Акула Кастусь
Шрифт:
Навучаны горкай жыцьцёвай практыкай, часта сваім найбольшым ворагам уважаю эмоцыі. Таму падтрымоўваю калішні жартаўлівы дэвіз Саюзу Беларускае Моладзі:
Вось яно! А што, як ня зможаш?
І тады, падчас візыты Ганькоў, я стараўся ўтрымаць раўнавагу. Але баяўся, прадчуваў, ведаў, што галоўнае яшчэ наперадзе, што нейкая эмацыянальная халера дзесьці гэтта побач трымае за пазухай камень. Ужо пазьней, пад вечар, гатовы да нейкага выбуху, пайшоў я й купіў пляшку Парл брэнды. Пастанавіў добра выпіць, а пасьля паразважаць.
Аказалася, што ўладыка Мікалай "некуды змыўся". Магчыма, што яшчэ не дабраўся да манастыра, але нам няведама куды падзеўся. На скорую руку назначылі сход актыву раніцай у нядзелю ў залі Беларускага Рэлігійна-Грамадзкага Цэнтру.
Таронта — вынятак між паўночна-амэрыканскіх гарадоў — горад уночы бясьпечны. Я часта хадзіў па ім начамі, да трэцяй гадзіны ці да золаку, каб разьвеяць ці зарганізаваць думкі, ды каб целу лягчэй было. І ў тую ноч, вывудзіўшы прынамся паўпляшкі Парл брэнды, я валачыўся па "каханым горадзе" праз усе пеўні. І разважаў. І думаў, і мяркаваў, і браў з доказамі ад адваротнага. І заўсёды вяртаўся ў тупік тых самых пытаньняў: Як ён такое мог зрабіць? Так шмат гадоў разам працавалі… Няўжо мы не заслужылі таго, каб з намі параіўся? А можа нейкі выхад знайшлі-бы? Гэта-ж уцёк генэрал з поля бою, царкву злачынцам аддаў. Безь япіскапа ня можа існаваць праваслаўная парафія. Як ён мог?!
Парл брэнды задурманіла галаву. Дзе тут які адказ знойдзеш! На пустых вуліцах Таронта ў гэну раньнюю нядзельную гадзіну пабачыш часам паліцыйнае аўта, ці за вуглом дзе злодзея. І мяне — аднаго мажнога, у чорным плашчы й шэрым брылі мужчыну, каторы ня гледзячы на Парл брэнды, рухаўся раўнамерным крокам, А ў галаве адно й тое… А калі й запраўды спасаваць? Калі й запраўды той, што за тры дні "выседзіў", ня вернецца? Тады што?
"Аятолы" перамаглі. Бачу дурнаватую ўхмылку на твары Бруцкага, калі ў нашу царкву прыедзе. Таго самага нікчэмніка каторы некалі публічна слказаў абаронцам БАПЦ:
— Я вас усіх перад сабой на калені пастаўлю!
На табе: плён колькіх дзесяцігодзьдзяў працы. На пасадзе сьвятыні тваей сядзіць маральны абібок.
А калі ім не падпарадкавацца? Развальваць царкву? У чужую юрысдыкцыю ісьці?
Прыгадваю тую нядзельную раніцу, калі мы сабраліся ў БРГЦ і доўга дыскутавалі. На твары Хмаравага даношчыка ды неўзабаве ўжо нашага яўнага ворага Пятра Шышкі была вясёлая ўсьмешка. Ён-жа задэкляраваў сябе яўным ворагам на перадсудовым праслуханьні ў Тароньце. У яго навет і ня пыталіся пра гэта, але сам пасьпяшыў асьветчыць сьвецкай ўладзе, што быццам Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквой… кіруюць такія нацысты, як Станіслаў Станкевіч… Відаць, што гадзюка даўно нарыхтавалася сваё джала ў нашу мякаць уваткнуць…
І прыгадваю жартаўлівую вульгаршчыну старшыні ЗБК. Яно можна было паклікаць на помач цынізм і непахрысьціянску "хворае із здаровым" зваліць на чалавека, каторы паставіў нас перад фактам дакананым. А мы, "авечкі бяз пастыра", чакалі нападу ваўкоў.
У наступныя дні праясьнілася. Пад узьдзеяньнем нашых добрых людзей, арх. Мікалай апамятаўся ды паехаў на суд у Ню Брансвік. На тым ключовым судзе, галоўна дзякуючы арх. Мікалаю й судзьдзі Когэну. "аятолы" пацярпелі апаразу. Казалі людзі, што такому паварору справы памог выдатна сам Бруцкі. Ён прыйходзіў на судовыя паседжаньні, сядаў у першы рад, закладаў адну нагу на другую ды трымаў ідыёцкую міну. Судзьдзя гэта спасьцярог.
Уладыка Мікалай ніколі нам ня выясьніў, чаму ён тое за тры дні "выседзіў". Дагадваемся, што так хацеў ратаваць БАПЦ. Пэўне-ж, ён у цішы ночы ці ў іншы час сам спавядаўся перад Богам. Напэўна думаў пра сваю вялікую слабасьць, што побач моцы існуе. Магчыма згадваў сьвятых апосталаў падчас цярпеньняў Хрыстовых.
Ці-ж дзіва, што чалавек больш падкі да малітвы, чымся да зямных інтрыгаў прымітыўных людзей, налезшы на патарчаку-выварацень, упаў у цемры?
Кагадзе адзін вернік, пішачы ў "Царкоўныя Навіны", сьмела параўновываў арх. Мікалая да Апанаса, Ігумена Берасьцейскага. Адно пэўнае, што перад архіпастырам Мікалаем цярністы шлях.