш з вышэйзгаданым Мігаём, а пасьля Сагайдакіўскім. Пасьля гэна парафія паехала "з Варагаў у Грэкі" й пачала зьзяць сваімі канонамі побач іншых такіх-жа "адзінакананічных" праваслаўныц, якім пачатак даў, пасьля таго як нашы япіскапы здрадзілі БАПЦ й далучыліся да расейскага зарубежжа, сам Радаслаў…
Выдатна скончыўшы навуку ў Вініпэгу, айцец Міхась Мацукевіч вярнуўся ў Таронта. Гэтта неўзабаве паўстала парафія БАПЦ й пачалі маліцца ў новакупленым доме на 1000 Дандэс Вэст вуліцы, а за чатыры гады перабраліся ў цяперашні, куды большы будынак Беларускага Рэлігійна-Грамадзкага Цэнтру на Сан Клеранс вуліцы.
Доўгія гады айцец Мацукевіч працаваў на складзе пасуды й ад парафіі Сьвятога Кірылы Тураўскага не атрымліваў за сваю працу ніякае ўзнагароды. Чалавек высокае маралі, вялікага гарту, каторы перанёс шмат ліхалецьця ў апошнюю вайну, як запраўдны слуга Божы, ён поўнасьцю прысьвяціўся рэлігійнай працы.
На працягу гадоў мне давялося адведаць амаль усе асяродкі нашае эміграцыі, бываць у праваслаўных і каталіцкіх беларускіх сьвятынях, слухаць малітвы й пропаведзі розных сьвятароў. І магу з абсалютным перакананьнем сказаць, што айцец Мацукевіч, а сяньня першы ярарх БАПЦ, па шчырасьці сваіх малітваў да Бога стаіць на адным із самых перадавых месцаў. Чалавек высокай годнасьці й беззаганнае духовае чысьціні, ён нідзе так, як у эмацыянальна-насычанай малітве вёў і вядзе цябе перад аблічча Бога. У іншых сьвятароў бывае нешта падобнае, адылі ня тое. Чуеш нейкую дозу акторства, штучнасьці; ня тое, што ў архіяпіскапа Мікалая. У эмоцыі голаснай малітвы пры аўтары ёсьць свая веліч і яна, як ведама, ёсьць двух родаў: адна нагадвае тое, што чуеш із тэатральнае сцэны, іншая-ж ідзе з глыбіні сэрца, ад душы. Гэткае вось, апошняе, я заўсёды чуў і адчуваў, цешачыся, у малітвах архіяпіскапа Мікалая.