Калеснік Уладзімір
Шрифт:
Калі заглыбіцца ў тутэйшую баравіну, дык адчуеш сябе як бы ў сярэдзіне гіганцкага аргана, дзе сярэбраныя трубкі — ствалы соснаў, аброслыя мяккім, сівым лішайнікам. Серабрацца камлі над сакавітай зелянінай ягадніку, а вышэй чалавечага росту срэбра пераходзіць у мядзяную чырвань. Над усім вісне цёмнае скляпенне густых кронаў. Здаецца, краса, бяспека і ўтульнасць назаўжды сышліся ў гэтых цудоўных барочках.
У чэрвені 1944 года сюды набліжаўся фронт, ішла блакада. Дальвінцы, папярэджаныя партызанамі, сышлі з вёскі ў лес. Карнікі, выйграўшы бой на шашы, хлынулі ў партызанскую зону.
Пра гэта нам расказвае Мікалай Пятровіч Гірыловіч, адзіны ацалелы жыхар Дальвы, сёння радыёінжынер, а ў тыя дні вясковы хлапчук.
«…Нанач спыняліся, акопваліся, а днём ішлі зноў прачэсваць лес.
Раніцаю бацька павёў пасвіць каня, кіламетры два ад вёскі. Маці разбудзіла мяне падмяніць яго, нават і правяла туды. Бацька з маткай пайшлі дамоў. Я пасу каня, а праз некаторы час пачуліся стрэлы і выбухі — там, у вёсцы. Я спярша ўзяўся распутваць каня, ён быў спутаны жалезным путам, — дык правазіўся некаторы час, а потым кінуў і без каня пабег у вёску. I ўбачыў я — дагарае дом Васіля Кухаронка. Па жыце я пабег у свой дом, а гітлераўцы ўжо садзіліся на машыны і ад'язджалі ў кірунку Жардзяжоў. Я ўбег у хату. Як толькі пераступіў парог — пасцелі раскіданы, лыжкі ляжаць на стале раскладзены… Мне стала страшна. Я падняў крык, стаў клікаць бацьку і маці, але ніхто не адклікаўся. Я пабег да таго дома, які гарэў. Агонь перакінуўся ўжо на другія хаты. Я бегаў вакол, крычаў, клікаў на падмогу, але — нідзе нікога. Цішыня. Толькі трэск агню…
Я тады пабег назад туды, да каня, распутаў яго і прыехаў верхам у вёску. Выгарала амаль уся Дальва, толькі там, дзе стаялі ліпы, упыніўся агонь. ІІаглядзеў я — нідзе нікога, і павярнуў у летнюю стаянку, у тую схованку. Там застаў аднаго чалавека з Крутой Гары. Той спалохаўся мяне, але потым я аклікнуў яго, аказваецца, ён з Плешчаніц уцёк ад немцаў. Мы з ім пераначавалі ў зямлянцы, а назаўтра пайшлі ў вёску Становішча. Я знайшоў там сваякоў, і з гэтымі сваякамі мы прыйшлі ў Дальву. Тады я пабачыў, што сапраўды спалілі ўсіх людзей. Пабачыў спаленых…»
Гэта было роўна за дзесяць дзён да вызвалення. Ужо з дапамогай савецкіх салдат жыхары суседніх сёл раскапалі жахлівае папялішча Кухаронкавай хаты і знайшлі ў склепе пад хатаю і пад друзам печы трупы, а на папялішчы косці сарака чатырох жыхароў Дальвы. Тут быў і даваенны старшыня калгаса Пётр Гірыловіч з жонкаю, бацька ацалелага трынаццацігадовага Колі.
Брацкую магілу тады наспех абгарадзілі жэрдкамі, пасля вайны Прусевіцкі сельсавет паставіў жалезную агароджу, саўгас — абеліск. А цяпер, у чэрвені 1973 года, мы пабачылі, як ставіўся новы помнік.
На шырокай паляне, дзе некалі была Дальва, над зялёным, ціхім наваколлем узвысілася постаць Маці з дзіцем.
Удумліва, засяроджана працуе аўтар мемарыяла, скульптар Уладзімір Церабун, студэнт-выпускнік Мінскага тэатральна-мастацкага інстытута. Дапамагаюць яму дзевяцікласнік з недалёкага адгэтуль Аколава Толя Янкоўскі і Мікалай Гірыловіч, які на выхадны прыехаў з Мінска.
Мікалай Пятровіч расказвае, што ініцыятары пабудовы помніка — камсамольцы Аколаўскай школы і Беларускага дзяржаўнага камітэта па радыёвяшчанні і тэлебачанні, дзе працуе і ён, Гірыловіч. Сродкі на помнік збіраў Лагойскі райком камсамола. Свой уклад у гэтае будаўніцтва прыслалі нават школьнікі Саратава, якім давялося быць тут на экскурсіі.
Аўтар помніка, сціплы і негаваркі смаргонскі юнак, растлумачвае, што вобраз Маці не мае прататыпаў. Пазней, успамінаючы гэтую размову, мы шкадавалі, што малады скулыітар не сустрэў на сваім шляху цёткі Філімені Цвірка са спаленай вёскі Старэва на Случчыне. Высокая, з мужным і адкрытым позіркам праўдалюба, яна выглядала як жывы помнік, калі не галасіла, а на былінны лад славіла былых старэўцаў:
— А колькі мы тут партызан папакармілі, ды колькі мы ў разведку папахадзілі. Мы ж раней самыя вострыя беднякі былі, ды мы ж самы першы ўстанавілі калгас, нашу савецкую ўладу. Ды было ж нам ужо і жыць добра. Ды зглуміў жа тут адзін у трыццаць сёмым годзе мужыкоў нашых. А сыны іхнія, дзеці нашы, колькі ў партызанах папахадзілі, ды колькі ж іх, смелых, пагінула…
Цётка Філіменя гутарку вяла пра тое, каб паставіць харошы помнік на магілках партызан і жыхароў Старэва. I не здагадвалася, што ў гэты момант сама падыходзіла на галоўную фігуру, прататып для гэтага помніка.
Масавыя трагедыі абавязваюць да масавага народнага ўдзелу ў асэнсаванні і захаванні іх памяці.
Прыгадваецца літоўская вёсачка Аблінга. Дальва — адна з самых апошніх савецкіх вёсак, знішчаных ужо разбітым, адступаючым ворагам. Аблінга была адным з першых савецкіх паселішч, жыхары якой палі ад рук фашысцкіх катаў. Гэта здарылася на другі дзень вайны, 23 чэрвеня 1941 года. Партызан тут яшчэ, вядома ж, не было.
На старонках кнігі, напісанай заходненямсцкімі вайсковымі спецыялістамі ў пачатку 50-х гадоў, пануе ўсё той жа фашысцкі міф: «Дзеянні партызан былі прычынай таго, што першапачатковая мяккасць немцаў замянілася нянавісцю». У Аблінзе не было партызан — туды прыйшла фашысцкая нянавісць. Быў бой перад абедам 22 чэрвеня, трымалі яго з немцамі рэгулярныя войскі — пагранічнікі і чырвонаармейцы. Але ў захопнікаў была версія пра віноўнікаў-партызан, загадзя змайстраваная на фашысцкіх фабрыках ідэалагічнай хлусні. «Для іншых, за граніцу, — давяральна гаварыў сваім падручным Гебельс, — наша прапаганда павінна моцна падкрэсліваць, што Германія хоча мірнага ўрэгулявання ўсіх існуючых праблем… Віну за тое, што мірным шляхам гэтага не ўдалося дасягнуць, трэба спрытна звальваць на тых, хто супраціўляецца справядлівым патрабаванням Германіі».