Вход/Регистрация
Я з вогненнай вёскі...
вернуться

Калеснік Уладзімір

Шрифт:

Стралялі, стралялі. Пастралялі, а тады ўжо рагочуць:

— Рус свіння капут!..

I яшчэ пастраляюць, нагамі варсаюць.

Ну, я і ляжу так. Як паляцела, так во і ляжу. А кроў жа: паразрывала ж усё…

Потым пайшлі яны ў другі сарай, што ўпоперак… Пайшлі, яшчэ там рагочуць, страляюць усё там, гергечуць.

Ідуць сюды! Што тут рабіць? Падымуся!.. Як падымуся, дык кроў цюрчыць адусюль… Ну, ізноў лягу туды. Ляжу. Ну, яны так прыйшлі, яшчэ хто стогне — павялі вочарадзь цераз нас і пайшлі. Хляп, хляп — вароты пазачынялі і пайшлі ў школу…»

Маладыя скульптары таксама чулі расказ Ганны Патапейкі і расказы іншых ацалелых жанчын пра трагічны лёс дзяцей з Брыцалавіч — жудасныя расказы… Але выбралі з іх адзін. Пра хлопчыка, які — у студзені 1943 года, калі тут карнікі распраўляліся з мірнымі жыхарамі, — вырваўся з адрыны, дзе гарэлі людзі, і пабег па ўзгорку. Ды там і застаўся, там яго дагнала куля…

А мастак увекавечыў хлопчыка — застылым у трагічным недаўменні…

Аўтар помніка мог чуць і расказ Уліты Альховік — расказ несамавіты, што нават спакушае на містычную трактоўку падзей. Непрытомная ад жаху, цяжка параненая жанчына ўбачыла ноччу такое:

«…Во тут куча людзей ляжала, — кажа Уліта Кандратаўна, — во, поўны двор жа ж, уся ж дзерэўня ляжала. I на дварэ і ў сараі. I апусціўся вот еты месяц — нізенька, нізенька. I стаіць на месяцы чалавек. У шалашы [27] белым… Не то што нехта мне так казаў — я сама з сарая відзела гэта. Праз шчэлку. I рамянём падпяразаны, шапка зімовая і ў ботах. На етым месяцы стаіць. Над бітымі…

Я тады вельмі расцерана была. Не ведала, дзе мне дзецца. Дзве дочкі расстраляныя, мужа расстралялі, а два хлопчыкі — не ведаю, дзе яны…

27

У халаце.

На месячыку стаяў… На самым месячыку. А нізенька вельмі круг апусціўся!.. А ён на месяцы стаіць!.. Вот проста так абыкнавенны чалавек, рамянём падпяразаны, белы шалаш на ём і штанэ чорныя, у ботах і шапка зімовая…

Я трое сутак сядзела ў сараі з бітымі. Ну, усё роўна што бітых людзей сцерагла. На кожным вугле страж стаяў. Абойдзе во так кругом сарая і во так вуха прыкладзе ды гэта слухае, ці дышуць людзі… А там мо хто і жывы быў, дык ужо дайшоў. Я каб яшчэ адны суткі пасядзела, дык ад воздуху зайшлася б. Ужо так асмягла, піць — трое сутак не піўшы…

А яны з дзярэўні ўсё вывозілі на машынах. Я праз шчэлку ўсё бачыла. I бруднае бяллё, і чыстае, дзе што аставалася ў хатах…

Ну, а тады ўжо яны, бачу я, збіраюцца ехаць — ужо аблеялі сарай бензінам, запалілі. I тады неяк прачыніліся вароты… Дык я думаю: «Як ужо мне кіпець у гэтым агні, дык я выйду на двор, няхай у плечы страляюць». Яны сюды-туды па дварэ, а я так во цераз агарод — і пайшла! Я тады ўздумала, што кажуць:

«Калі цябе спасцігне такое няшчасце — ідзі і не аглядайся!..» Дык, ведаеце, я во так спіной да іх, так во, у лес дайшла, не аглядалася. А яны на дварэ яшчэ сюды-туды бегаюць.

Ну, там ужо прыйшла я ў лес. Рука паранена, дык скамячыла палец гэта, пацягну — не адрываецца… А там партызаны ўжо. Доктар зрабіла мне перавязку…» (Плача.)

Расказы ацалелых пакутнікаў з незвычайнай сілай выяўляюць жахлівую неўразумеласць злачынстваў, якія абрынуліся на мірную вёску.

Яшчэ раз вернемся да расказу Ганны Патапейка.

«…Ну, і як паехалі яны, фашысты, на парцізанаў ды як зайшлі ў зямлянку — іх узарвала. Чалавек мо дзесяць… Ну, як узарвала іх на тых мінах, дык яны вярнуліся ды акружылі наша сяло… Ужо не глядзелі ні дзяцей, ні старых, усіх, усіх сагналі нас. Вот сюда, дзе гэты памятнік, у сарай нас сагналі. Калгасны быў сарай, вялікі… Гэта ўвечара было, калі зганялі, дзень малы, дык увечара. Зганялі нас, а мароз, мароз! Сільны! Якраз жа Каляды былі, самы сільны мароз быў, і снег быў балыны. Уцякаць — дык вельмі ж трудна ўцячы. Прама снег такі, як увойдзеш, дык і ног не зменіш.

Сядзім, сядзім, назаўтра ўжо. Віднее…

— Ну, што, — гавораць, — ну, што будзе? Нешта ж не пушчаюць нас. Ну, — гавораць, — гэта будуць выганяць кароў ды ўсё сабе забіраць: куры, каровы, а тых ужо будуць гнаць, маладзёж, дык нас не выпушчаюць, штоб не плакалі маткі, ды ўсё там…

Гэта мы так рашаем.

Ну, і сядзім, пазіраем у вокны… Ну, так часоў у два — ідуць. Ідуць, ну, слава богу, будуць нас выпушчаць! Ідуць, іх многа ідзе, і начальства ўжо, бачым, ідзе. Ну, пушчаць будуць. Э-э-э, як толькі адчынілі сарай — «Ідом, ідом на вуліцу!..» Выйшлі на вуліцу, яны нас завярнулі туды на шлях. Ну, як завярнулі на шлях, ужо мы панялі: што-та ўжо зробяць нешта. Ужо сталі бабы плакаць, крычаць ужо…

Загналі туды, дык ужо бачым: і шапкі ляжаць, і сумкі тыя — нашых мужчын… Тады ўжо мы панялі, што будуць і нас… Што-та зробяць: запаляць ці расстраляюць. Ужо ў вокны паўстаўлялі кулямёты, у кожнае акно.

…Сталі яны ў акно стукацца:

— Дайце нам чалавека.

Яны ўжо так парасстралялі, што хазяйка была, варыла ім есці, дык і тую… I нямашака каму варыць ім есці. Жанчына там з намі была, па-нямецку гаварыла. Выйшла яна з дзіцём, дык яны за рабёнка — выкінулі, а яе павялі.

I тады сталі вадзіць. Чалавек па дваццаць — страляць».

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 119
  • 120
  • 121
  • 122
  • 123
  • 124
  • 125
  • 126
  • 127
  • 128
  • 129
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: